Экономика

Манёнак: «Амэрыканскія санкцыі — стратэгічная праблема для беларускай нафтаперапрацоўкі»

Аглядальніца газэты «Белрынак» Тацяна Манёнак у інтэрв’ю Радыё Свабода аналізуе, як адноўленыя амэрыканскія санкцыі паўплываюць на беларускую нафтаперапрацоўку і ці сапраўды расейскія кампаніі спыняць пастаўкі на «Нафтан».

Сьцісла:

Па выніках студзеня-траўня 2020-га кожная пятая тона нафты, якая паступала ў Беларусь, — гэта была альтэрнатыўная, не расейская нафта.

Скарачэньне перапрацоўкі нафты і вырабу нафтапрадуктаў — гэта найперш вялікія страты для бюджэту краіны.

Праблемы «Нафтану» пацягнуць за сабой і праблемы ў «Паліміра», і ў «Магілёўхімвалакна».

— Зараз актыўна абмяркоўваецца навіна, што з прычыны амэрыканскіх пашыраных санкцыяў расейскія нафтавыя кампаніі могуць прыпыніць пастаўкі нафты на «Нафтан». Наколькі такі варыянт на сёньня выглядае рэалістычным, пры тым ці іншым разьвіцьці падзеяў?

— Для мяне такая інфармацыя прагучала даволі нечакана. Хоць экспэрты ўжо пісалі пра тое, што гэтым разам санкцыі ЗША маюць пашыранае значэньне. Гэта азначае, што пад іх могуць падпасьці ня толькі самі беларускія кампаніі, але і кампаніі, якія зь імі супрацоўнічаюць. Таму гэта вельмі сур’ёзна для беларускай нафтавай галіны.

У першым квартале 2020 году ўжо была сытуацыя, калі не было паставак нафты ад буйных расейскіх кампаніяў, і беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы зьменшылі сваю магутнасьць прыблізна на 50 працэнтаў. Але зрабілі ўсё, каб не спыніць тэхналягічныя працэсы на абодвух заводах, былі задзейнічаны ўсе нафтавыя рэзэрвы.

Тады, на пачатку мінулага году, беларускія ўлады актыўна займаліся пошукам альтэрнатывы. Па выніках студзеня-траўня 2020-га кожная пятая тона нафты, якая паступала ў Беларусь — гэта была альтэрнатыўная, не расейская нафта. Але цяпер сытуацыя зусім іншая. Бо амэрыканскія санкцыі — яны ж доўгатэрміновыя. Мяне, праўда, трошкі дзівіць, што аб праблемах у адносінах з «Нафтанам» заявіла, напрыклад, кампанія «Сургутнафтагаз», якая мае адносна невялікія пастаўкі ў Беларусь, 65 тысяч тонаў у квартал...

— Ужо прагучала меркаваньне, што гэтыя заявы расейскіх кампаніяў больш падобныя да пэўнага эканамічнага шантажу і палітычнага ціску. Бо раней, калі амэрыканскія санкцыі дзейнічалі, гэта ніяк не замінала расейцам пастаўляць нафту. Да таго ж адмыслоўцы заяўляюць, што можна прыдумаць нейкія схемы, рэгістраваць новыя прадпрыемствы і гэтак далей.

— Гэта цалкам рэалістычная вэрсія. Бо на фоне палітычнага крызісу ў Беларусі Расея імкнецца дасягнуць сваіх палітычных мэтаў, прымусіць Лукашэнку падпісаць усе гэтыя «дарожныя мапы». Зь іншага боку, Расея інфармацыйна і палітычна падтрымлівае рэжым Лукашэнкі.

У любым выпадку, калі «Раснафта» вымушаная будзе спыніць пастаўкі нафты на «Нафтан», то гэта будзе сур’ёзны ўдар. Расейскім уладам даволі складана прымусіць расейскія нафтавыя кампаніі рабіць тое, што ім эканамічна нявыгадна ці б’е па іхнім міжнародным іміджы. Галоўнае ў такой сытуацыі будзе не дапусьціць тэхналягічнага спыненьня «Нафтану». Трэба разумець, што Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод не пад санкцыямі.

— А чаму, дарэчы? Якая ў свой час была лёгіка ў санкцыях, што «Нафтан» пад іх трапіў, а Мазыр — не?

— Вы ж разумееце, што санкцыі былі ўведзены вельмі даўно, у 2007 годзе (прыпыненыя ў 2015-м). Магчыма, тады была лёгіка — найперш папярэдзіць Менск пра магчымыя наступствы. «Нафтану» цяпер будзе няпроста працаваць, бо ў яго ёсьць доўгатэрміновыя абавязаньні перад замежнымі кампаніямі, напрыклад украінскімі, нямецкімі. Скарачэньне перапрацоўкі нафты і вырабу нафтапрадуктаў — гэта найперш вялікія страты для бюджэту краіны.

«Раснафта», якая ўжо адчула санкцыйны эфэкт, працуючы ў Вэнэсуэле, магчыма, і не захоча рызыкаваць і працягваць пастаўкі на «Нафтан». Іншыя, драбнейшыя кампаніі могуць павялічыць аб’ём сваіх паставак. Калі, вядома, ня будзе чыньнікаў, якія ім у гэтым перашкодзяць — эканамічных, палітычных.

— Вы казалі, што ў студзені-траўні 2020-га кожная пятая тона нафты, якая паступала ў Беларусь, — гэта была альтэрнатыўная, не расейская нафта. А потым зноў вярнуліся выключна да расейскай? Як цяпер выглядае магчымасьць альтэрнатывы, улічваючы нядаўні візыт Лукашэнкі ў Азэрбайджан? Баку таксама не захоча трапляць пад санкцыйны ўдар амэрыканцаў...

— Азэрбайджан пастаўляе нафту на Мазырскі завод. Тэарэтычна яе частку можна па чыгунцы пастаўляць на «Нафтан», але гэта будзе даволі дорага. Ёсьць кампаніі Гуцэрыева, якія відавочна не спалохаюцца санкцыйнага эфэкту, ёсьць іншыя дробныя расейскія кампаніі, якія не клапоцяцца за свой імідж. У любым выпадку, у доўгатэрміновай пэрспэктыве — гэта сур’ёзная стратэгічная праблема для беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў.

Пакуль гэтыя два заводы перапрацоўваюць па 9 мільёнаў тонаў у год, хоць маглі б патэнцыйна перапрацоўваць па 12 мільёнаў. Але не хапае рынкаў, на якія можна прадаць гэтыя нафтапрадукты. Праблемы «Нафтану» пацягнуць за сабой і праблемы ў «Паліміра», і ў «Магілёўхімвалакна».

— А пакупнікі беларускіх нафтапрадуктаў на тым жа Захадзе могуць зьмяніць свае паводзіны з прычыны амэрыканскіх санкцыяў?

— Ёсьць схемы продажу, праз пэўную пляцоўку. Нафтапрадукты прадаюцца з пастаўкай да порту, дзе нейкая кампанія становіцца іхным уласьнікам. Што гэта за кампанія, ці спалохаецца яна санкцыяў — загадзя сказаць вельмі складана. Бо пакуль вопыту працы ва ўмовах гэтых пашыраных санкцыяў у Беларусі няма. Ранейшыя санкцыі былі іншыя, лягчэйшыя, яны тычыліся перш за ўсё разьлікаў у далярах. Таму тады была рэкамэндацыя, каб Белнафтахім пераходзіў на разьлікі ў эўра, шукаліся пэўныя схемы.

Як гэта будзе выглядаць цяпер — цяжка сказаць. Але відавочна, што калі гэтыя санкцыі другаснага ўзроўню рэальна запрацуюць — гэта будзе стратэгічная праблема для беларускай нафтаперапрацоўкі. Асабліва калі да санкцыяў падключацца ўкраінскія кампаніі. На сёньня я сумняюся ў гэтым, бо ўкраінскі рынак вельмі сур’ёзна залежыць ад беларускіх нафтапрадуктаў. Кожная краіна, кожны рынак будзе ўзважваць патэнцыйныя страты ад таго, ці падпарадкоўвацца амэрыканскім санкцыям, ці не.

Пакуль няма ніякіх камэнтароў ад афіцыйных беларускіх асобаў, хоць экспэрты пісалі і папярэджвалі пра магчымы эфэкт. Калі я размаўляла зь беларускімі прадстаўнікамі, яны казалі, што наконт гэтага пакуль працягваюцца перамовы з расейскімі кампаніямі.