Выборы-2020

Мэнэджэрка мэдыцыны: «Цяперашні ўдзел у кампаніі — не падыгрываньне ўладам»

Прыватная доктарка Эмілія Мезіна ніколі не галасавала на выбарах. Сёлета яна разам з мужам і сынамі ўвайшла ў ініцыятыўную групу Віктара Бабарыкі, пiша Радыё Свабода.

— Я пабачыла, што зьявіўся кандыдат, асоба, якой я магу давяраць, якая адпавядае маім уяўленьням пра прэзыдэнта, якая выклікае ў некаторай ступені захапленьне. Гэта не было зьвязана з пандэміяй, я пабачыла чалавека, які можа прадстаўляць краіну. Асабіста я не знаёмая зь Віктарам Бабарыкам, але зь ім быў знаёмы мой бацька, які характарызаваў яго як прыстойнага чалавека. Я захаплялася праектамі, якія рабіў Белгазпрамбанк, і я вырашыла, што яго трэба падтрымаць. Гэтае рашэньне адначасна было прынятае ўсімі маімі сямейнікамі — мужам і двума сынамі.

Упершыню маю такі досьвед, мы ніколі не былі сябрамі ініцыятыўнай групы. Хачу адзначыць, што вельмі добра арганізаваная праца ініцыятыўнай групы Бабарыкі. З тых, з кім я кантактавала падчас збору подпісаў, ніхто не выказваў адмоўных эмоцый. Мне пашанцавала, напэўна, бо маё кола зносінаў ня самае простае і ня самае прымітыўнае, і ўсё абсалютна падтрымліваюць гэтую кандыдатуру. Мы маем просты вясковы дом у Валожынскім раёне, і засьведчу, што вяскоўцы гэтак жа падтрымліваюць Бабарыку.

Я ніколі не галасавала на ніводных выбарах у Беларусі. У 2010 годзе разам з бацькам і мужам мы былі на Плошчы. Я ведаю, што там адбывалася. Не магу сказаць, што кагосьці з тых кандыдатаў я падтрымлівала, як і на ранейшых выбарах. У мяне выклікала павагу кандыдатура паэта, інтэлектуала Някляева. Тое, што ён у ягоным узросьце зрабіў такі крок, выклікала павагу, але я разумела, што ў нас няма чалавека, за якім бы пайшлі, які б сапраўды прывёў краіну да патрэбнага выніку. Цяпер такое адчуваньне прысутнічае.

Цяперашні ўдзел у кампаніі — гэта не падыгрываньне ўладам, гэта магчымасьць правесьці сапраўдныя выбары. Я напісала на сваёй старонцы ў Фэйсбуку, што калі вы будзеце агітаваць за байкот альбо за тое, што так яно і будзе, як заўсёды, то я ня з вамі, бо я дакладна разумею і веру, што цяпер трэба выказаць грамадзянскую пазыцыю. Такая магчымасьць ёсьць, і ёй трэба скарыстацца. Нічога не адбываецца само па сабе. Грамадзтва павінна быць падрыхтаванае да пераменаў. Што падштурхне да іх — іншае пытаньне.

Минский врач — памяти коллеги: «Сколько еще все мы это будем терпеть?»

Дрэнна, калі да пераменаў падштурхне нешта, падобнае да каранавірусу, альбо яшчэ больш страшнае — масавыя расстрэлы, якімі нехта спрабуе пагражаць, ці масавыя рэпрэсіі, голад і абвал эканомікі. Гэта дрэнна. Гэта іншы этап разьвіцьця. На сёньняшні дзень усім нам дазволена законным шляхам дзейнічаць у рамках нават дзейнага заканадаўства, каб выказаць сваю волю і нешта зьмяніць.