Политика

«Масква больш не бясьпечны горад для беларусаў. Спэцслужбы Лукашэнкі могуць адтуль выкрасьці»

Справа Кастусёва-Фядуты-Зянковіча – у чым прычыны арышту гэтых асобаў? На гэтыя пытаньні на Свабодзе адказваюць палітолягі Павал Вусаў і Дзьмітры Балкунец.

Будынак КДБ Беларусі ў Менску

КДБ паведаміў, што затрыманыя па крымінальнай справе старшыня партыі БНФ Рыгор Кастусёў і журналіст Аляксандар Фядута. Напярэдадні жонка Фядуты Марына Шыбко паведаміла, што Аляксандар зьнік у Маскве.

Жонка амэрыканскага юрыста беларускага паходжаньня Юрася Зянковіча Алена паведаміла, што яе муж быў затрыманы ў Маскве і апынуўся ў СІЗА КДБ.

Балкунец:

КДБ Беларусі выйшаў за межы краіны і вырашыў адлоўліваць тых, хто выказваў сваю крытычную пазыцыю ці рабіў нейкія дзеяньні супраць рэжыму Лукашэнкі.

Тэртэль у кастрычніку летась абяцаў дацягнуць свае шчупальцы да ўсіх краінаў. Вось яны дацягнуліся да Масквы.

Супраць мяне рыхтавалася нешта падобнае.

Па тых гістэрыках, якія яны закочваюць, што не злавілі мяне ў Маскве, можна меркаваць, што ў іх нешта правалілася.

Пацярпеў Аляксандар Фядута.

Я атрымаў ад беларускіх актывістаў інфармацыю, што іх таксама нібыта запрашалі ў Маскву, ледзь ня ў Крэмль. Гэта была правакацыя, якую рыхтавалі беларускія спэцслужбы.

Ня ведаю, ці былі там задзейнічаныя расейскія спэцслужбы. Але па маіх зьвестках затрымлівалі беларускія спэцслужбы.

Вывозілі затрыманых праз аэрапорт Унукава.

Чаму не на машыне? Таму што можна не паказваць дакумэнты, а вывезьці на прыватным самалёце.

Масква больш не зьяўляецца бясьпечным горадам для беларусаў, беларускія спэцслужбы іх могуць адтуль выкрасьці.

Былі эпізоды, калі па справах бізнэсу выкрадалі расейскіх грамадзянаў і вывозілі ў Беларусь.

Не выключаю, што супраць Фядуты і Зянковіча ў Беларусі былі распачатыя крымінальныя справы. Брыгада прыехала ў Маскву, яны іх знайшлі і затрымалі.

А прадстаўнікі ФСБ ці МУС РФ стаялі побач і ўхвалілі экстрадыцыю затрыманых з Расеі паводле спрошчанай працэдуры.

Я абмяркоўваў гэтую тэму з уплывовымі дэпутатамі Дзярждумы, яны выказвалі незадавальненьне, што беларускія ўлады заплямліваюць Расею сваімі правакацыямі.

Тое, што грамадзянін ЗША затрыманы ў Маскве, можа адгукнуцца Расеі дадатковымі санкцыямі ЗША.

Я ўсё ж не выключаю, што расейскія ўлады не былі праінфармаваныя пра затрыманьні Фядуты і Зянковіча.

Я высьветліў, што Фядуту затрымалі 11 красавіка і ў той самы дзень даставілі ў Менск

Увесь фэдэральны друк паведаміў, што ён зьнік у Маскве.

Калі б расейскія спэцслужбы ведалі пра затрыманьне і вываз Фядуты, то дзяржаўныя СМІ Расеі атрымалі б рэкамэндацыю не пісаць пра зьнікненьне Фядуты.

Але яны пісалі, значыць, і расейскія спэцслужбы ня мелі інфармацыі, што зь ім.

Вусаў:

Я ня веру ў існаваньне змовы супраць Лукашэнкі ў сілавых структурах.

Калі б гэта было, то гэта праявілася б, калі былі масавыя пратэсты. Цяпер арганізаваць палацавы пераварот немагчыма.

Мяркую, што справа Кастусёва — гэта працяг кампаніі тэрору, якая мае на мэце зачыстку палітычнай прасторы ад нават бяскрыўдных асобаў.

Калі ўлады рыхтуюць велізарны працэс над «тэрарыстамі», да якіх можа быць далучаны і Аўтуховіч, і іншыя, то ідэалягічна БНФ упісваецца ў суд над «тэрарыстамі-нацыяналістамі-экстрэмістамі».

Калі нават кніга «Беларуская нацыянальная ідэя» прызнаецца экстрэмісцкай, то чаму і не?

Што да справы Фядуты-Зянковіча, то я сумняваюся, што гэта было зроблена без дазволу расейскіх уладаў.

Я перасьцерагаюся, што гэткія апэрацыі могуць быць праведзеныя і ў Літве, Польшчы і Ўкраіне, як у 20-я гады ХХ стагодзьдзя НКВД выкрадала лідэраў белага руху ў Парыжы

МЗС Беларусі ператвараецца ў філіял КДБ.

Затрыманьне Зянковіча — гэта сьвядомы выклік Злучаным Штатам.

Гэта падобна на выклік, які кінуў Захаду Пуцін, арыштоўваючы Навальнага і фактычна забіваючы яго ў калёніі.

І Расея, і Лукашэнка, які абапіраецца на Расею, упэўненыя, што Захад на сёньня ня ў стане нічога зрабіць.

Гэты выклік упісваецца ў кантэкст іншых крокаў канфрантацыі — «аптымізацыі дыпляматычных пляцовак», абвінавачаньняў на адрас Польшчы, цкаваньня актывістаў польскай грамады ў Беларусі.

Адказ Захаду будзе дзейсным, калі ён будзе скаардынаваным.

Калі ня будзе сур’ёзнай рэакцыі Захаду, то рэпрэсіі ў Беларусі будуць працягвацца і пашырацца.

Карбалевич: «Возможно, что-то мы узнаем в новом «шпионском фильме» по БТ»

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(17)