Профсоюзы
Анастасія Зелянкова

Маўчанне Фiларэта

Зварот з просьбай заступніцтва ў рэабілітацыі бела-чырвона-белых колераў, які больш за месяц таму быў накіраваны Мітрапаліту Мінскаму і Слуцкаму Філарэту ад Саюза пісьменнікаў і Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”, да гэтай пары застаецца без адказу. Невядомая пакуль і раэкцыя Уладыкі на саму просьбу, выказаную ў лісце.

6 кастрычніка бягучага года да Мітрапаліта Філарэта быў накіраваны зварот за подпісамі старшыні Саюза пісьменнікаў Алеся Пашкевіча і кіраўніка Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” Аляксея Марачкіна. У лісце гаворыцца: “Сёння несправядліва і неабгрунтавана зганьбаваныя і забытыя старадаўнія хрысціянскія колеры, з якімі беларусы неад’емна звязвалі сябе на працягу шматвекавой гісторыі... За апошнія гады, на вялікі жаль, гэтыя сімвалы былі палітызаваны і незаслужана набылі негатыўнае адценне як сярод большасці нашага грамадства, так і ўладаў дзяржавы... Фактычна бела-чырвона-белае спалучэнне апынулася пад забаронай”.
Просячы Уладыку Філарэта выступіць апекуном у справе вяртання гэтых колераў у грамадскі ўжытак, аўтары ліста нагадваюць пра старадаўняе хрысціянскае паходжанне гэтага двухкалора: да сённяшніх дзён бела-чырвона-белыя стужкі прысут-нічаюць на адзенні праваслаўных патрыярхаў і ленціях на епіскапскіх мантыях.
— Наша задача — рэабілітаваць і вярнуць значэнне гэтых колераў, якія маюць больш глыбокі сэнс, чым гэта падаецца зараз, — кажа намеснік старшыні Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” Ніна Шыдлоўская. — Нам бы вельмі хацелася, каб Уладыка Філарэт аказаў пэўнае спрыянне ў гэтай справе. Аднак пакуль ніякага адказу ад яго мы не атрымалі.
У канцылярыі Епархіяльнага ўпраўлення карэспандэнту “Салідарнасці” пацвердзілі, што ўзгаданы зварот сапраўды паступаў і быў перададзены Мітрапаліту Філарэту асабіста.
— Пакуль ліст яшчэ знаходзіцца ва Уладыкі на разглядзе, — паведамілі там.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)