Машына-месца ў Мінску каштуе амаль як аднапакаёўка
З кастрычніка гэтага года ў Беларусі з’явіўся новы від нерухомасці — машына-месца. Купіць месца для машыны стала лягчэй, але не танней.
«У мэтах прастаты і даступнасці працэдуры афармлення такіх аб'ектаў і правоў на іх прадугледжваецца, што машына-месцы будуць падлягаць дзяржаўнай рэгістрацыі. Гэта дазволіць спрасціць механізм продажу машына-месцаў і павысіць іх прывабнасць для пакупнікоў», — гаворыцца ў афіцыйным каментары да адпаведнага ўказа.
Гаворка вядзецца пра падземную паркоўку, якую ўладальнік аўтамабіля выкупляе ў сваю ўласнасць. Такая магчымасць ёсць у жыхароў далёка не кожнага дома — падземныя стаянкі ёсць толькі ў дарагіх новабудоўлях.
Напрыклад, кампанія «Інвест-Сістэм», якая будуе дом на праспекце Дзяржынскага ў Мінску, прадае 63 месцы на падземнай стаянцы. Цана кожнага перавышае 83 мільёны рублёў. Гэта каля 28 тысяч доллараў!
Ва ўласнасць пераходзіць некалькі квадратных метраў заасфальтаванага пакрыцця. Гэта нават не гараж, які можна выкарыстоўваць для захоўвання нейкіх рэчаў. Чаму ж так дорага? «Нашыя эканамісты вылічылі менавіта такую суму. Сістэмы аховы і пажаратушэння, спецыяльнае пакрыццё патрабуюць вялікіх выдаткаў», — кажуць прадстаўнікі кампаніі.
У першым беларускім хмарачосе «Ветразь», што будуецца на скрыжаванні вуліц Кальварыйскай і Клары Цэткін, машына-месца каштуе 25 тысяч доллараў.
На 204 кватэры прадугледжана 203 парковачныя месцы.«Нашыя кліенты — забяспечаныя людзі. Яны могуць дазволіць сабе такія выдаткі, тым больш што дом знаходзіцца ў цэнтры горада, дзе знайсці іншую стаянку праблематычна», — каментуюць у офісе забудоўшчыка.
Калі шукаць бюджэтны варыянт, то можна знайсці кошт 16 тысяч доллараў. Столькі каштуе месца ў доме на Грушаўцы ад кампаніі «Лада-Інвест». Для параўнання, кошт падземных парковачных месцаў у цэнтры Масквы дасягае 200 тысяч доллараў!
Сярэдні «бюджэтны» варыянт у спальным раёне расійскай сталіцы каштуе 43 тысячы доллараў.
Цікава параўнаць кошт мінскага машына-месца з цэнамі на другасным рынку жылля. Паводле інфармацыі з сайта Realt.by, на продаж выстаўленыя недарагія аднапакаёвыя кватэры коштам 32—33 тысячы доллараў. Плошча такіх кватэр складае каля 30 квадратных метраў.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное