Политика
Зміцер Панкавец, ”Наша нiва”

Маёру Кісялю далі наганяй

Выпадак, які адбыўся ў вайсковай частцы 18662, дзе служыць Зміцер Хведарук, атрымаў шырокі розгалас.

5 лютага медычны работнік часткі маёр Уладзімір Кісель адмовіўся зрабіць агляд сябру «Маладога фронту» Змітру Хведаруку. У вульгарнай форме ён параіў хлопцу «не вы…цца», паабяцаўшы яго прыняць толькі пасля таго, як Зміцер пяройдзе на расійскую мову.

Таксама Кісель папрасіў іншых прызыўнікоў прывучыць Хведарука, каб той зразумеў пра наступствы ягонага карыстання беларускай мовай. Гэты інцыдэнт выйшаў за межы вайсковай часткі і быў шырока растыражаваны СМІ.

Па нашай інфармацыі ўжо на наступны дзень маёру Кісялю далі наганяй па поўнай праграме. Камандзір часткі паказваў медработніку Канстытуцыю і тлумачыў, што беларуская мова з’яўляецца першай дзяржаўнай у краіне і ёй нельга грэбаваць. Нампаліт часткі таксама падыходзіў да Змітра Хведарука і папрасіў яго ў будучыні не маўчаць пра падобныя выпадкі, а расказваць.

Паводле інфармацыі НН з крыніцаў у частцы, маёру Кісялю прапанавалі напісаць рапарт аб звальненні.

Нагадаем, што 7 лютага Зміцер Хведарук, як і Іван Шыла, і Франак Вячорка прымуць прысягу. Трох лідэраў моладзі забралі ў войска сінхронна. На думку праваабаронцаў і саміх юнакоў, гэта было зроблена, каб ізаляваць іх ад грамадства.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)