Комментарии

Віктар Марціновіч, budzma.by

Марціновіч: У Беларусі з’явіўся другі палітык

Пяці незалежным беларускім рэдакцыям удалося інфармацыйна перайграць вопытнага расійскага гульца Міхаіла Бабіча. Прынамсі калі я цяпер, праз некалькі гадзін пасля прэсавай канферэнцыі, гартаю стужкі ў сацыяльных сетках, навіна пра байкот прэсавай канферэнцыі сустракаецца часцей за сутнасныя заявы з самой прэсавай канферэнцыі.

Але не варта падманвацца: пасля пятнічнай свары дыпламатаў Беларусь аказалася ў прынцыпова новай сітуацыі — сітуацыі, у якой не была прыкладна з 1995 года.

Выраз «публічная дыпламатыя» ў адлупе беларускага МЗС прагучаў недарэмна. Падначаленыя Макея зразумелі сутнасць таго, што адбываецца, хутчэй за ўсіх. Роля, у якой нечакана для ўсіх праявіў сябе дыпламатычны пасланнік Расіі, афарбавалася менавіта на ўзроўні рыторыкі. І гэта вельмі нязвыклая роля, якая палохае ўсіх у Беларусі. Выявілася, што для стварэння адчування жыцця на перыферыі Масквы нічога болей і не трэба. Ні падпісаных дамоваў, ні адзінай валюты, ні прадстаўніцтваў саюзнай пракуратуры і саюзнага суда там, дзе раней былі беларуская пракуратура і беларускі суд. Дастаткова, каб чалавек з Масквы настаўніцкім тонам вяшчаў сваю праўду-матку: на посткаланіяльныя мазгі беларускіх выканаўцаў і чынавенства ўсё накладаецца праз прызму яшчэ машэраўскіх нораваў.

Яны ў такіх сітуацыях глядзяць не ўверх, а ўбок. Прычым нікому не трэба тлумачыць, у які дакладна бок яны глядзяць.

Класковский: «Теперь от России особо не отгребешь. Скорее — огребешь»

Мяне асабліва ўразіла, што свае пярэчанні беларускаму МЗС Бабіч рабіў, знаходзячыся ў Віцебскай вобласці з працоўным візітам. І, здавалася б, нічога дзіўнага для любой іншай краіны: замежны дыпламат у мэтах паляпшэння супрацоўніцтва паміж краінамі едзе завязваць кантакты на перыферыю.

Але ж гэта Беларусь, дзетка. Краіна, у якой «з працоўнымі» мэтамі ў абласныя цэнтры пры ўжо фактычна абвешчанай электаральнай кампаніі дагэтуль ездзіў толькі адзін чалавек. Усе астатнія глядзелі і вучыліся.

У гэтым сэнсе ў кожным слове, сказаным Бабічам, паўстае нечаканая моц. Бо чалавек — во! — ездзіць з працоўнымі візітамі ў Віцебскую вобласць. У прынцыпе, большасці папярэднікаў Бабіча на пасадзе надзвычайнага і паўнамоцнага пасла Расіі дастаткова было б аднаго фотаздымка з патэнцыйнымі кандыдатамі ў прэзідэнты ад апазіцыі ў перадвыбарчы год, каб пачаць збіраць > для вандроўкі дадому.

Але ў выпадку з Бабічам усё дужа складана. Узровень хамства пешкі з МЗСа — усё, што можа сабе дазволіць для павучання Бабіча Беларусь, з улікам таго, хто за Бабічам стаіць, як Беларусь спрабавала пазбегнуць Бабіча і як таго Бабіча ёй усё ж навязалі. Усе бачаць, што Бабіч Мінск бянтэжыць і што Мінск пры гэтым можа пагражаць высылкай адно праз раты апазіцыйных палітыкаў, якія ні на што не ўплываюць.

Прычым глядзіце, як гэта выглядае іерархічна: Бабіч мякка раскрытыкаваў кіраўніцтва Беларусі ці прынамсі тых людзей, якія ўдзельнічаюць у перамовах. Кіраўніцтва Беларусі адказала на ўзроўні ўпраўлення МЗС. Прычым тое ўпраўленне — выдатна ўсведамляючы, што ўсё, што адбываецца, мякка кажучы, выходзіць за межы ўплыву пасла Расіі, — крытыкавала не, не Пуціна. Яно крытыкавала Бабіча. І ніяк інакш быць не можа, бо, паўтаруся, усе памятаюць, як Бабіч тут з’явіўся.

Цяпер зрабілася канчаткова зразумелым і тое, нашто ён з’явіўся ў Беларусі.

Краіна прызвычаілася існаваць з выключанай сферай публічнай палітыкі. У нас ёсць толькі адзін гулец, які прымае ўсе рашэнні, і нясе за іх адказнасць. Акрамя яго ёсць толькі выканаўцы, якія могуць з рознай ступенню гучнасці гэтаму гульцу падтакваць. І — як тое паказала апошняя «Вялікая размова» — нават беларускія апазіцыянеры ператварыліся ў састаўную частку гэтага гульца, прынамсі, іх роля ў тым, каб заслужваць пахвальбы ад Лукашэнкі. У выпадку, калі яны распачынаюць ветлівую, але спрэчку, ім потым тэлефануюць і незразумела прапануюць узначаліць калгас. Добры намёк з улікам таго, што ў кіраўніцтва калгасаў у нас звычайна накіроўваюць былых дырэктараў пасля адседкі.

І вось бац — і на гэтым голым полі, дзе быў толькі кароль і ягоная світа, дзе любая варожая пешка, каб прайсці ў дамкі, мусіла змяніць колер на каралеўскі, аказваецца цэлая армія — бо вельмі наіўна думаць, што ўся краіна спачувае смеламу дэмаршу незалежных медый і ўся краіна супраць анексіі Крыма.

То складанасці толькі пачынаюцца. І каб у гэтай партыі не было такой высокай цаны паразы, я б сказаў, што буду назіраць за ёй з асалодай.

«Ванька-встанька приближает НАТО к Смоленску?»

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.5(40)