Общество
Анастасія Зелянкова

Марачкін малюе “Плошчу Каліноўскага”

Сёлетнія сакавіцкія падзеі на Кастрычніцкай плошчы будуць увасоблены ў творы выяўленчага мастацтва. Вядомы беларускі мастак Аляксей Марачкін распачаў працу над карцінай “Плошча Каліноўскага”, якая прысвечана ўдзельнікам намётавага мястэчка.

— Я хацеў зрабіць некалькі замалёвак, яшчэ калі моладзь стаяла на плошчы, — расказаў карэспандэнту “Салідарнасці” Аляксей Марачкін. — Падбухторыў некаторых мастакоў, нават падрыхтаваў эцюднік, каб ісці зраніцы на плошчу, а назаўтра даведаўся, што намётавае мястэчка ўначы было знішчана.

Але ж ідэя намаляваць абаронцаў гарадка настолькі залягла мастаку ў сэрца, што ён усё роўна пачаў рабіць эскізы. Неўзабаве аўтарская задума разраслася, закрануўшы падзеі 19 і 25 сакавіка. Укласці ўсе гэта ў межы невялікага твора было проста немагчыма — у выніку, палатно аказлася памерам 2 м на 1,7 м.

Праца над карцінай яшчэ не скончана, аднак, па словах мастака, на 80% твор гатовы.

— Не хачу загадваць, але, думаю, да восені спраўлюся, — кажа мастак. — Дзе выстаўляцца — знойдзем. Галоўнае — каб карціна прыйшлася па душы.

Дарэчы, скульптар Алесь Шатэрнік ужо назаваў гэты твор “карцінай стагоддзя”. На палатне побач з удзельнікамі акцыі можна разгледзець і постаці некаторых беларускіх палітыкаў і грамадскіх дзеячаў: абодвух экс-кандыдатаў у прэзідэнты — Аляксандра Казуліна і Аляксандра Мілінкевіча, пісьменніка Уладзіміра Арлова…

Тым не менш сам твор выглядае досыць сюрэалістычна — на карціне шамт вобразаў і сімвалаў. Так, з каналізацыйных люкаў, якія ў шматлікай колькасці раскіданыя па ўсёў плошчы, вылазяць страшэнныя пачвары. Яшчэ адна вусатая пачавара цягнецца да старой жанчыны, якая седзючы ля колоны Палаца рэспублікі, скобліць бульбу. Побач з жанчынай — пральнай дошка з надпісам “Сделано в СССР”. Па словах мастака, гэта вобраз старой Беларусі. Як своеасаблівая повязь стагоддзяў на карціне на баку абаронцаў паўстаюць старжытныя воі Грунвальдскай бітвы, яны нясуць бел-чырвона-белыя сцягі. Ёсць на палатне і іншыя воі — сучасныя. Напрыклад, снайпер на даху Палаца рэспублікі, што цэліць у натоўп, альбо палкоўнік, які выкручвае рукі ўдзельніку акцыі…

Ствараючы гэтую карціну, Аляксей Марачкін вымушаны быў адступіцца ад свайго прынцыпу — не маляваць больш аднаго нонканфармісцкага твору ў год. “Плошча Каліноўскага” — гэта ўжо другі: не так даўно мастак прэзентаваў карціну “За элегантную “победу”.

— Што зробіш, калі жыццё такое, — уздыхае мастак.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)