Масавае браканьерства пад Баранавічамі
Увечары 9 лютага карэспандэнт «IP» стаў відавочцам шалёнай здабычы рыбы гараджанамі на торфакар’еры «Атлант», што пад Баранавічамі.
У народзе гэты вадаём вядомы таксама як Сталовіцкія разлівы. Агульная плошча вады – ажно пад 500 гектараў. Ужо не першы тыдзень з вечара і да самай ночы тут больш тлумна, як на рынку ці ў Лядовым палацы. Народ падцягваецца да вадаёму не з вудамі, а з бензапіламі, ламамі ды вялізнымі сакамі, а сыходзіць з поўнымі мяхамі рыбы. Людзі выразаюць у лёдзе агромністыя квадратныя лункі, да якіх выплывае зняможаная ад недахопу кіслароду рыба. Яе застаецца адно падхапіць і пакласці ў мяшок.
Наўзбоч натоўпу стаяць супрацоўнікі Слонімскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету, а таксама Баранавіцкай горрайінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы наваколля.
– Цяпер мы з вамі назіраем эпізод масавага браканьерства, – даў ацэнку сітуацыі адзін з прадстаўнікоў інспекцыі.
Відочна, што такую сітуацыю проста немагчыма было кантраляваць. Інспектары толькі абышлі людзей, каб распавесці ім правілы рыбнай лоўлі і паглядзець, ці не карыстаюцца тыя колючымі ды іншымі забароненымі прыладамі.
Па словах інспектараў, эколагі чакаюць экстраннага прыняцця рашэння Баранавіцкім райвыканкамам, якое абвесціць замор рыбы на гэтым вадаёме.
Такое рашэнне ўзаконіла б тую карціну, якую сёння давялося назіраць карэспандэнту “IP”. Насельніцтву законна змагло б здабываць рыбу з прабітых лунак, але толькі да 5 кілаграмаў на чалавека, толькі ўдзень і толькі дазволенымі спосабамі.
Пакуль жа на вадаёме адбываецца сапраўднае масавае самадурства, з якім ніхто нічога не можа зрабіць.
Читайте еще
Избранное