МАП лічыць, што Беларусь павінна падвоіць высілкі
Камітэт нормаў і стандартаў Міжнароднай арганізацыі працы заклікаў урад Беларусі “падвоіць высілкі для забесьпячэньня поўнай свабоды аб’яднаньняў працоўных”.
Пра гэта гаворыцца ў заяве, прынятай 11 чэрвеня ў Жэнэве па выніках абмеркаваньня сытуацыі ў Беларусі.Як адзначаецца ў дакумэнце, камітэт прыняў пад увагу інфармацыю пра захады беларускіх уладаў для выкананьня рэкамэндацыяў МАП. Аднак камітэт просіць беларускі ўрад прадставіць дакладны плян з пазначэньнем канкрэтных тэрмінаў, неабходных для поўнага выкананьня ўсіх рэкамэндацыяў.
Сярод пазытыўных крокаў беларускага ўраду камітэт адзначыў міжнародны сэмінар у Менску ў пытаньнях абароны працаўнікоў ад дыскрымінацыі паводле іх прафсаюзнай прыналежнасьці, а таксама сэмінар у пытаньнях выкананьня рэкамэндацыяў МАП, які быў арганізаваны ўрадам у супрацоўніцтве з МАП. Асобна адзначалася рашэньне аб уключэньні ў Нацыянальны савет у працоўных і сацыяльных пытаньнях трох прадстаўнікоў Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў; тое, што БКДП зьяўляецца часткай трохбаковага Генэральнага пагадненьня, а таксама зьмяншэньне ў 10 разоў арэнднай платы для прафсаюзных офісаў.
У той жа час у дакумэнце выказана заклапочанасьць, што ўсе гэтыя захады пакуль не прывялі да істотных зьменаў. У прыватнасьці, першасныя арганізацыі незалежных прафсаюзаў па-ранейшаму маюць цяжкасьці з рэгістрацыяй.
У 2003 годзе Адміністрацыйная рада МАП пастанавіла пачаць у дачыненьні да Беларусі расьсьледаваньне ў сувязі са скаргай незалежных прафсаюзаў пра парушэньне іх правоў. Беларусь пяць разоў уносілася ў спэцпараграф дакладу міжнароднай канвэнцыі працы як краіна, дзе парушаюцца правы прафсаюзаў. МАП выпрацавала шэраг рэкамэндацыяў беларускаму ўраду, у выпадку выкананьня якіх краіна будзе выключаная са спэцпараграфу.
У 2007 годзе за парушэньне правоў прафсаюзаў Беларусь была выключаная з Генэральнай сыстэмы прэфэрэнцыяў Эўразьвязу.
Читайте еще
Избранное