Месяц за кратамі: што вядома цяпер пра трох зняволеных «вясноўцаў»
Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Уладзімір Лабковіч утрымліваюцца ў СІЗА-1.
Уладзімір Лабковіч, Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч. Калаж: svaboda.org
Старшыня пазбаўленага ўладамі рэгістрацыі праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі, намеснік старшыні Валянцін Стэфановіч і юрыст Уладзімір Лабковіч былі затрыманыя 14 ліпеня, разам з імі затрымалі яшчэ восем праваабаронцаў.
Затрыманні праводзіліся ў межах крымінальнай справы па ч.1 і 2 арт. 342 (арганізацыя і фінансаванне групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса (ухіленне ад выплаты падаткаў).
Палітзняволеныя праваабаронцы Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Уладзімір Лабковіч застаюцца ў засценках следчага ізалятару №1 па гэты дзень. Сайт «Вясны» расказвае, што вядома цяпер пра зняволеных калегаў.
Што вядома сёння пра палітзняволеных вясноўцаў?
Адвакаты праваабаронцаў знаходзяцца пад падпіскамі аб неразгалошванні, таму яны не могуць распавесці абставіны справы. Сутнасць прэтэнзій уладаў праваабаронцам незразумелая да гэтага часу, следства ўсімі спосабамі хаваюць ад грамадства. За гэты месяц родныя Алеся, Валянціна і Уладзя атрымалі толькі некалькі лістоў ад іх. Інфармацыі пра нашых калегаў амаль няма.
Як распавяла Наталля Пінчук, жонка Алеся Бяляцкага, за ўвесь час яна атрымала ад яго толькі тры лісты пад нумарамі адзін, тры і шэсць. Цяпер яна не атрымлівала ад яго вестак ужо паўтары тыдні. Як адзначае Наталля, гэта вельмі непадобна да Алеся, бо падчас зняволення ў 2011-2014 ён дасылаў шмат лістоў. Алесь вельмі любіць пісаць.
Таксама Наталля не ведае, як і пры якіх умовах затрымалі Алеся 14 ліпеня. У тую раніцу яны былі не разам. Наталля дакладна не ведае, што забралі пры ператрусе з іх кватэры, бо сілавікі нават не пакінулі пастанову на ператрус. Вядома, што забралі архіў «Вясны» за 1998 год.
15 ліпеня ў судзе Партызанскага раёна Мінска ў закрытым рэжыме была разгледжаная скарга абаронцы Алеся Бяляцкага на пастанову аб прымяненні меры стрымання ў выглядзе заключэння пад варту. Суддзя Міхаіл Макарэвіч не задаволіў скаргу.
Жонка Валянціна Стэфановіча Аліна атрымала ад мужа толькі адзін ліст. Мы распавядалі пра яго. У ім Валянцін напісаў, што «настройваецца на вельмі доўгую разлуку са свабодным светам, але ўсё адно спадзяецца на лепшае».
Самая складаная сітуацыя з карэспандэнцыяй у Уладзіміра Лабковіча: родныя атрымалі толькі па аднаму лісту ад яго. А вось Уладзь ад іх не атрымлівае вестак. Піша, што трымаецца «нармальна», наколькі гэта магчыма ў гэтай сітуацыі.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное