Беседка
Руслан Гарбачоў

«Масквічы выходзяць з маёй хаты пакрыўджанымі»

Пісьменнік Віктар Казько расказаў «Салідарнасці» пра сваё цяперашняе жыццё, кур’ёзную сітуацыю з Васілём Быкавым і волю да перамогі Генадзя Бураўкіна.

Фізічная праца хутка будзе за асалоду і ўзнагароду. Гэта тое, чаго не стае сучаснаму чалавеку. Людзі страшэнна пацяжэлі. Раней думалі, дзе і як паесці, а цяпер – дзе і як пахудзець.

***

Нас паставілі на кампутарныя і тэхнічныя мыліцы. Узяты накірунак на вузкую спецыялізацыю чалавека, мазгі ў яго ўсыхаюць.

***

Не люблю экскурсій. Мне не цікава тое, што мне ўбіваюць у галаву, а цікава тое, што вылучае маё вока і розум.

***

Маё лецішча ў вёсцы Пціч (побач з музеем рамёстваў «Дудуткі»С.) рабуюць штогод. Усе замкі не ад злодзеяў, а ад добрых людзей. Здаецца, што тут браць? У 90-х і пачатку 2000-х, калі быў галодны час, і я не заўсёды быў здольны пракарміць ката, вяскоўцы кралі пляшкі, шклянкі, склоікі, посцілкі, бялізну.

Апошнія гады амаль нічога не бяруць, беспарадак толькі застаецца. Лямпачкі было выкруцілі, рогі лася, што я прывёз з Сібіры, забралі. Кніжак не чапалі.

***

Мая пенсія складае 3,5 млн. Вялікая, я лічу. На такія грошы шмат хто жыве з тых прафесій, на якіх трымаецца Беларусь: урачы, калгаснікі. Ды яшчэ б’ецца з некалькімі дзецьмі. А нам з жонкай у нашым узросце багата не трэба, сын сам зарабляе. Вялікае шчасце бацькам, калі ім не прыходзіцца дапамагаць дзецям. І наадварот: калі і ім ад дзяцей нічога не трэба.

***

Пуцінская ўлада давяла расіян да істэрыі. Яны ўпалі ў эйфарыю, але не падумалі, што труны пойдуць да іх. Што моргі ва Украіне забітыя расійскімі целамі. Што вайна, якая б яна ні была, як бы не далучалі Крым, не змагаліся за Данецкі і Луганскі, – гэта кроў і забойства.

***

Многія з масквічоў, харошых знаёмых, выходзяць з маёй хаты пакрыўджанымі. Што зробіш: ад імперскага мыслення без культуры, без духоўнасці пазбавіцца немагчыма, якімі б вы інтэлігентамі не былі. Бяда, што не па-імперску расіяне думаць, прынамсі, сёння не могуць.

***

З Генадзем Бураўкіным у апошні час у нас былі штодзённыя размовы. Аднойчы ён расказаў пра свае гады студэнцтва. На стадыёне праходзілі спаборніцтвы, Генадзь выйшаў на бегавую дыстанцыю. А дарожкі былі пасыпаны не пяском, а нейкім іншым пакрыццём і бегчы ў абутку было вельмі цяжка. І вось Бураўкін бег, але раптам скінуў туфлі і далей рухаўся босы ў шкарпэтках. Увесь стадыён крычаў яму: «Долгий, гони! Гони!».

Такое агульнае ўражанне ў мяне і засталося ад Бураўкіна: як ён босы, калечачы ногі, бег сваю дыстанцыю, ствараў беларускае тэлебачанне, ратаваў мову і змагаўся за беларускае.

***

Ірына Міхайлаўна Быкава расказвала. За Бягомлем ёсць дзяржаўная траса. Быкаў ехаў з ёю ў грыбы ці яшчэ дзе і, забыўшыся, завярнуў на гэтую дзяржаўную трасу. Ірына Міхайлаўна заўважыла: Васіль, а што гэта такое – за намі ні адной машыны, а насустрач толькі чорныя «Волгі» едуць.

Для мяне гэта паказальная гісторыя пра Быкава. У яго была свая дарога насуперак агульнаму руху і ўладным «Волгам».

***

Ляжаў неяк у бальніцы і побач са мною апынуўся дзядок – з тых паважаных партызан. І з тых, хто ў свой час паўстаў супраць «гнілых» пацыфістаў і гуманістаў: Быкава, Адамовіча і іншых. Я ж гэтага не ведаў. Пачалі размову пра літаратуру, а ён як залямантуе: «А-а-а-а! Быкаў! Ён у «Знаку бяды» вывеў паліцая з прозвішчам Каландзёнак! Гэта ж маё прозвішча!!!».

***

Уладзімір Някляеў – дзейсная натура. яму заўсёды хацелася ўсё ўбачыць, да ўсяго далучыцца, усё паспрабаваць. Аднойчы ён смела прапанаваў сакратару ЦК па ідэалогіі Аляксандру Кузьміну стварыць... падводнае кафэ. Прапанаваў гэта партдзеячу, які спрабаваў разагнаць хіпі ў цэкоўскім парку. Выйшаў са свайго кабінета, а яму сказалі: «Дзед, піз...й, адсюль, а то нацягнем табе што-небудзь на вушы».

***

У вайну загінулі мая маці і сястра, я трапіў у новую сям’ю бацькі. Але начытаўся кніжак і чакаў сустрэчы са сваім сапраўдным лёсам.

Тады столькі беспрытульнікаў было – жах. Усё беглі на поўдзень, дзе цёпла і лягчэй здабыць харч, а я пабег на Усход – на Аляску. Далей Масквы не прабіўся. У мяне спыталіся, дзе жыву. І я са сваёй беларускай мовай адказаў: да тут, у Маскве, каля Крамля.

***

Быў час, калі свая працоўная маладая сіла ў Сібіры пачала вычэрпвацца, і яны прыехалі набіраць беларускіх дзетдомаўцаў. Я начытаўся пра шахцёраў і ўгаварыў паехаць са мною пад 20 хойніцкіх дзетдомаўцаў. Зрабіў, можна сказаць, ім зло. З іншага боку, што іх тут чакала? Нас павезлі цэлы эшалон. Яны скончылі са мною у Кемерава горнапрамысловае вучылішча і ўладкавадіся на шахту.

***

Пасля вяртання з Сібіры я набыў хату ў вёсцы Вільча на Жыткаўшчыне. У свой час мы, дзетдомаўцы, выратавалі яе ад агню. Больш прыгожых мясцін на зямлі, магчыма, не існуе. Чвэрць стагоддзя я абараняў мясцовыя дубровы ад лесарубаў. Пісаў у Маскву, наш ЦК.

Старшыня калгаса глядзеў на мяне спачатку як на дзівака, а пасля пакруціўся ў сваім асяродку і ўбачыў, што меліярацыя нічога добрага не дала. Калі аднойчы лесарубы прехалі рэзаць дубраву, мы з Міхаілам Цімафеевічам Субатам прывезлі пад дрэвы старых і дзяцей. Паказалі, што зрэзаныя дрэвы могуць іх забіць. Лесарубы мацярыліся, пляваліся, але забралі свае бінзапілы і з’ехалі.

***

Мой Колька Лецечка, галоўны герой аповесці «Суд у Слабадзе», спісаны з майго сябра Васіля Дзятлава, з якім мы жылі ў адным пакоі ў Хойніцкім дзетдоме. Зусім маленькім ён пабываў у сырым канцлагеры, з-за чаго на ўсё астатняе жыццё меў праблемы са здароўем. Скончыў заатэхнікум у Калінкавічах, у 40 год – інстытут. Але кожны год лячыўся з вачыма і вушамі. І не вытрымаў пакут – засіліўся.

***

Як скончылася савецкая улада, усе гэтыя палітыкі сталі без пасад нармальнымі людзьмі.

***

Сапраўдная старасць – гэта калі знікае унутраная напружанасць чалавека. Калі знікае жаданне перарабіць нешта, перайначыць, зрабіць па-свойму. Шкада, што мне гэтага не хапае.

***

Я ніколі не быў гаваркім. Пры ўсёй адкрытасці шмат чаго трымаў у сабе. Гэта было маё другое жыццё. Думаю, гэтым чалавек і цікавы свету. Калі чалавек адкрыты і ясны для астатніх – гэта, на мой погляд, сведчыць пра тое, што ён дурнаваты.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)