Масква ў асобе прэмʼера ловіць Лукашэнку на яго словах

Лукашэнка «абвяргае» атручэньне Навальнага, Мішусьцін заяўляе пра «адзін народ» — такія папярэднія публічныя вынікі візыту прэмʼера РФ у Беларусь, піша палітычны аглядальнік Свабоды Юры Дракахруст

Візыт Міхаіла Мішусьціна ў Менск — гэта падрыхтоўка да сустрэчы ў Маскве кіраўнікоў Беларусі і Расеі Аляксандра Лукашэнкі ў Ўладзіміра Пуціна. Аднак функцыі візыту ня толькі тэхнічныя.

Мішусьцін узяў у паездку палову складу расейскага ўраду. Пажаданьні Расеі былі выкладзеныя ва ўчорашнім рэдакцыйным артыкуле беларускай рэдакцыі «Спутника», сярод іх — згода на паглыбленьне інтэграцыі (пераважна ў эканамічнай сфэры) і расейская вайсковая база.

Лукашэнка, які сам сабе пазбавіў альтэрнатывы, паспрабаваў падыграць Крамлю ў яго глябальнай гульні ў сувязі са справай аб атручэньні Навальнага. Паводле яго, беларуская выведка перахапіла гутарку Бэрліну і Варшавы, зь якой нібыта вынікае, што інфармацыя пра атручэньне расейскага апазыцыянэра — фэйк, прыдуманы для таго, каб адбіць ахвоту ў Расеі лезьці ў Беларусь.

Сапраўднасьць гэтага «выкрыцьця» выклікае вялікія сумневы, але зразумелы сэнс пасланьня: я падтрымліваю Расею на міжнароднай арэне, ня цісьніце мяне інтэграцыяй і «бухгальтарскімі» разьлікамі, а рабіце па-братэрску.

Мішусьцін рыторыку ахвотна падтрымаў, прыгадаў і паўтарыў словы пра «адзін народ». Але Масква ў асобе прэмʼера ловіць Лукашэнку на яго словах. Адзін народ — значыць, шмат чаго адзінага ў яго павінна быць.

Мішусьцін сказаў пра будучыню саюзнай дзяржавы, «якая будзе заснаваная на абсалютна незалежнай пазыцыі нашых дзяржаў, але з адпаведнымі мерапрыемствамі эканамічнага характару, пра якія мы дамаўляліся».

А мерапрыемствы эканамічнага характару — гэта 30 «дарожных мапаў» інтэграцыі.

І ніякай пэўнасьці наконт мільярду даляраў, які Расея, па словах Лукашэнкі, сказаных некалькі дзён таму, ужо выдзяляе Беларусі на пакрыцьцё доўгу перад Расеяй жа.

Паводле Лукашэнкі выдзяляе. А расейскі прэмʼер маўчыць.

І ніякага «дзякуй» за дапамогу ў справе Навальнага. Відаць, не каштуе гэта мільярду.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(28)