Общество
Анастасія Зелянкова

Маракоў выдаў “Непамяркоўных”

Выйшаў першы ў гісторыі Беларусі зборнік мастацкіх твораў, прысвечаных рэпрэсаваным. Аўтар выдання “Непамяркоўныя. Трэцяя спроба” Леанід Маракоў расказаў “Салідарнасці”, што хаваецца за назвай кнігі і чым прадстаўленыя творы адрозніваюцца ад іншых на гэтую тэматыку.

Усяго ў кнізе сабрана некалькі дзесяткаў навэл, героямі якіх сталі людзі, што трапілі ў ціскі савецкіх рэпрэсій, ці родныя рэпрэсаваных. Леанід Маракоў расказаў, што сюжэты для сваіх твораў ён не прыдумваў — усе яны амаль дакументальныя, а шмат у чым і аўтабіяграфічныя.

— Падчас працы над біяграфіямі рэпрэсаваных беларусаў, што знайшлі адлюстраванне ў маім энцыклапедычным даведніку, я сустракаўся з тысячамі лёсаў, часам вельмі цікавымі і незвычайнымі. На жаль, у канцы 80 — пачатку 90-х тэма рэпрэсій была крыху заніжана, зведзена да слязлівага ляманту. У сваёй кнізе я ставіў задачу паказаць іншы бок.

Дэтэктыўна-прыгодніцкі сюжэт, нечаканыя фіналы — вось адметнасць гэтых апавяданняў. Назва кнігі таксама вельмі арыгінальная і мае глыбокі падтэкст.

— Беларусаў заўсёды называлі памяркоўнымі, — тлумачыць Леанід Маракоў. — Мая кніга пра тых, хто не скарыўся, хто змагаўся за права быць чалавекам, нават коштам уласнага жыцця. У беларусаў ужо было дзве спробы адстаяць свой гонар і годнасць: першая — гэта беларусізацыя 1921-1928 гадоў, другая — адраджэнне 1988-1994. Няўжо трэцяя спроба будзе магчыма толькі яшчэ праз 60 год? Сваёй кнігай я хачу прыблізіць гэтую дату.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)