«Маёр казаў: жывёлы, вы паздыхаеце». У Мінску салдата-баптыста давялі да спробы суіцыду
13 красавіка ва Уруччы, пад вокнамі казармы 120-й механізаванай брыгады, знайшлі 21-гадовага салдата Андрэя Макаеда. Хлопец служыў нядоўга, з лістапада.
Па афіцыйнай версіі, салдат выкінуўся з чацвёртага паверха — выскачыў з вакна прыбіральні, бо не вытрымаў здзекаў. Пасля медыцынскай комы і некалькіх аперацый Андрэй прыйшоў у прытомнасць.
Ілюстрацыйны здымак. Фота Сяргея Гудзіліна
Пасля здарэння завялі крымінальную справу за давядзенне да самагубства. Падазраваны — маёр Віталь Ч., які прыніжаў Андрэя і іншых салдат.
Цяпер стан Андрэя ацэньваецца як сярэднецяжкі. Хлопцу зрабілі аперацыю і выдалілі частку падстраўнікавай залозы і цалкам селязёнку. Акрамя таго, праз пэўны час яго чакае яшчэ і аперацыя на сцягне.
Крыніцы расказваюць, што маёр Віталь Ч. пастаянна здзекаваўся з салдат і абражаў іх.
«Салдаты расказвалі, што Ч. казаў: жывёлы, я вам жыцця не дам. І гэта яшчэ мягка. Для маёра было нормай называць салдат «кончанымі бл***», «стварэннямі», пытацца, навошта іх мама нарадзіла. Ён пастаянна казаў: «Вы ў мяне паздыхаеце тут», — распавёў суразмоўца «Нашай Нівы». — Таксама маёр прымушаў салдат аддаваць чэсць са словамі «Я зал**а» [галоўка палавога члена].
Пра тое, ці біў маёр салдат, звестак пакуль няма. Але кажуць, што аднойчы Ч. прымусіў Андрэя апрануць зімовую вопратку, бронекамізэльку ды каску і ў такім выглядзе 6 гадзін стаяць пад дзвярыма свайго кабінета. Калі маёр нарэшце адпусціў хлопца, у таго ўся вопратка была мокрая наскрозь.
Падзеі таго дня, калі Андрэй выпаў з вакна, вядомыя часткова. Андрэй быў у штабе разам з іншымі салдатамі. У хлопца і яго саслужыўца былі падпісаныя паперы на кароткае звальненне. Але ў штаб зайшоў Ч., пачаў абражаць салдат, крычаць, што яны штосьці там не прыбралі, і называць «жывёламі». Маёр забраў у салдат паперы на звальненні і парваў іх.
Пасля маёр нібыта яшчэ некалькі разоў вяртаўся, абражаў і крычаў на салдат.
Затым з Андрэем здарылася бяда.
Вядома, што сам хлопец не памятае падрабязнасці таго, як выпаў з акна. Але яго бацькі сумняюцца, што хлопец пайшоў на самагубства. Кажуць, што Андрэй заўсёды быў вельмі разважлівым і адэкватным чалавекам.
Да таго ж і ён, і ўся яго сям’я — шчырыя хрысціянскія вернікі, таму бацькі не вераць, што хлопец мог рашыцца на такі радыкальны крок.
«Андрэй з добрай і забяспечанай сям’і. Ён выдатна вучыўся, бацькі заўсёды яго падтрымлівалі. І бацькі не дадуць зрабіць з яго вар’ята, які выскачыў з вакна», — кажуць знаёмыя сям’і Андрэя.
Цікава, што з сайта Мінабароны ўжо прыбралі нават адзіны кароткі артыкул, у якім узгадваецца маёр Ч.
Сам Віталь Ч. адмовіўся ад каментараў, паведаміў, што размову спачатку трэба ўзгадніць з намеснікам па ідэалогіі брыгады. Пакуль што маёр не пад вартай.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное