Меркаванне: «Расце перакананне, што Пуцін і так скарыстае ядзерную зброю ва Украіне»

Журналiст Алег Гаруновiч – пра тое, што павiнны зразумець еўрапейцы.

– Заклапочанасць, санкцыі і фінансавая падтрымка – гэта ўжо нямала, але Пуціна будзе цяжка спыніць без гатоўнасці еўрапейцаў за Украіну паміраць, – пiша спартыўны медыяменеджар Алег Гаруновiч. – Нават не ведаю, як заходнім палітыкам давесці гэта сваім выбаршчыкам, бо выбаршчыкі жывуць ну вельмі добра. Яны маюць вялізарныя магчымасці для спажывання, і аддаваць у такі час сваё жыццё за нейкую там Украіну, няхай яе і шкада да дрыжыкаў, зусім не хочацца. Што за думкі такія ўвогуле?

Тая ж Польшча, далёка не самая паспяховая краіне Еўразвязу, жыве так, што ўдмурты, дагестанцы, саратаўцы ды іншыя патэнцыйныя 200-я і марыць пра такое не могуць. Яны не павераць уласным вачам, калі раптам нейкім мірным чынам, а не вызваленчым маршам, апынуцца ў Варшаве. Людзі, якія могуць атрымліваць асалоду ад свабоды і шопінгу, цэняць сваё жыццё значна вышэй, чым тыя, хто спраўляе патрэбу на вуліцы ў мінус 40. Еўрапейцы шмат працавалі, каб нагуляць акруглыя шчокі. Навошта гэта страчваць?

Пуцін і яго атачэнне пры любой нагодзе патрасаюць ядзернай зброяй. Эканамічныя санкцыі? А ў нас ёсць вось такое. Дадзіце ВСУ самалёты? Ну, вы разумееце. Хочаце закрыць украінскае неба? Тады ўжо дакладна.

Ядзерная зброя – гэта гучыць важка. І Пуцін, мне так здаецца, з задавальненнем слухае, як палітыкі Захаду – Байдэн, Дуда, іншыя – крыху перапужана кажуць, што мы ва Украіне дакладна ваяваць не будзем, мы не хочам сутыкацца з Расіяй. Вось лапачкі!

Я не кажу, што сутыкацца з Расіяй трэба. Але без нейкай рашучасці, без гатоўнасці да сутыкнення яе дакладна будзе цяжка спыніць. Хуліган адчувае, калі яго баяцца, і ад таго дзейнічае яшчэ больш нахабна. А ці абмяжуецца справа Украінай і колькі ўкраінцаў загіне ў выніку – вось дык пытаннечкі.

Тым больш, што ўнутры мяне расце перакананне, што Пуцін і так скарыстае ядзерную зброю ва Украіне. Калі яго войскі захраснуць, калі не будзе поспехаў, то давядзецца выкарыстоўваць апошні аргумент. Калі хтосьці думае, што гэта немагчыма, то вось вам алгарытм для паразумення крэмлёўскага вар’ята: думаеце, што ён не зробіць – значыць, зробіць абавязкова

24 лютага мы ў гэтым ужо пераканаліся.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.6(41)