Политика
Ілья Горын

«Малады фронт» пакінуў АДС з-за Калякіна, з якім у снежні ледзь не пабіўся Федарук

Не зарэгістраваны ў Беларусі «Малады фронт» выйшаў з аб'яднаных дэмакратычных сілаў з-за Сяргея Калякіна. З лідэрам апазіцыйных камуністаў у маладафронтаўцаў старыя рахункі. Напрыклад, летась у Вашынгтоне ледзь не дайшло да бойкі паміж Калякіным і Зміцерам Федаруком.

Як паведамляе сайт арганізацыі, на паседжаннях 1-й і 2-й сесіі VІ Сойму «Маладога фронту» было прынятае рашэнне аб выхадзе з аб'яднаных дэмакратычных сілаў і адкліканні сваіх прадстаўнікоў з Палітычнай рады АДС.

«Таксама VI Сойм выступіў з ініцыятываю стварэння правацэнтрысцкага блоку дэмакратычных арганізацыяў, мэтаю якога будзе з’яўляцца яднанне правых і цэнтрысцкіх сілаў на падмурку хрысціянскіх прынцыпаў, ідэалаў незалежнасці, дэмакратыі і еўрапейскай інтэграцыі Беларусі. З’яўленне гэтай ініцыятывы выклікана прычынамі поўнай ідэйнай і структурнай раз’яднанасці суб’ектаў АДС, якія ня маюць ані адзінае стратэгіі, ані адзінага лідэра», — гаворыцца ў прэс-рэлізе.

— АДС расчаравала моладзь, «Малады фронт». Асноўная прэтэнзія — адсутнасць лідэра, за якім мы маглі б пайсці, — сказала Еўрарадыё намесніца старшыні арганізацыі Наста Палажанка. — Для нас лідэрам застаецца Алесь Мілінкевіч, якога мы плануем і надалей падтрымліваць. А ў АДС сябе дэманструе як моцнага лідэра і кандыдата на будучую прэзідэнцкую кампанію Калякін, камуніст, якога мы не можам падтрымаць. Бо дзейнічаюць тут нашыя духоўныя якасці і хрысціянскія каштоўнасці.

Таксама вышэйшы кіруючы ворган «Маладога фронту» прыняў стратэгію дзеянняў на бліжэйшыя палову гады і абраў кіраўніцтва. Старшынём арнанізацыі зноў абраны Зміцер Дашкевіч, ягонымі намеснікамі — Артур Фінькевіч, Іван Шыла і Наста Палажанка.

Прынятае рашэнне аб неабходнасці далейшае рэгістрацыі «Маладога фронту» ў Беларусі. З гэтаю мэтаю абвяшчаецца пра стварэнне Аргкамітэта па рэгістрацыі арганізацыі і накіроўваюцца заяўкі на прадстаўленне памяшкання для рэгістрацыйнага з’езду «Маладога фронту» ў Міністэрства юстыцыі і Мінгарвыканкам.

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька ў інтэрв’ю «Еўрарадыё» спакойна паставіўся да дэмаршу «Маладога фронту»:

— Калі дзверы адчыненыя, у іх можна як уваходзіць, так праз іх і выходзіць... Аб'яднаныя дэмакратычныя сілы — гэта шырокая кааліцыя структур, суб'ектаў, у якіх агульныя мэты, агульная стратэгія і план дзеянняў. Гэта не калгас, у які застаўляюць прымусова ўваходзіць... Таму адныя выйдуць, другія прыдуць. Я не думаю, што гэта нейкім чынам паўплывае на дзейнасць АДС.

Лябедзька не прыгадвае, каб у «Маладога фронту» былі канфлікты з лідэрам Партыі камуністаў Беларускай Сяргеем Калякіным, да якога крытычна адносяцца маладафронтаўцы.

Аднак як мінімум адзіні публічны канфлікт МФ з Калякіным быў. Яго сведкамі сталі сябры дэлегацыі апазіцыі, якая летась у снежні ездзіла ў Вашынгтон. За некалькі гадзінаў да сустрэчы з Джорджам Бушам актывіст МФ Зміцер Федарук моцна пасварыўся з лідэрам камуністаў. Справа амаль не дайшла да бойкі.

— Мне як хрысціяніну, як сябру МФ і ўвогуле як грамадзяніну Беларусі было брыдка, што ў ЗША едзе Калякін, які ўскладае кветкі Леніну і прытрымліваецца камуністычнага светапогляду, — заявіў Федарук у інтэрв’ю «Салідарнасці». — Больш за тое, нам стала вядома, што перад паездкай у Штаты Калякін сустракаўся з прадстаўнікамі «Справедливой России», канкрэтна з яе кіраўніком Сяргеем Міронавым. З-за гэтага і адбылася вельмі жорсткая дыскусія. Калякін абяцаў мяне ўдарыць. Відаць, у яго не было іншых аргументаў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)