Комментарии
Аляксандр Класкоўскі, «Наша нiва»

Маўчыце ў анучку, вы ж без пяці хвілін банкруты!

Пакуль Лукашэнка з Пуціным абменьваліся банальнасцямі на тэму «саюзнага будаўніцтва», галоўным ньюсмейкерам у кулуарах стаў расійскі віцэ-прэм’ер Аляксей Кудрын.

Усё пачыналася прыгожа. Беларускі афіцыйны лідэр у лепшых традыцыях інтэграцыйнай рыторыкі выказаў перад тэлекамерамі спадзеў, што ягоная размова з Пуціным акажацца «карыснай ды прадуктыўнай» і, канечне ж, прасуне пабудову «саюзнай дзяржавы».

Але тым часам у кулуарах сябар і паплечнік Пуціна Аляксей Кудрын зладзіў для беларускага начальства халодны душ. Віцэ-прэм’ер і міністр фінансаў Расіі выдаў прэсе некалькі сакрэтаў. Высветлілася, што Мінск просіць у Масквы крэдыт на 9 мільярдаў долараў пад АЭС. Акрамя таго, беларускае кіраўніцтва адмовілася браць апошнюю траншу ранейшага крэдыту (паўмільярда долараў) расійскімі рублямі. Бач ты, маўляў, яшчэ і носам круцяць, хаця самі казалі, што да зарэзу патрэбны расійскія рублі ва ўзаемаразліках!

І ўжо зусім як нож востры была заява Кудрына, што да канца года Беларусь можа стаць неплацежаздольнай.

«Мы можам сутыкнуцца з неплацежаздольнасцю беларускага ўрада і увогуле эканомікі ў звязку з недастатковасцю золатовалютных рэзерваў, магчыма, нават пры канцы года сёлета, а можа праз год», — сказаў Кудрын.

З яго слоў вынікае, што ні 500 мільёнаў апошняй траншы, ні тым болей 9 мільярдаў Масква даваць не спяшаецца. Пазіцыю Мінска Кудрын без эківокаў назваў утрыманскай.

Дадамо: тэма замежнай запазычанасці для беларускага кіраўніцтва надта адчувальная. Ад электарату усяляк утойваюць, колькі ўжо нахапалі крэдытаў, каб заткнуць фінансавыя дзіркі. Лукашэнка ні словам не згадаў пра гэта ў нядаўнім пасланні народу і парламенту. Калі Масква пачне мэтанакіравана круціць кружэлку «Вашы фінансы спяваюць рамансы», то ўтойваць шыла ў мяху стане значна цяжэй.

Заявы Кудрына выглядаюць як адказ на артпадрыхтоўку, што вёў перад візітам Пуціна беларускі бок, вінавацячы Маскву ў блакаванні супольнага антыкрызіснага плана ды невыкананні іншых саюзніцкіх абяцанняў эканамічнага кшталту. Падтэкст маскоўскага адказу просты: маўчыце ў анучку, вы ж без пяці мінут банкруты!

Як заўжды ў стасунках між Масквой і Мінскам, тут змяшаны ў адным флаконе эканоміка і палітыка. Расія хоча адхвастаць не толькі за ўтрыманскія замашкі ды кінутыя напярэдадні камяні ў гарод Пуціна, але яшчэ і за гулі з Еўропай ды непрызнанне каўказскіх рэспублік.

Сочым за развіццём сюжэту. Яшчэ ж не вечар.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)