Комментарии

Віктар Марціновіч, Будзьма

Марціновіч: «Адстаўка Шуневича — гэта не канец, а толькі пачатак кар’еры»

Віктар Марціновіч разважае на budzma.by пра сыход міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча.

А давайце зараз сядзем і паспрабуем (як гэта ні цяжка) выключыць эмоцыі і падумаць галавой.

Сышоў з пасады міністр, пазнавальнасць якога была супастаўнай з пазнавальнасцю Лукашэнкі. Гэта быў адзіны дзяржаўны службовец з прозвішчам, якое ведала ўся краіна — пры тым, што прозвішчы віцэ-прэм’ераў ці кіраўнікоў АП вядомыя толькі спецыялістам. Зволіўся кіраўнік МУС, за якім падначаленыя міністэрства пачалі караць людзей за абразу помніка і спрабаваць выпраменьваць нейкую «духоўнасць», лезучы ў пытанні, якімі раней займалася хіба што царква.

Турмы пачалі вытвараць столькі прадукцыі, што іх дзейнасць зрабілася супастанай з Мінпрамам. «Маці 328»; увядзенне аплаты за ахову масавых мерапрыемстваў, што ладзіць грамадства, на падаткі якога ўтрымліваецца міліцыя; гучныя справы кшталту страляніны ў пад’ездзе на Новы год ці смерці супрацоўніка ДАІ ў Магілёве — усё гэта плён эпохі, якая скончылася з сыходам міністра.

Ці не скончылася?

На маю думку, калі з пасады прыбіраецца настолькі заўважная асоба, мае значэнне не тое, што адбылося, а як гэта адбылося. Бо ў Беларусі шмат, вельмі шмат чыноўнікаў. Але толькі адзінкі з іх паводзяць сябе на высокіх пасадах менавіта як палітыкі, а не як выканаўцы. «Палеміка» Шуневіча супраць ЛГБТ — прыклад таго, наколькі ён адрозніваўся ад сваіх калег з усіх іншых міністэрстваў.

Ён трымаўся на пасадзе як палітык (наколькі «папулярны» — іншае пытанне) і сышоў таксама як палітык, а не як вінцік ва ўладнай іерархіі, што выпраўлены на вуліцу рашэннем прэзідэнта.

Пра магчымую адстаўку Шуневіча я чую апошнія 6 месяцаў. І ў тых, хто прагназаваў гэтую адстаўку, дамінавала версія, што перад адстаўкай будзе яшчэ і характэрны (звычайны) выступ Лукашэнкі. З ацэнкай таго, што было зроблена. Бо грамадства, натуральна, такой ацэнкі зверху чакала. Бо якім бы палітыкам ты сябе ні лічыў, самым галоўным палітыкам тут з’яўляецца Лукашэнка.

Відавочна, што Шуневіч быў не вельмі залайканым у сеціве персанажам. Калі параўноўваць яго з міністрам Навумавым, які таксама паводзіў сябе «як палітык», любіў гуртаваць вакол сябе журналістаў, нешта ім тлумачыць, хадзіць у пешыя шпацыры, — Шуневіча адкрыта крытыкавалі.

І вось наступае доўгачаканы сыход. Сыходу папярэднічае сустрэча, дзе прэзідэнт наракае на тое, што да Еўрагульняў ствараюцца нейкія «ці то «канцлагеры», ці то нейкія «гета». Пры гэтым калі б прэзідэнт сказаў, што ўся краіна павольна ператвараецца ці то ў канцлагер, ці то ў гета — яго б зразумелі і яму б апладзіравалі. Да гэтага была яшчэ адна нарада, на якой Лукашэнка ацаніў працу МУС «нават не на 8 з нацяжкай». Пры тым, што 8 ў 10-бальнай сістэме — гэта не проста прахадны, гэта вельмі добры бал. Дый нагодай для крытыкі былі не, не паводзіны міліцыі, а «бардак» на адным з машынных двароў у Магілёўскай вобласці.

Па сукупнасці агучаных прэтэнзій адстаўка Шуневіча выглядае самастойным крокам вельмі перспектыўнага палітыка. Які займае ва ўладнай іерархіі пазіцыі, што не дазваляюць «здаць» яго незадаволеным грамадзянам. Заўважым: гэта была не «адстаўка дзеля рэйтынгу». Не сімвалічная кадравая ахвяра ў мэтах падвышэння папулярнасці прэзідэнта сярод народа. Гэта быў крок, выкліканы рапартам аб адстаўцы, які быў проста прыняты.

То на месцы людзей, якія жартуюць ці радуюцца, якія лепяць цяпер плакаты на фоне вясёлкавых сцягаў, я б не вельмі спяшаўся.

«Совпадение? Не думаю». Соцсети про отставку Шуневича

Праз тое, што за апошнія 10 гадоў міліцыя была ператвораная ў самую ўплывовую беларускую спецслужбу, якая дае фору нават КДБ, якая ведае ўсё і пра ўсіх, якая ў курсах, што вы пішаце ў sms і якія словы выкарыстоўваеце ў тэлефонных размовах, адстаўка такога кшталту можа азначаць толькі адно: гэта не канец, а толькі пачатак кар’еры.

Бо людзей, якія ведаюць настолькі многа і настолькі пра ўсіх, на вуліцы пакідаць небяспечна. І калі б Шуневіча хацелі «выключыць», характар адстаўкі і траекторыі руху адразу пасля адстаўкі былі б зусім іншымі. Паўтаруся, на свабодзе і без працы такім людзям быць небяспечна, бо побач у нас вельмі шмат пагроз, і нашы магутныя суседзі з асалодай інфармаваных людзей працаўладкоўваюць, прычым адразу на пасады з асабістай аховай.

Нарэшце, чалавек, здольны ператварыць нешта (хай сабе Еўрапейскія гульні) ці то ў канцлагер, ці то ў гета, заўсёды будзе вельмі запатрабаваны ў краіне, дзе запыт ці то на канцлагеры, ці то на гета вельмі вялікі. То вы яшчэ пабачыце Шуневіча на высокіх адказных пасадах.

Тое самае — пра ўмоўную «спадчыну» міністра. Я рады быў бы далучыцца да тых, хто думае, што «эпоха» скончылася. Але я не бачу ніводнай прыкметы гэтага. Заканчваецца нешта тады, калі ёсць палітычная воля гэта заканчваць. Калі адкрыта кажацца, што тое, што было, было дрэнным. Памылковым. Злачынным. Адзнака «нават не на 8 з нацяжкай», сам «неканфліктны» характар адстаўкі паказваюць, што «ўсё рабілася правільна». А таму курс, які праводзіў Шуневіч, з намі.

І не так ужо важна, які дакладна выканаўца будзе працягваць гэты курс.

Почему отставка Игоря Шуневича не радует по-настоящему

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(22)