Маму Сяргея-«Хлопотное дельце» адправілі на суткі за сцяг у вакне

14 снежня у судзе Маскоўскага раёна асудзілі 60-гадовую Святлану Чапурка. Суддзя Сяргей Кацар даў жанчыне 12 сутак.

Святлана — мама культавага Сяргея Міронава, вядомага праз свой маналог пра «хлопотное дельце».

— Сцяг вісеў у вакне ў адным з пакояў. У суботу, 12 снежня, мама выйшла гуляць з сабакам. Я так разумею, міліцыя стаяла за дзвярыма, — бо яе адразу затрымалі, — расказаў «Нашай Ніве» Сяргей. — Мама вярнулася, каб сабаку пакінуць дома. Пасля яе забралі.

Недзе праз гадзіну прыйшлі яшчэ нейкія міліцыянты, пазванілі ў дамафон, я рэфлекторна адамкнуў дзверы пад’езда. Яны ламіліся ў кватэру, званілі, грукалі, я не адкрываў — сышлі. Пасля я на ўсякі выпадак зняў сцяг.

Затым я шукаў маму ў РАУСе, там адказалі, што няма затрыманых у іх. Ну і пазней знайшоў маму на Акрэсціна.

Суд быў учора. Мама падала хадайніцтва — запрасіць мяне ў якасці яе абаронцы. Але ці то яны званілі і не дазваніліся, ці то што — дакладна не ведаю — карацей, са мною не звязваліся ці не маглі звязацца і суд не сталі пераносіць, адразу далі маме 12 сутак.

Ён кажа, што гэта ўжо другі тэрмін для мамы. Тыдзень таму Святлана выйшла на волю пасля 15 сутак адміністратыўнага арышту.

— Мама заўсёды была актыўная. На Маршы ходзіць, перад выбарамі ўлёткі расклейвала. У яе ўжо быў пратакол за Жаночы марш — але яе не паспелі асудзіць, бо прайшло два месяцы. А пасля затрымалі пасля марша 22 лістапада, схапілі, калі ўжо ішла дадому. Пасля судзілі, далі 15 сутак.

У мінулы панядзелак яна выйшла на волю. І ў суботу яе зноў забралі, — кажа Сяргей. — Прычым пасля першых сутак мама вярнулася з «каронай». Яна сядзела з хворай на каранавірус жанчынай, а пасля выхаду ў мамы знік нюх.

Яна пераносіла без тэмпературы, але была слабасць. Пайшла да доктара, але там на тэст не адпраўлялі. Сказалі: ніякі карантын не патрэбны, як сімптомы знікнуць, можаце гуляць дзе заўгодна.

Цяпер Сяргей будзе высвятляць, дзе яго маме давядзецца адбываць суткі, будзе збіраць перадачу. Плануе перадаць ёй лекі.

Сам Сяргей, дарэчы, ужо звольніўся з «Інтэграла».

— Пакуль сяджу проста дома. Хацеў заняцца пошукамі працы — але вось праблемы наваліліся, — кажа ён.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.3(22)