«Месяцы да інаўгурацыі будуць вельмі няпростымі»

Навумчык і Цыганкоў – пра перамогу Трампа.

«Цябе ўсе любяць, пакуль ты маўчыш і ўсім усьміхаешся»

– Дазволю сабе некалькі небанальных (па магчымасьці) думак, – піша журналіст Віталь Цыганкоў.

1. Тое, што Трамп (як выглядае на цяперашні момант) выйграў і popular vote, то бок набраў больш галасоў у цэлым па краіне – гэта ўражвае. Нагадаю, у 2016-м, калі ён стаў прэзідэнтам, Хілары Клінтан набрала на некалькі мільёнаў больш. Так што рэспубліканскі кандыдат выйграў popular vote упершыню з 2004 года.

2. У многіх штатах і ў цэлым па ЗША фіксуецца рэкордная падтрымка Трампа з боку лацінас. Іх, як шчырых каталікоў, відавочна раздражняла «прагрэсісцкая» павестачка дэмакратаў. Напрыклад, Фларыда, дзе ўсё больш кубінцаў, калісьці была хісткім штатам, цяпер чыста рэспубліканскі. Дык узьнікае пытаньне – а ці трэба Трампу змагацца супраць мігрантаў?) Бо большасьць зь іх з Лацінскай Амерыкі.

3. Забаўна будзе глядзець, як Маск (калі пагадзіцца на гэтую функцыю) пачне скарачаць дзяржаўны апарат. Калі ён купіў Твітэр, то скараціў на 75 працэнтаў супрацоўнікаў. Калі спыталі, «а так можна?» – ён адказаў, што скарочаныя займаліся цэнзурай і таму ў новым Х болей яму не патрэбныя. Можна.

4. На дадзены момант найбольш узнёсла і грунтоўна Трампа з перамогай павіншаваў Зяленскі).

5. У выніку апублікаванай эканамічнай праграмы рэспубліканцаў сусьветная цана на нафту зьнізіцца. Што будзе з Расеяй і яе агрэсіяй, калі нафта ўпадзе вясной да 50 даляраў (а менавіта гэта ўжо спрагназаваў Дэрыпаска) – здагадайцеся самі.

6. Адразу пасьля замены Байдэна ў Камалы быў, паводле сацыялогіі, найлепшы рэйтынг. А потым ён пачаў падаць. Чаму? Бо яна пачала гаварыць. Даваць інтэрвію, выказваць свае погляды. Не, яна не гаварыла нейкія глупствы. Проста гэта вядомы эфэкт. Цябе ўсе любяць, пакуль ты маўчыш і ўсім усьміхаешся. Калі ты пачынаеш упершыню выказваць свае погляды, то кагосьці губляеш. (З Трампам гэта ўжо не працавала, бо ягоныя погляды даўно ўсім вядомы).

«Прывязка па часе т.зв. выбараў у Беларусі да інаўгурацыі ў Вашынгтоне не падаецца мне выпадковай»

– «Думаю, Трамп выйграе. І з разгромным лікам» – напісаў я за дзесяць дзён да выбараў, – піша публіцыст Сяргей Навумчык. – Не галасаваў ні за Трампа, ні за Харыс, таму мераваньне маё было аб’ектыўнае.

Ведаеце, час і досьвед выпрацоўваюць такую якасьць, як інтуіцыя – і гэта дзейнічае ня толькі ў палітыцы. У цэлым, вынік выбараў у мяне сумневу не выклікаў, а вось што будзе далей – прагназаваць цяжка.

Толькі паўтару сказанае раней і ў чым упэўнены: месяцы да інаўгурацыі будуць вельмі няпростымі (яны былі б такімі і ў выпадку перамогі Харыс), іх пастараюцца скарыстаць і Сі, і Пуцін (гэты будзе ствараць хаос, што ён рабіў і раней). А таксама пэрсанажы дробнага маштабу, кшталту Лукашэнкі.

Дарэчы, прывязка па часе т.зв. выбараў у Беларусі да інаўгурацыі ў Вашынгтоне не падаецца мне выпадковай.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(10)