Экономика
Ягор Марціновіч, «Наша Ніва»

«Менш чым з $ 7000 тут няма чаго рабіць»

Беларусь — унікальная краіна, у якой аўтамабілі з цягам часу толькі даражэюць, нягледзячы на растучы прабег.

Набыць танную заходнюю машыну амаль немагчыма — дзякуй за гэта Мытнаму саюзу. Расія хоча заваяваць беларускі рынак сваімі «Ладамі», ды ўсе марна.

Каб абнавіць аўто, беларусы альбо глядзяць у бок прыгнаных «маладых» малалітражак, альбо шукаюць прыдатны варыянт унутры краіны. Колькі каштуе больш­-менш прывабны варыянт? Карэспандэнты «НН» выправіліся на сталічны аўтарынак.

...«Ждановічы» раніцай сустракаюць патэнцыйных купцоў напаўпустой пляцоўкай. Гэта не хлебныя 2010 і 2011, калі добрыя машыны разляталіся за дзень­-два пасля прыгону з­за мяжы.

Па тэрыторыі стаянкі раскіданыя ланцугі, каробкі ды аранжавыя конусы дарожнікаў. Так спрактыкаваныя прадаўцы пазначаюць «свае» месцы. Адміністрацыя рынка на паперы забараняе такое «браніраванне», але насамрэч заплюшчвае на яго вочы.

Цэны трымаюцца да апошняга

Амаль усе выстаўленыя аўто маюць транзітныя нумары — машыны прыгналі з­за мяжы, і яны чакаюць беларускага гаспадара.

На секунду затрымліваюся каля «Пежо 306» на «транзітах» за $ 7000, каб перапісаць цану. Адразу падбягае грузін і на ламанай рускай пачынае хваліць свой тавар: «Я скіну пару сотэн, нэ валнуйса. Сэм месяцаў у Беларусі, ніхто на ей яшчэ не ездзіў!» Каб не збыць свае аўто больш чым за паўгода, трэба моцна пастарацца...

Але насамрэч купцоў на рынку вобмаль, і тыя, хутчэй, прыглядаюцца да машын.

Прадаўцоў трохі больш. Яны бясконца паліруюць кузавы сваіх аўто ды між справай наракаюць на мінімальны попыт. Аднак цэны пры гэтым не зніжаюць. Самыя танныя аўто — укатаныя дызельныя «французы» і «немцы», своеасаблівае прывітанне з 90-х. У адзінкавых аб’явах можна сустрэць цану, меншую за $ 7000. Напрыклад, за «Таету Каролу» (2000) просяць $ 6250, а «Рэно Меган» (1999) аддаюць за $ 5150.

Але і аўтамабіляў, даражэйшых за $ 20 тысяч, не відаць. Столькі, напрыклад, каштуе вылізанае васьмігадовае Audi A6.

Мыты вызначаюць рынак

Самы хадавы тавар — іншамаркі ўзростам ад трох да пяці гадоў з маленькім рухавіком. На іх мыты найменшыя. Такія аўто, прыгнаныя з­-за мяжы, крыху таннейшыя, чым на ўнутрыбеларускім рынку.

Іх прадаюць па $ 10—13 тысяч. «Шкода Фабія» (2010) стаіць з цэннікам $ 12300, «Таета Ярыс» (2009) — $ 11500.

Есць і крыху даражэйшыя варыянты. Цана да торгу на «Фалькс­ваген Гольф-6» (2009) складае $ 14600, на «Форд С-Макс» (2009) — $ 14650.

Колькі словаў варта сказаць і наконт прадаўцоў. Большасць аўто стаяць «нічыйныя» — за лабавым шклом напісаны тэлефон, па якім можна выклікаць прадаўца. А вось сярод тых, каго можна ўбачыць каля сваіх машын, беларусаў мала. Грузіны, малдаване, прадстаўнікі расійскай часткі Каўказа — на «Ждановічах» можна пачуць любую гаворку.

«Беларус беларуса не падмане»

За тыя пару гадзін, што хаджу па рынку, намячаецца толькі адна ўгода. Маладая пара да апошняга вагаецца, ці браць немалады «Рэно Сцэнік» за $ 6750. Машыне ўжо 14 гадоў. Прабег, добра калі без адкруткі, складае 300 тысяч кіламетраў. Затое яна адна з самых недарагіх на рынку. Адчуўшы блізкасць поспеху, перагоншчык пачынае ўгаворваць кліентаў. «Адзін гаспадар, машына без праблем. Ты мне за яе пасля дзякуй скажаш! Хочаш, проста зараз на СТА паедзем? Я тут блізка ведаю адно добрае. Але ты не падумай, я не ўгаворваю, мне гэта навошта трэба?» — заводзіць звыклую легенду ен.

У маладых на прыкмеце яшчэ адзін «Сцэнік», трохі навейшы, але і даражэйшы. «Там адныя чуркі стаяць, вось яны машыны перафарбоўваюць. А беларус беларуса ніколі не падмане!» — пераконвае прадавец. Атрымаўшы зніжку за некалькі расколін на кузаве, пакупнікі пагаджаюцца на $ 6500. Дарэчы, па аб’явах у інтэрнэце такая машына таго ж узросту прадаецца за $ 5800—$ 6000. Але за тое, што апошнія гады аўто не трэслася па беларускіх дарогах, пакупнікі гатовыя і пераплаціць.

«Прахадныя» варыянты

Найменшыя мыты для малалітражак узростам ад 3 да 5 гадоў. Напрыклад, за «Фальксваген Пола» з рухавіком 1200 см3 на мяжы давядзецца аддаць пошліны каля $ 2650, за «Таету Ярыс» з рухавіком 1000 см3 — каля $ 1950.

Для параўнання, за папулярны раней дызельны «Сітраен Пікаса» з рухавіком 2000 см3 (старэйшы за 2008), давядзецца заплаціць мыта памерам $ 12500 — больш за цану самой машыны.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)