Марына Коктыш – лаўрэатка прэміі фонда Цайт

Намесніца галоўнага рэдактара газеты «Народная воля» стала лаўрэаткай міжнароднай прэміі імя Герда Буцэрыуса «Маладая прэса Усходняй Еўропы — 2009» (прэміі фонда Цайт).

Журналістка ўжо атрымала запрашэнне на ўрачыстую цырымонію ўручэння, што пройдзе 15 чэрвеня ў Нобелеўскім інстытуце ў Осла (Нарвегія).

«Безумоўна, у нашай сённяшняй няпростай сітуацыі са СМІ, калі недзяржаўныя газеты апынуліся на мяжы закрыцця (у тым ліку, дарэчы, і „Народная воля“), гэтая прэмія — вялікая прыемнасць. Гэта знак увагі і падтрымкі з боку еўрапейскіх калег», — зазначыла Марына Коктыш у гутарцы з прэс-службай БАЖ, якая павіншавала журналістку з перамогай.

Прэмія «Маладая прэса Усходняй Еўропы» была заснаваная ў 1999 годзе нямецкім фондам «Zeit». Заснавальнік гэтага фонду — Герд Буцэрыус, вядомы выдавец, юрыст, палітык, які выступаў за свабоду слова. У апошнія гады да арганізатараў конкурсу далучыўся таксама нарвежскі фонд «Свабоднае слова». Лаурэатамі ўзнагароды могуць стаць як сродкі масавай інфармацыі, так і асобныя журналісты з Беларусі, Украіны, Грузіі, Расіі і паўднёвага Каўказа, якія выступаюць у падтрымку свабоды прэсы, свабоды слова і ліберальнай грамадзянскай супольнасці. Ад кожнай краіны журы штогод абірае аднаго альбо некалькіх лаўрэатаў.

У папярэднія гады прэмію Цайта з беларускіх СМІ атрымлівалі: «Борисовские новости», «Новы час»,«Газета Слонімская», «Ежедневник», інфармагенцтва БелаПАН, «Белорусская деловая газета», «Салідарнасць», «Белорусский рынок», «Народная воля», «Свободные новости», «Наша Ніва», «Брестский курьер», «Витебский курьер-М», «Intex-press», «CDmag», Святлана Калінкіна, Мікола Маркевіч, Ася Трацюк.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)