Комментарии

Віктар Марціновіч, budzma.by

Марціновіч: «Ні па адным з сцэнарыяў перамога не прадугледжаная»

Гэта пытанне вы будзеце чуць у найбліжэйшыя месяцы з кожнага праса, здольнага да перадачы інтэрнэт-сігналу. Байкот ці ўдзел. Ганьба ці здрада. Байкот ці ўдзел.

Пакуль улада будзе вызначацца з новым складам парламента, правяраць на лаяльнасць патэнцыйных шчасліўчыкаў, кандыдатаў на чырвона-зялёны значок і дэпутацкі заробак, пакуль будзе вырашаць, як менавіта скарыстаць назапашаны ў грамадстве неспакой у сувязі з магчымай стратай незалежнасці для кансалідацыі вакол дзейнага прэзідэнта, найлепшыя і самыя адчайныя галовы будуць, забыўшыся на ўсё, кідацца адно ў аднаго какахамі абвінавачванняў у байкоце ці ўдзеле.

Нейкі вельмі магутны чараўнік з вялікімі зорамі на пагонах прыдумаў у 2000 годзе вось гэты лагічны тупічок: навошта ўдзельнічаць у выбарах, калі ўсё «вырашаецца» падчас датэрміновага галасавання, калі скрыні застаюцца безабароннымі?

І — удзельнічай ці не ўдзельнічай — усё роўна атрымаеш роўна той адсотак, які намалююць табе напярэдадні добрыя дзядзі з высокіх кабінетаў. Ці: навошта краіне палітыкі, калі 5 гадоў яны нічога не робяць, «чакаючы выбараў», а як прыходзяць выбары — абвяшчаюць байкот?

Удзел ці ігнор? Бяздзеянне і параза ці актыўны ўдзел і параза? Плану тут няма ні ў кога. Правільнага адказу таксама няма, бо ні па адным з гэтых сцэнарыяў перамога не прадугледжаная.

Так, з аднаго боку, усе масавыя выступы насельніцтва ў 2006 і 2010 гадах былі па выніках «удзелу», дзякуючы таму, што знайшліся наіўныя самаадданыя смельчакі, якія вырашылі пайсці да канца. Але траблы тут узнікаюць ужо з самім паняццем «да канца», бо калі перамагчы на выбарах немагчыма праз спецыфіку падліку і адпрацаваных за 20 гадоў схем, дык што, можа, «плошча»? Абурыцца, пакрычаць і пайсці? На колькі дзён, кажаце, быў план ў 2010 годзе? На тры?

А потым мусіла нешта адбыцца, нейкі непрыдуманы цуд, як у тых шкарпэткавых гномаў з South Park?

Але не гэта галоўная праблема з удзелам. А тое відовішча, што герояў гэты ўдзел не нарадзіў. Толькі ахвяр. І я тут кажу не пра свае суб’ектыўныя сімпатыі, бо я пачаў паважаць паэта Уладзіміра Някляева нашмат болей, калі той стаў не толькі паэтам, але і грамадзянінам.

Але я не ўпэўнены, што гэтая мая павага распаўсюдзілася на ўсё грамадства. Што там: нават сярод чытачоў «Нашай Нівы», з’явіўся ладны адсотак, які пачаў пісаць у каментах пра чалавека, для якога той «удзел» скончыўся шпіталем і адседкай, брыдкасці, згадваючы «маскоўскія грошы», з якіх, на думку хейтараў, фінансавалася «Гавары праўду».

З іншага боку, вось ёсць байкот. Нічога не рабі. І нічога не зменіцца гарантавана.

Беларуская палітыка — сфера, набліжаючыся да якой, заўважаеш, што тут абсалютна не дзейнічаюць законы фізікі. Нават не так: як правіла, пацыент усведамляе, што трапіў у зачараваны лес, ужо пасля таго, як уключыўся і па ім праехаліся першыя фуры абвінавачванняў у ганьбе ці здрадзе. Законы фізікі тут не дзейнічаюць таму, што на вельмі значную колькасць гульцоў — у сакрэтным кабінеце чараўніка з вялікімі зоркамі на пагонах — ёсць свая лялька вуду. Таму шмат хто тут у ключавы момант пачынае рабіць акурат тое, чаго хоча той самы чараўнік — не адчуваючы, а можа, і добра ведаючы, што зрабіўся марыянеткай.

Байкот ці ўдзел? Калі ўдзел раптам выдасца эфектным — у шэрагах белых знойдзецца пешка, якая назаве свайго караля «рукой Масквы». Ці агентам КДБ. Калі байкот атрымаецца занадта яркім, у шэрагах чорных заўсёды знойдзецца лялька-вуду для двух-трох персанажаў, якія раптам сыграюць E2-E4, сапсаваўшы прыгажосць (бо байкот жа мае сэнс толькі ў тым выпадку, калі ён паўсюдны.

Байкот ці ўдзел? Найлепшых «удзельнікаў» зрэжуць яшчэ на этапе рэгістрацыі ініцыятыўных груп, калі яны яшчэ не з’яўляюцца прадметам цікавасці для міжнародных назіральнікаў. Байкотчыкі будуць абяцаць тытанічную плошчу з патрабаваннем новых выбараў (лялькаводы з вялікімі зорамі на пагонах добра ведаюць, што адзіная пагрозлівая сітуацыя на «плошчы» — наяўнасць альтэрнатыўнага падліку пра тое, што ў другі тур выйшаў непажаданы персанаж; менавіта таму экзіт-полы і назіранне будуць забароненыя пры маўклівай згодзе тых, хто мусіць раўці).

Што мы маем па выніках?

Мне абсалютна не цікава, байкот ці ўдзел. Мне абсалютна не цікава, колькі кандыдатаў на мандат выставіць «апазіцыя» па кожнай з акругаў, колькі смельчакоў вылучыцца ў прэзідэнты, бо адзінае важнае тут — лічба назіральнікаў і іх здольнасць вартаваць скрыню штодзённа падчас датэрміновага галасавання.

Замест таго каб спрачацца, у якім фармаце набліжацца да чарговай кампаніі ўсім, хто дагэтуль [чамусьці] верыць у іншую будучыню для гэтай краіны, Беларусь трэба было вызваліць ад чараў. Як зняць варажбу без зменаў у выбарчае заканадаўства (якія, канечне ж, «не паспеюць» унесці да 1 снежня), ведае хіба што Карлас Кастанеда.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.3(29)