МАЗ страціць самастойнасць?

Вядомы беларускі маркетолаг Валянцін Лопан, што некалькі гадоў узначальваў Цэнтр грамадскіх сувязяў МАЗу, каментуе магчымае аб'яданне ў адзіны холдынг беларускага прадпрыемства і расейскага КамАЗу.

У інтэрв'ю тэлеканалу “Белсат” Валянцін Лопан падкрэсліў, што пакуль толькі вядуцца перамовы аб магчымай змене ўласніка беларускага аўтагіганта, аднак ужо цяпер гэты працэс выклікае шмат пытанняў.

– Калі абмяркоўваюцца такія альянсы на безграшовай аснове – расейцы не купляюць аніякіх акцыяў, толькі хочуць нейкія супольныя структуры стварыць, – то яны незразумелыя. І абодва бакі чамусьці ўтойваюць ад аналітыкаў ды ад грамадскасці мэты такіх альянсаў, – зазначае эксперт.

На думку Валянціна Лопана, найлепшым развязаннем для МАЗу было б уваходжанне ў холдынг з адным з буйных еўрапейскіх вытворцаў грузавых аўтамабіляў, што дало б МАЗу новыя тэхналогіі ды новыя рынкі. Аднак еўрапейскія канцэрны пакуль не выказваюць актыўнай цікаўнасці да беларускага прадпрыемства. Аб'яднанне ж з КамАЗам малюе сумнеўныя перспектывы для МАЗу.

– Як мінімум КамАЗ возьме пад кантроль канкурэнта і зможа кіраваць ягонымі паводзінамі. МАЗ можа страціць самастойнасць, а надзеі на тое, што набудзе нейкія новыя рынкі, мабыць, марныя, – мяркуе Валянцін Лопан.

Беларусь спадзяецца стварыць холдынг “Росбелавто” на базе МАЗу і КамАЗу. Ужо распачаліся працы над міжведамаснай працоўнаю групаю, якая зоймецца рыхтаваннем прапановаў дзеля стварэння расейска-беларускага аб’яднання.