Лица
Павел Свярдлоў, Еўрарадыё

Мэнсану ― 18 піва, Джэй Ло ― скураны ўнітаз

Еўрарадыё склала топ патрабаванняў сусветна вядомых музыкаў, якія неўзабаве наведаюць Мінск.

4 месца: Nickelback

31 кастрычніка ў і без таго насычаную канцэртную восень уварвецца Nickelback. Гурт абяцае сабраць поўную “Мінск-Арэну”, што дагэтуль не атрымлівалася ні ў каго, акрамя мінскага “Дынама”.

“Гурт у плане райдара даволі звычайны, ― распавядае Еўрарадыё арганізатар расійскага тура Nickelback Андрэй Агапаў. ― Гэта не якая-небудзь поп-зорка, якая просіць пафарбаваць столь у зялёны колер і замовіць верталёт, на якім неабходна прыляцець з мясцовай гасцініцы на канцэртную пляцоўку, як гэта было з Мадонай. Я пакуль нічога такога не бачу, гэта звычайныя хлопцы з Канады”.

Што праўда, і ў простых канадскіх хлопцаў ёсць свае забабоны:

“Ёсць асаблівасці, звязаныя з прадуктамі, якія яны просяць. Яны прызвычаіліся ў сябе там у Канадзе есці пэўныя прадукты і піць пэўныя напоі і просяць нас знайсці гэта ў Маскве. Відаць, экалагічна чыстае, бо там усё ў асноўным экалагічна чыстае. Але ў кожнай краіне ёсць свае асаблівасці, свае цікавосткі. Вось гэтыя цікавосткі і даводзіцца шукаць, гэта бывае складана”, ― працягвае Андрэй Агапаў.

3 месца: Placebo

22 верасня Placebo адкрые ў Мінску “зорны” сезон. Апошні альбом Браяна Молка і Ко выйшаў аж тры гады таму. Магчыма, праз гэта арганізатары і не замахваліся на 15-тысячную “Мінск-Арэну” і адразу абралі для канцэрта Палац спорту.

Па словах pr-мэнаджара кампаніі EM Concert Дзяніса Кенева, якая займаецца сёлетнімі гастролямі Placebo па Расіі, райдар артыста вельмі нязначна змяняецца з часам, і зусім не змяняецца падчас тура:

“Артыст дасылае нам райдар. Не важна, дзе ён выступае: Масква гэта, Караганда, Мінск ці Парыж ― гэты райдар стандартны. Ён месціцца на афіцыйным сайце, нам даюць спасылку, пароль, і мы пампуем яго, усё вельмі проста!”

Вельмі шмат увагі Placebo надаюць ежы. Браян Молка харчуецца асобна ад астатніх музыкаў. Меню на кожны прыём ежы абгаворваюцца, прычым гурт “пераканаўча просіць не падаваць супы і смажаніну з мяса змеяў і малпаў”.

Але Дзяніса Кенева найбольш уразіла не гэта:

“Пачнём з галоўнага: пакой трэба драпіраваць у чорны колер. Гэта было летась, калі мы рабілі яго канцэрт. Тое ж самае будзе і гэтым разам. Чорны колер грымёркі, белыя кветкі і белыя свяцільні ― гэта было самае прыгожае з усяго райдара”.

2 месца: Marylin Manson

Абшыць грымёрку чорным аксамітам патрабуе і цёзка Браяна Молка, Браян Х’ю Уорнэр, таксама вядомы як Marylin Manson. Канцэрт шок-рокера адбудзецца ў Мінску 21 снежня. Напярэдадні Мэнсан завітае ў Кіеў.

“З ежы Мэнсан хоча толькі простую ежу: сыр, вэнджаную ялавічыну, бульбу. Праўда, падаваць усё трэба строга за тры гадзіны да канцэрту. Асобным пунктам значыцца сервіроўка стала, гэтым павінен займацца афіцыянт са спецыяльнай адукацыяй, а самі прадукты і сталовыя прыборы павінны быць толькі астуджанымі і “пажадана чыстымі”, ― піша сайт “Сегодня”.

Самы папулярны алкагольны напой у райдары ― піва, яго мужыкі заказваюць аж 48 бутэлек. Што праўда, калісьці Marylin Manson адмыслова патрабаваў, каб яго музыкам не давалі піць “хаця б да пачатку канцэрта”.

1 месца: Джэніфер Лопес

Джэй Ло мае рэпутацыю самай пераборлівай зоркі на планеце. У райдары яна патрабуе персанальны пляж, інкруставаныя навушнікі і… скураное сядзенне для ўнітаза! Намначальніка аддзела дзяржаўных, спецыяльных і культурна-відовішчных мерапрыемстваў Палаца Рэспублікі Максім Прыходскі кажа, што і з тэхнічнай, і з бытавой часткай райдара “былі пытанні”. Але няма такога пытання, якога не вырашылі б у Палацы Рэспублікі, мяркуе спецыяліст:

“Райдар Джэніфер Лопес даволі складаны. Калі яго параўноўваць з райдарамі іншых зоркак, якіх мы прывозілі, дык па тэхнічнай частцы больш складаны райдар хіба што ў гурта Rammstein. А вось у “бытавой” частцы райдара няма нічога звышнатуральнага. Транспарт, гатэль, харчаванне, напоі, офісная мэбля ў грымёрках”.

Каманда Джэй Ло: мэнэджмент, тэхнічны персанал, акторы, танцоры, ахова ― каля 85 чалавек. Як падумаеш, што ўсіх іх трэба накарміць і пасяліць… Але найбольшыя траблы з пасяленнем самой Джэніфер Лопес:

“Сама артыстка вельмі любіць белы колер. Гэта галоўная асаблівасць райдара. Для яе ўсё будзе аформлена ў белых колерах: і мэбля, і дываны, і кветкі, і ўсё астатняе”, ― працягвае Максім Прыходскі.

Белымі мусяць быць і сцены нумара ў гатэлі, дзе будзе жыць артыстка. Які менавіта мінскі гатэль будзе перафарбоўваць пакой і пераклейваць шпалеры ― таямніца.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)