“Матэрыяльнай дапамогай нанесла пенсіянерцы псіхалагічную траўму”

Журналісты недзяржаўнай “Газеты Слонімскай” Вольга Шынкевіч і Мікола Канановіч былі выкліканы ў Слонімскую міжраённую пракуратуру для дачы тлумачэнняў наконт сваіх артыкулаў, дзе яны расказваюць пра цяжкае жыццё адзінокіх састарэлых людзей у горадзе. Заяву з патрабаваннем разабрацца з журналістамі, якія нібыта сказілі факты ў сваіх публікацыях, у пракуратуру накіравала загадчык аддзела па працы і сацыяльнай абароне Слонімскага райвыканкама Кацярына Руткоўская.

Вольга Шынкевіч у сваім матэрыяле “Больше всего бабе Наде хочется умереть” распавядае пра 80-гадовую сланімчанку Надзею Пясецкую, якая жыве у паўразбуранай хаце, дзе няма электрычнасці. Састарэлая жанчына расказала карэспандэнтам “ГС”, што жыве адна, дапамагчы няма каму, а сіл не заўсёды хапае дайсці да крамы, таму вельмі часта нават няма чаго есці. Падчас падрыхтоўкі артыкулу ў друк, журналісты “ГС”, кіруючыся спачуваннем да пажылой жанчыны, завезлі ёй прадукты харчавання, — расказала супрацоўніку службы маніторынгу БАЖ В.Шынкевіч.

У артыкуле Міколы Канановіча “Ілья Шундрык: “Пачакаў я месяц, другі — ніхто нічога не робіць” расказвалася, як 83-гадовы сланімчанін – ветэран вайны на працягу доўгага часу чакае ад мясцовых уладаў дапамогі, каб адрамантаваць дах хаты.

У заяве загадчыцы аддзелу па працы і сацыяльнай абароне адзначаецца, што журналіст “ГС” Вольга Шынкевіч сваёй матэрыяльнай дапамогай нанесла Н.Пясецкай псіхалагічную траўму. Быццам бы, пасля дапамогі журналісткі жанчына адмаўляецца нават гутарыць з людзьмі. А факты, выкладзеныя ў артыкуле М.Канановіча, паводле скаргі К.Руткоўскай, не адпавядаюць рэчаіснасці.

Старшы следчы Слонімскай міжраённай пракуратуры Валерый Карытца папрасіў патлумачыць Вольгу Шынкевіч, адкуль, на якой падставе з’явіўся артыкул пра Н.Пясецкую, удакладніць, хто тэлефанаваў у рэдакцыю і прасіў дапамогі ў журналістаў, што гаварыла Надзея Пясецкая пры сустрэчы з журналістамі, ці пыталася карэспандэнт дазволу фатаграфаваць хату, ці паказвала журналісцкае пасведчанне і г.д. Таксама следчага цікавіла, чаму Вольга Шынкевіч вырашыла дапамагчы састарэлай бабульцы, якія прадукты ёй прынесла?

Асабіста азнаёміцца са скаргай з боку К.Руткоўскай карэспандэнту “ГС” В.Шынкевіч следчы не даў, патлумачыў, што сам зачытае асобныя радкі з заявы.

Аналагічныя пытанні следчы В.Карытца задаваў і журналісту Міколу Канановічу, аўтару артыкула пра слонімскага ветэрана ВАВ Ілью Шундрыка. Паводле спадара Канановіча, калі гісторыя яго публікацыі была выкладзена і запісана, следчы адзначыў, што “шкада і нашага, і вашага дарэмна патрачанага часу”.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 0 (оценок:0)