Общество

Улад Швядовіч, фота Надзеі Бужан, Наша Нiва

Матуля з 328: «Сыну было 17, а далі 10»

У Кіеўскім скверы ў Мінску прайшоў дазволены мітынг. Яго арганізавалі жанчыны з руху «Матулі 328», чыі дзеці асуджаныя за распаўсюд наркотыкаў, а таксама актывісты грамадскай кампаніі «Легалайз Беларусь»

Хто такія «Матулі 328»?

Гэта рух, які складаецца з беларускіх жанчын, чые дзеці ці блізкія сваякі адбываюць пакаранне па «наркатычным» артыкуле 328 Крымінальнага кодэксу («Незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў»). Адсюль, адпаведна, і назва руху.

Жанчыны ўжо не першы год патрабуюць зменшыць гіганцкія турэмныя тэрміны, якімі караюць тых, каго бяруць за распаўсюд наркотыкаў ці іх захоўванне.

У сваёй барацьбе «Матулі 328» выкарыстоўвалі розныя метады. Самы вядомы крок — галадоўка ў 2018 годзе, у якой узялі ўдзел больш за 10 жанчын. Тады «Матуляў» запрасілі на сустрэчу з прадстаўнікамі Адміністрацыі прэзідэнта, дзе жанчынам паабяцалі, што змякчэнне наркатычнага заканадаўства будзе разгледжана. Але ж плёну не дало — пра галадоўку «Матуляў» даведаўся Лукашэнка і назваў іх дзеянні «недапушчальным ціскам» і ўмяшаннем у правасуддзе. Ён заявіў, што ніякіх паслабленняў у антынаркатычным заканадаўстве не будзе.

Цяпер «Матулі 328» працягваюць сваю барацьбу. На гэты раз — аб’яднаўшыся з Пятром Маркелавым і яго рухам «Легалайз Беларусь».

Што за Маркелаў, што за «Легалайз»

Пятро Маркелаў — 24-гадовы юнак. Выхадзец з «Руху за Свабоду», пасля расколу «Руху» на прыхільнікаў Юрыя Губарэвіча і Алеся Лагвінца Маркелаў застаўся на баку апошняга і яго «Дзеі».

Раней Маркелаў неаднаразова быў заўважаны ў беларускай медыяпрасторы. Нагоды былі самыя розныя.

У 2014 ён вырашыў стаць кандыдатам у дэпутаты мясцовых саветаў і зладзіў нават штосьці падобнае на перадвыбарчую кампанію. Праўда, варта прызнаць, што ў сваіх дзеяннях Маркелаў перадусім адзначаўся тролінгам (напрыклад, інтэрв’ю тут).

Пятра затрымлівалі, калі ён быў назіральнікам на парламенцкіх выбарах у 2016 годзе. У 2017 Маркелаў браў удзел у Маршы недармаедаў (і сядзеў на сутках за відэа затрымання студэнтаў у тралейбусе).

А затым Маркелаў стварыў «Легалайз Беларусь» — рух за легалізацыю наркотыкаў. Туды ўваходзіць шэраг маладых людзей і немалады «актывіст» Алесь Таўстыка.

Займаюцца «легалайзаўцы» розным: ладзяць сустрэчы, чытаюць лекцыі «Як зменшыць шкоду ад наркотыкаў», выпускаюць налепкі і футболкі. Але больш вядомыя розныя «перформансы» Маркелава і кампаніі: «Канапляная каляда», ці пікет у фоташопе, калі Маркелаў у фотарэдактары дадаў сваю выяву з плакатам на здымак будынка МУС. За гэта, дарэчы, ён правёў трое сутак у ізалятары і пасля атрымаў штраф.

Але на мітынгу самога Маркелава не было: па словах паплечнікаў, сёння Пятро недзе за мяжой. Ад «Легалайз Беларусь» удзел у сходзе ўзяў «каардынатар камунікацый» Стас Шашок.

«20-гадовы сын. Далі 14 гадоў»

Агулам мітынг сабраў каля 50 удзельнікаў. Ён быў дазволены, таму нездалёк дзяжурыла хуткая, стаяла міліцыя. Ляніва шпацыравалі туды-сюды «непрыкметныя» ціхары з відэакамерамі.

Большасць удзельніц — жанчыны, тыя самыя «Матулі 328». Яны разгарнулі на ўваходзе каля Кіеўскага сквера плакаты, расцяжкі з фота і зладзілі сапраўдную інсталяцыю. Разлічана гэта было ў асноўным на прэсу, бо мінакоў у сярэдзіне працоўнага дня ў раёне сквера няшмат.

Гісторыі жанчын, канечне, трагічныя. У кожнай хтосьці пад вартай: муж, сын, брат.

«У мяне пад вартай 18-гадовы сын, далі 7 гадоў…»

«20-гадовы сын. Далі 14 гадоў».

«Сыну было 17 гадоў. Пасадзілі на 10».

«У калоніі муж. Далі 7…»

Артыкулы розныя. Але вельмі шмат тых, чые сваякі былі асуджаныя менавіта па частцы 4 артыкула 328. Гэта распаўсюд групай асобай, пакаранне — ад 10 да 20 гадоў з канфіскацыяй маёмасці.

Дарэчы, гэта падабаецца не ўсім жанчынам. Ліяна Шуба, якая брала ўдзел у леташняй галадоўцы, выйшла з «матчынага руху». Яна тлумачыць гэта тым, што спачатку рух аб’ядноўваў жанчын, чые дзеці сядзяць відавочна несправядліва, напрыклад, за зусім нязначную колькасць марыхуаны. А цяпер, кажа Шуба, у руху шмат тых, чые сваякі асуджаныя за гандаль і распаўсюд у буйных памерах. Гэта выклікае пытанні, кажа Ліяна.

На пачатку мітынга жанчыны разгарнулі плакаты з рознымі заклікамі: «Патрабуем сустрэчы з прэзідэнтам», «Не прымушайце нас галадаць», «Шуневіча ў адстаўку».

Быў і велізарны плакат з тэкстам:

«Я за тое, каб спажыўцоў псіхаактыўных рэчываў каралі нашмат больш жорстка, чым забойцаў і гвалтаўнікоў. Я супраць таго, каб хворыя людзі атрымлівалі лекі. Я за тое, каб міліцыя падштурхоўвала дзяцей набываць у іх канфіскаваныя наркотыкі. Я супраць дабрабыту і эканамічнага росту. Я за тое, каб наркадылеры прадавалі ўсё больш няякасныя і шкодныя рэчывы, БО Я СУПРАЦЬ НАРКОТЫКАЎ».

Праўда, трохі падумаўшы, жанчыны вырашылі, што іранічны падтэкст гэтага меседжу, можа, і не кожны зразумее. Таму зверху сінім маркерам на ўсякі выпадак некалькі разоў напісалі: «Іронія».

Таксама жанчыны прынеслі па пары абутку сваіх дзяцей. Іх выставілі, «каб паказаць колькасць асуджаных».

Адна з жанчын — Алена Кузьміна — апранулася ў нейкі панкаўскі парык, начапіўшы на грудзі шыльду «нявызначаная асоба».

«Я хачу, каб звярнулі ўвагу, што ў справах вельмі часта фігуруюць фармулёўкі пра «нявызначаных асоб», «нявызначаны час», «нявызначанае месца». Але гэта нікога не засмучае пры вынясенні прысуду», — патлумачыла Кузьміна.

Затым жанчыны па чарзе бралі слова. Таццяна Канеўская — адна з тых, хто летась галадаў, — паведаміла, што на наступных парламенцкіх выбарах збіраецца ісці ў дэпутаты.

Праваабаронца Алег Воўчак у сваім выступе адзначыў, што калоніях па-ранейшаму прысутнічае падзел на «наркатычных» асуджаных і «звычайных».

Таксама Воўчак нагадаў пра праблему спатканняў — маладым людзям вельмі цяжка трываць зняволенне з сённяшняй сістэмай, калі спатканні даюць вельмі рэдка і неахвотна. Адна з матуляў паведаміла, што яе сына ўвогуле пастаянна пазбаўляюць спатканняў, як правапарушальніка. На яе думку, гэта таму, што «яго маці надта актыўная».

«Нам нярэдка кажуць: маўляў, паглядзіце ў вочы жанчын, якія страцілі дзяцей праз наркотыкі. А я бачу гэтыя вочы кожны дзень — у люстэрку. Гэта я, гэта мы — тыя маці, якія таксама страцілі сваіх дзяцей праз наркотыкі», — выказалася іншая жанчына.

Падымалася і пытанне размежавання пакаранняў у залежнасці ад ступені небяспечнасці рэчыва. Каб не было аднолькавага пакарання за марыхуану — легалізаванае ў некаторых краінах рэчыва — і «спайсы», пасля якіх школьнікі рэзалі адзін аднаго.

Але надзеі на тое, што гэты мітынг хоць штосьці зменіць, асабліва няма. Пазіцыя дзяржавы вядомая.

Выступіў і прадстаўнік «Легалайз Беларусь» Стась Шашок. Малады чалавек выказаў пазіцыю сваёй суполкі: людзі вольныя ў сваіх учынках, спайсы небяспечныя, а фраза, што наркотыкі — зло ёсць крывадушнаю, і ўвогуле, трэба казаць «псіхаактыўныя рэчывы», а не наркотыкі.

«Няма рэчываў, ад якіх з’яўляецца залежнасць пасля аднаго ці некалькіх ужыванняў!» — мяркуе Шашок. Алкаголь і тытунь — гэта ж таксама наркотыкі, нагадаў хлопец і параўнаў пасадкі па артыкуле 328 з генацыдам у нацысцкай Германіі.

Яго выступ жанчыны сустрэлі апладысментамі.

Варта адзначыць, што беларускае заканадаўства сыходзіць з таго, што наркатычныя рэчывы нашмат больш больш небяспечныя, чым алкаголь і тытунь. Медыкі іншых краін у большасці сваёй трымаюцца такой жа думкі.

Шашок — юрыст, дапамагае жанчынам складаць петыцыі. «Легалайзаўцаў» жанчыны хваляць, кажуць, што «добрыя хлопцы, нам дапамагаюць». Шмат хто з жанчын падзяляе ідэю дэкрыміналізацыі марыхуаны, бо іх дзеці сядзяць за нязначную колькасць «травы».

Некаторыя іншыя патрабаванні жанчын могуць быць прынятыя грамадствам у штыхі. Напрыклад, прапанова амністыі для ўсіх, асуджаных па артыкуле 328.

Між тым у рэзалюцыі, якую прынялі ў канцы мітынгу, акурат патрабаванне амністыі прагучала, а таксама патрабаванні пераглядзець усе справы, дзе ёсць фармулёўкі «нявызначаныя асобы». Мітынгоўцы патрабуюць таксама падзяліць дробных распаўсюднікаў і буйных пастаўшчыкоў і ўвесці тэрмін «нязначная колькасць рэчыва», адмяніць крымінальнае пакаранне для спажыўцоў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 2.7(9)