Общество

Менскія ўлады дазволілі «Несьмяротны полк» 9 траўня

Заяўнікі акцыі «Несьмяротны полк» у Менску атрымалі месца для правядзеньня сьвяточных мерапрыемстваў, піша Радыё Свабода.

Пра гэта паведаміў 3 траўня адзін з заяўнікаў акцыі Валер Драко.

Акцыя «Несьмяротны полк» у Менску, 2018 год

— Менгарвыканкам дазволіў нам сабрацца а 10-й гадзіне раніцы каля дома-музэя першага зьезду РСДРП. Мы чакаем тут усіх, хто хоча ўдзельнічаць у патрыятычнай акцыі з партрэтамі сваякоў-пераможцаў. Нам дазволілі быць тут з усёй нашай атрыбутыкай: партрэтамі, сьцягамі і абяцалі дазволіць ускладаньне вянкоў да манумэнта Перамогі, — заявіў Валер Драко.

Ён таксама адзначыў, што першапачаткова ўдзельнікі акцыі хацелі сабрацца на плошчы Якуба Коласа, каб затым рухацца да плошчы Перамогі.

— Аднак за гэты маршрут мы мусілі плаціць 250 мінімальных заробкаў. У нас такіх грошай няма. Таму ад гэтага варыянту мы мусілі адмовіцца.

Што ня так зь «Несьмяротным палком»?

Акцыю «Несьмяротны полк» у Расеі праводзяць з 2013 году. Яе ўдзельнікі масава выкарыстоўваюць расейскія дзяржаўныя сьцягі і георгіеўскія стужкі, якія сталіся сымбалем расейскай агрэсіі ў Крыме і на Данбасе. Падчас «вялікай размовы» 1 сакавіка Аляксей Дзермант запытаўся ў Аляксандра Лукашэнкі пра акцыю «Несьмяротны полк». Лукашэнка тады адказаў, што ён катэгарычна супраць.

— Не таму, што супраць гэтай акцыі. Гэта бліскучая акцыя, расейская акцыя, мы з прэзыдэнтам Расеі абмяркоўвалі некалькі гадоў таму гэтае пытаньне. Я кажу: «Таксама там вашы нас папракаюць, што мы нібыта забараняем «Несьмяротны полк». Вы ж у нас, груба сказаў так, перадралі гэтую ідэю». Памятаеце? «Беларусь памятае». Вы памятаеце гэтыя акцыі? Я стаў прэзыдэнтам, першая мая была акцыя, і мяне вэтэраны паклікалі ісьці ад унівэрмагу, па-мойму, мы ішлі ад ГУМа да Плошчы Перамогі і ўскладалі заўсёды вянкі. Хто з партрэтамі, хто яшчэ з чымсьці. Чаму мы павінны кінуць сваё «Беларусь памятае» і схапіцца за «Несьмяротны полк»? Калі па сваёй сутнасьці і нават па зьнешняй форме яны падобныя, яны аднолькавыя.

У 2018 годзе ўлады спачатку не далі дазволу на акцыю «Несьмяротны полк» у Менску, прапанаваўшы ініцыятарам уліцца ў дзяржаўнае шэсьце «Беларусь памятае». Тады пра забарону «Несьмяротнага палку» ў Менску пачалі пісаць расейскія СМІ, яго арганізатары сталі заклікаць прыхільнікаў выйсьці на акцыю без дазволу. У выніку шэсьце дазволілі менш як за дзень да яго правядзеньня.

Дзяржаўныя СМІ праігнаравалі гэтае альтэрнатыўнае шэсьце, а Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі ніхто не забараняў ісьці з партрэтамі сваякоў, якія загінулі на вайне, а аб зьмене фармату папрасілі самі вэтэраны. Пры гэтым кіраўнік Беларусі раскрытыкаваў тых, хто хоча «прыватызаваць» тэму перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.8(19)