Общество

Сямён Печанко

«Маладыя людзі, адзеньце маскі! У нас тут паўсюль камеры»

З выпадкова падслуханага і падгледжанага.

Чарга да касы ў краме. Касірка падымае вочы на чарговых пакупнікоў — дзяўчыну з хлопцам:

— Маладыя людзі! Адзеньце маскі, калі ласка! Без маскі я вас не магу разлічыць, тут паўсюль камеры.

У гэты момант у чаканні сваёй чаргі я чытаю навіны. Чарговая нарада з удзелам таго, хто год таму называў эпідэмію каронавіруса псіхозам. На тварах прысутных ніводнай маскі.

***

Пачутае ў Карэлічах:

— У гэтым годзе зіма дык зіма!

— Ага, і не кажы. Дарогі не чышчаныя, ніколі такога раней не бачыў, каб ні прайсці, ні праехаць.

— Расслабіліся, адвыклі ад снегу, ад зімы як раней. Чуў, што камунгас нават рыштунак для чысткі дарожак на металалом паздаваў.

***

Прынёс у кантэйнеры смецце. У скрыні для пластыку ляжыць дагары спіной манекен.

«Нарэшце і нашыя людзі навучыліся раздзяляць смецце», — парадаваўся сам сабе.

На другі дзень маю радасць азмрочыла скрыня для паперы, куды хтосьці запіхнуў другога манекена.

***

Асаблівасці невялікага горада. Вечар, прыцемкі. Мужчына пераходзіць дарогу па «зебры», занурыўшыся ў тэлефон. Перад ім з піскам спыняецца мікрааўтобус.

Дзядзька рэзка паварочаецца ў бок буса, злёгку прысядае ад нечаканасці. Мінакі побач таксама з трывогай сочаць за развіццём падзей.

Тут у вакно высоўваецца кіроўца і незадаволена-нецярпліва падганяе:

— Коля, давай паўзі хутчэй! Позна ўжо, дадому спяшаюся!

***

На сцяне вясковай крамы з’явіўся плакат з ідэалагічнай серыі «Любі Беларусь». На плакаце выява буслянкі з птушанятамі, у якую спускаецца бусел. І вялікае слова «Шчасце».

Той плакат вісіць на сцяне былой дзяржаўнай крамы, якая прайграла шматгадовую барацьбу канкурэнтам-прыватнікам, адзін з якіх працуе зусім побач, праз сцяну.

Падслуханае ў мінулы раз: «А чаму каля нашага дома ялінку паставілі, а каля дома культуры не паставілі?»

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(49)