Акурат гэты перакос — рэч дрэнная, бо меркаванне купкі кансерватыўных людзей пачынае навязвацца як адзіная воля.
Мажэйка: «Аўтарытарны рэжым не дазволіць вызначаць дзяржаўную палітыку ні ліберальным грамадзянам, ні цемрашалам — анікому»
Палітычны аналітык Вадзім Мажэйка — пра сэнс і задачы беларускай Грамадскай рады па маральнасці.
На мінулым тыдні ў Мінску адбылося пашыранае паседжанне Грамадскай рады па маральнасці — органа, які стварылі сумесна Беларуская праваслаўная царква і праўладны Саюз пісьменнікаў. Удзельнікі сходу прайшліся па тэмах квадробераў, астралогіі, азартных гульняў, лаянкі, энергетычных напояў.
А праз некалькі дзён сустаршыня рады мітрапаліт Веніямін пахваліўся, што адной з першых спраў стала адмена спектаклю — пастаноўка «Каханкі майго мужа» мусіла адбыцца 14 кастрычніка, у Дзень маці, а цяпер не адбудзецца зусім.
Разынка сітуацыі ў тым, што, па-першае, спектакль не завезены з бездухоўнага Захаду, а свой, айчынны, і не новы — ішоў цягам больш чым 10 год і чамусьці нікому не замінаў. А па-другое, сама Рада, мякка кажучы, таксама паўстала з нафталіну — стварылі яе яшчэ ў 2009-м пры ўдзеле небезвядомага Мікалая Чаргінца, але потым прыпынілі, і адрадзілі толькі год таму, у лістападзе 2023-га.
Цяпер за справу ўзяліся з размахам: як распавёў 21 кастрычніка сустаршыня рады, галава праўладнага Саюза пісьменнікаў Алесь Карлюкевіч, у «аўтарытэтным органе» ажно шэсць камісій: па навуцы і адукацыі, па культуры, выдавецкай дзейнасці, захаванні духоўных каштоўнасцяў, падтрымцы здаровага ладу жыцця і сацыяльнай палітыцы.
І ўзначальваюць іх людзі, як любяць казаць ідэолагі, «дзяржаўныя»: вядомы паездкамі на Данбас старшыня беларускага Чырвонага крыжа Дзмітрый Шаўцоў, экс-міністарка працы Ірына Касцевіч, дырэктарка Опернага тэатра Кацярына Дулава, экс-намеснік кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Ігар Бузоўскі ды іншыя.
Усяго ж на сёння ў Радзе засядаюць ужо 60 чалавек, якія плануюць і надалей займацца справай «захавання і ўмацавання духоўна-маральных каштоўнасцяў беларускага грамадства».
Але ў чым насамрэч сэнс і задачы рады па маральнасці ў сённяшняй Беларусі, на што акрамя цэнзуры яна здатная, і ці патрэбная такая структура ў дэмакратычных дзяржавах? Гэтыя пытанні Филин абмеркаваў з палітычным аналітыкам, каардынатарам «Нашай Візіі» Вадзімам Мажэйкам.
— На маю думку, ключавая праблема з гэтай радай у тым, што паводле назвы яна грамадская, але, як мы бачым, яна фактычна ўплывае на нейкія забароны, пачынае прэтэндэваць на нейкія дзяржаўныя паўнамоцтвы, — зазначае аналітык.
Тое, што існуюць нейкія абураныя грамадзяне, людзі з кансерватыўнымі поглядамі, прадстаўнікі царквы, якія могуць аб’ядноўвацца ў асацыяцыі і выносіць нейкія пытанні на грамадскае абмеркаванне — гэта, як ні дзіўна, само па сабе добра.
Гэта нармальна, гэта прыкмета дэмакратычнага грамадства: адны збяруцца, пра адно паразмаўляюць, іншыя — пра іншае, агучаць свае думкі і падумаюць пра тое, як іх адстойваць.
Але ў сучаснай Беларусі пытанне ў тым, што няма супрацьвагаў: усе астатнія грамадскія аб’яднанні знішчаныя, і не існуе ніякай іншай рады з іншымі поглядамі, чальцы якой, прыкладам, былі б супраць цемрашальства і «агратрэшу». Яны не прадстаўленыя ў публічнай прасторы, і тым больш не маюць уплыву на прыняццё дзяржаўных рашэнняў.
Бо калі б гэтыя людзі дзейнічалі грамадскімі метадамі — вырашыўшы, што спектакль благі і амаральны, яны звярнуліся б у дэмакратычна абраны парламент, каб той прыняў рашэнне аб забароне такіх пастановак, альбо прыйшлі б да будынку тэатра і зладзілі пікет, ініцыявалі дыскусію ў медыях.
То бок, праблема не ў існаванні людзей з кансерватыўнымі поглядамі і ўстаноўкамі, а ў тым, што не прадстаўлены погляды іншых, не працуе дэмакратычная сістэма.
— У бягучых умовах Рада па маральнасці, хутчэй за ўсё, стане органам цэнзурным і рэпрэсіўным, праз які ў тым ліку «нераўнадушныя грамадзяне» будуць цкаваць нелаяльных. Колькі шкоды такім чынам яна можа нанесці?
— Ужо наносіць. Бо прысутнасць у прыватнасці ў сферы культуры, розных мастацкіх выказванняў, якія камусьці падабаюцца, камусьці не, — гэта нармальна. У адрозненне ад забароны з-за меркавання «нераўнадушных грамадзян».
Разам з тым, магчымасці Рады таксама будуць вельмі абмежаванымі. Бо аўтарытарным рэжымам насамрэч не патрэбныя занадта ініцыятыўныя памагатары, да іх ставяцца насцярожана. Таму мы бачым, як такога кшталту «актывістам» час ад часу прылятае за празмерную актыўнасць.
У гэтым сэнсе лёс любых недзяржаўных арганізацый у аўтарытарных рэжымах вельмі хісткі: так, у быццам бы саюзнікаў больш магчымасцяў, але калі ў кагосьці з’явіцца жаданне праз такую раду кіраваць усёй сферай культуры, адукацыі — іх хуценька паставяць на месца, бо дзяржава любіць кіраваць усім сама.
Час ад часу яна можа выкарыстоўваць іх патэнцыял, але вызначаць дзяржаўную палітыку — не, гэта аўтарытарны рэжым не дазволіць ані ліберальным грамадзянам, ані цемрашалам — анікому.
— Літаральна цяпер у іншай краіне іншая рада таксама выступае супраць з’явы, што ёй не падабаецца.
У Літве Рада захавання этнічнай культуры звярнулася да ўстаноў адукацыі, сацабароны, у муніцыпалітэты і няўрадавыя арганізацыі з заклікам не ладзіць Хэлоўін і не прапагандаваць яго сярод дзяцей і падлеткаў, а наўзамен зрабіць да Дня ўсіх святых акцыі дабрыні, памяці і адзінства, восеньскія кірмашы, ушанаванне памяці продкаў і г.д. Такі шлях — больш дэмакратычны ці таксама не ідэальны?
— Гэта якраз тое, пра што я кажу: у розных дзяржавах і грамадствах існуюць групы з рознымі поглядамі, і яны маюць права выказаць сваю думку, быць прадстаўленымі ў публічнай прасторы.
Не ведаю дакладна акалічнасцяў літоўскай сітуацыі, але наколькі я разумею, гэтая рада выказала сваё меркаванне — але яна не мае права прыйсці ў школу, тым больш у прыватную, і забараніць той жа Хэлоўін. Бо школа перадусім мусіць кіравацца законам, а таксама ўлічваць меркаванне бацькоўскага камітэту.
Пэўна, у Літве ўсе бакі могуць прыйсці ў рэдакцыю буйных медыяў і выказацца на гэты конт, можна і ў Сейме падыскутаваць, і дэпутаты таксама зоймуць розныя пазіцыі. Тут галоўнае не сама тэма, а тое, ці існуюць інструменты для цывілізаванай грамадскай дыскусіі, каб усе меркаванні былі пачутыя і прынятае рашэнне, якое задаволіць грамадства наогул. Каб не было валюнтарызму нейкіх асобных людзей.
У аўтакратыі, як мы помнім, галоўны прынцып — незмяняльнасць улады. І чым больш незмяняльныя людзі ва ўладзе сядзяць, тым больш яны натуральным чынам старэюць.
А старэйшае пакаленне ўвогуле больш схільнае да кансерватызму, да страху перад тым, што робіць моладзь, «усе гэтыя квадроберы». Гэта пакаленчая рыса, яна ёсць ва ўсіх дзяржавах — але аўтакратыі больш схільныя да яе на дзяржаўным узроўні.
Уласна, у гэтым і перавага дэмакратый, дзе прадстаўленыя ва ўладзе і лібералы, і кансерватары, і маладыя, і старыя — у той прапорцыі, у якой іх выбрала грамадства для прадстаўлення сваіх інтарэсаў.
Калі ўмоўна заўтра літоўскі Сейм забароніць школам святкаваць Хэлоўін, то палітыкай навязвання, што рабіць, што не рабіць, ён страціць частку галасоў выбаршчыкаў (якія могуць быць не за святкаванне Хэлоўіна, але ў прынцыпе супраць забаронаў), і літоўцы абяруць іншыя партыі.
Читайте еще
Избранное