Общество

Менчукам разьбілі вокны зь бел-чырвона-белымі сьняжынкамі. Міліцыя: «Гэта выказваньне меркаваньня»

«Асобы выказалі сваю нязгоду з разьмяшчэньнем у вакне вобразу бел-чырвона-белага сьцяга», — такі адказ атрымала гаспадыня кватэры зь міліцыі. Белыя і чырвоныя сьняжынкі правіселі два дні, піша Радыё Свабода.

Ірына да Калядаў вырашыла ўпрыгожыць сваё вакно бел-чырвона-белымі сьняжынкамі.

— Сьцяг мы не вывешвалі, бо раптам што. Падумалі, што сьняжынкі — гэта не забаронена. Хацелі такім чынам выказаць сваю пазыцыю, каб бачылі суседзі і людзі, якія праходзяць поруч, каб бачылі, што нас шмат. У нас на суседніх вокнах аркушы паперы вісяць, але нашы сьняжынкі не спадабаліся найбольш, — расказвае Ірына.

«Ноччу ў вакно кінулі гайкі»

За сьняжынкі ў вакно Ірыны ўначы прыляцелі гайкі, вакно разьбітае.

— Гэта было а палове на трэцюю ночы. Мы спалі ў пакоі, калі прыляцелі дзьве гайкі. Мы выклікалі міліцыю. У міліцыі адразу ўдакладнілі, ці вісела ў вакне «незарэгістраваная сымболіка», — прыгадвае Ірына.

Гаспадары кватэры ацанілі шкоду ад дзеяньняў невядомых у 270 рублёў.

«Сфатаграфавалі ўсю кватэру»

У міліцыі не палічылі патрэбным шукаць тых, хто кідаў у вакно гайкі. У адказе з Маскоўскага РУУСа паведамілі, што «асобы выказалі нязгоду з разьмяшчэньнем у вакне вобразу бел-чырвона-белага сьцяга». Калі прыехалі, адфатаграфавалі ўсю кватэру.

«У ходзе праверкі орган крымінальнага перасьледу прыходзіць да высновы, што ў цяперашні час, у сувязі з палітычнымі падзеямі ў краіне, сярод асобаў зь ліку грамадзянскай супольнасьці, маюцца асобы, якія нэгатыўна ставяцца да бел-чырвона-белай сымболікі», — гаворыцца ў адказе зь міліцыі.

Ірына чакала падобнага, але не чакала, што справу нават ня будуць заводзіць.

— Мы зразумелі, што далей дамагацца справядлівасьці бессэнсоўна. Мы разьлічвалі, што шукаць гэтых людзей ня будуць, але не чакалі, што праверка скончыцца так хутка, што справу нават не завядуць, — кажа Ірына.

Сьняжынкі правіселі два дні, шыбы пабілі ў ноч на Каляды. Ужо праз 5 дзён у міліцыі вырашылі, што ніякага складу злачынства ў тым, што адбылося, няма. Пазьней Ірына атрымала запісы з камэр відэаназіраньня на доме, і там бачна, што гайкі ў вакно кідала група людзей у масках.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.3(40)