Месца знаходжаньня палтівязьня Юрыя Рубцова невядомае

З панядзелка ад палітвязьня няма ніякіх зьвестак. Ня выключана, што цяпер ён знаходзіцца ў СІЗА.

У панядзелак раніцай Юрыю Рубцову ў спэцкамэндатуры ў Купліне Пружанскага раёна загадалі сабраць рэчы, пасадзілі ў міліцэйскі аўтамабіль і адвезьлі ў раённы Сьледчы камітэт. Супраць палітвязьня заведзеная крымінальная справа паводле артыкула 415 Крымінальнага кодэксу (ухіленьне ад адбыцьця пакараньня ў выглядзе пазбаўленьня волі), яму пагражае да 3 гадоў зьняволеньня.

6 красавіка зь Сьледчага камітэта Пружанскага раёна Юры Рубцоў па тэлефоне паведаміў Свабодзе, што ён абвяшчае галадоўку і адначасова байкот сьледзтву.

Пасьля гэтага сувязі з палітвязьням няма. Яго мабільны тэлефон пакінуты на галасавой скрыні.

У Сьледчым камітэце Пружанскага раёна Свабодзе нічога не змаглі патлумачыць пра месца знаходжаньня Юрыя Рубцова.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)