Мэр Парыжа напiсаў лiст Алесю Бяляцкаму

Такiм чынам спадар Бертран Дэланоэ выказаў сваю падтрымку беларускаму палiтвязню неўзабаве пасля гадавіны яго арышту.

Міжнародная федэрацыя за правы чалавека (FIDH) і Праваабарончы цэнтр «Вясна» публікуюць гэты ліст з нагоды дня нараджэння Алеся Бяляцкага:

«Мэр Парыжа

Парыж, верасень 2013 г.

Паважаны сп. Бяляцкі,

Я не мог абысці маўчаннем гадавіну з моманту несправядлівага турэмнага зняволення, ахвярай якога Вы з'яўляецеся з 4 жніўня 2011 г ода, і хацеў бы зноў запэўніць Вас у маёй падтрымцы і глыбокай павазе, якую ў мяне выклікае Вашая барацьба за правы чалавека ў Беларусі.

Мне таксама вядома пра суровыя ўмовы, у якіх Вы адбываеце пакаранне, і я схіляюся перад Вашай мужнасцю і ўпартасцю.

Тытул ганаровага грамадзяніна Парыжа, які дэпутаты нашага горада прысвоілі Вам па маёй просьбе ў 2012 годзе, сімвалізуе салідарнасць з Вамі і Парыжа, і парыжанаў. Іншая праява гэтай салідарнасці – Ваш партрэт, які пастаянна вісіць на плошчы перад будынкам мэрыі 11-й акругі Парыжа.

Паверце, што, сумесна з FIDH, чыім віцэ-прэзідэнтам Вы з'яўляецеся, і з усімі праваабаронцамі, мы працягваем дамагацца Вашага хутчэйшага вызвалення.

Прашу Вас прыняць запэўніванні ў маёй глыбокай павазе.

Шчыра Ваш,

Бертран Дэланоэ

Сп. Алесю Бяляцкаму

Старшыні праваабарончага цэнтра «Вясна»

Віцэ-прэзідэнту FIDH».

Нагадаем, 11 траўня 2012 года ў французскай сталіцы прайшла акцыя «Парыж за Алеся Бяляцкага!», падчас якой партрэт Алеся Бяляцкага, віцэ-прэзідэнта FIDH і кіраўніка Праваабарончага цэнтра «Вясна», быў усталяваны перад мэрыяй 11-й акругі горада. 16 кастрычніка па прапанове мэра Парыжа, а таксама па ініцыятыве Гарадскога савета 11-й акругі, Савет Парыжа прысвоіў Алесю Бяляцкаму сан Ганаровага грамадзяніна горада Парыжа. Такім сімвалічным чынам французская сталіца далучыла свой голас да кампаніі за вызваленне вядомага беларускага праваабаронцы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)