«Малады баец дастае гранату, кладзе на стол перад дзяўчынай…»

Неверагодна прыгожа, неверагодна сумна — пісьменнік Сяргей Жадан пра тое, якім ён запомніў 2015 год.

Трэба ж узгадваць нешта станоўчае, так? Жыццесцвярджальнае. Інакш атрымаецца, што год не задаўся. А вось вылоўліваеш з памяці гэтае станоўчае і разумееш, наколькі яно няважнае, як лёгка і бязбольна яно растае ў тым, што ўгадваецца ў першую чаргу.

Якой, скажам, была мінулая зіма? Раннія блакітныя поцемкі, чорны, перамяшаны з зямлёй снег, нейкая безназоўная вёска за Лісічанскам, ранкам прыляцеў расійскі снарад, упаў проста пасярод вуліцы, засыпаў халоднай глінай бліжэйшую хату. Каля крамы галосяць жанчыны, пабачыўшы нас, пачынаюць плакаць – маўляў, скажыце там, наверсе, каб не стралялі, галоўнае – каб спынілі страляць, мы не ведаем, адкуль прылятае, але мы з усім згодныя, нам нічога не трэба, галоўнае – каб не стралялі. У нейкі момант паварочваюцца, бягуць, сагнуўшыся, па вуліцы, да сваіх хатаў, куды ў любы момант можа прыляцець наступны снарад.

Або, скажам, ранняя вясна, шэрая даліна дзесьці пад Арцёмаўскам. Прыдарожныя вёскі, пустыя вуліцы, разбітая дарога. На прыпынках стаяць мясцовыя – выходны, яны выбіраюцца ў горад, па пакупкі. Вайны быццам і няма, проста на ўездзе ў горад рэйсавы аўтобус павінен адстаяць чаргу на блок-пасту. Кірмашовы дзень, вясновае надвор’е, усё як заўсёды.

Або сонечная нядзельная Валнаваха – мужчыны ля бара, жанчыны ў цёплых куртках катаюць вазкі з немаўлятамі. На дошцы аб’яваў расклад аўтобусаў на Растоў. Побач – фатаграфіі разбітай нядаўна «Градам» маршруткі, словы смутку, словы падтрымкі, зноў аб’явы пра аўтобусныя рэйсы.

Або група айдараўцаў, якія доўга і недаверліва корпаюцца ў нашых фотаапаратах і супакойваюцца толькі тады, калі знаходзяць там здымак свайго камандзіра. Шумная старабельская карчма, за крайнім столікам – малады баец з нейкай дзяўчынай. Адзін з айдараўцаў дастае гранату, кладзе на стол, кажа, што заўсёды трымае яе пры сабе. У выпадку чаго, тлумачыць, здавацца не буду – падарвуся. Калі ўстае, бярэ са стала свой мабільны, потым гранату, акуратна рассоўвае ўсё па кішэнях.

«На выступ прыходзіць дзяўчынка з “гаспітальераў”. Прыйшла ў камуфляжы, але паспела нафарбавацца. Гарачая касметыка ўсё роўна не хавае палявы загар і абветраны твар. Як быццам пад свежымі фарбамі праступаюць старыя фрэскі»

Ці вось, скажам, жнівеньскі вецер, што дзьме ад мяжы так, ажно музыкам, якія выступаюць перад сапёрамі ў Сватаве проста з камазаўскага прычэпа, забівае дыханне, але вецер цёплы, усё падстаўляюць твар пад вострае сонечнае святло, слухаюць, падпяваюць. Сапёры распавядаюць пра новыя віды расцяжак, кажуць спакойна, быццам не ўпэўненыя, што тое, пра што яны кажуць, камусьці наогул цікава.

І той жа жнівень, пад Папаснай, танкісты стаяць на бязлюдным хутары. Апошнія некалькі начэй іх абстрэльвалі. Гэтай ноччу, хутчэй за ўсё, зноў пачнецца. А вось днём ціха і сонечна. Павуцінне лётае зялёнай вуліцай, пыл доўга асядае за чарговым армейскім транспартам, у яблыневых садах стаяць гарачыя брудныя танкі. Час ад часу цяжкія яблыкі абрываюцца і звонка разбіваюцца аб цёмны метал. Пасля зноў западае глыбокая бясконцая цішыня – да наступнага яблыка або да наступнага выбуху.

Або вось зусім нядаўна, на базе ў добраахвотнікаў, на выступ прыходзіць дзяўчынка з «гаспітальераў». Перад гэтым падыходзіла павітацца, сказала, што абавязкова будзе на нашым выступе. Прыйшла ў камуфляжы, але паспела нафарбавацца. Гарачая касметыка ўсё роўна не хавае палявы загар і абветраны твар. Як быццам пад свежымі фарбамі праступаюць старыя фрэскі. Неверагодна прыгожа, неверагодна сумна.

Хоць, вядома, варта было б узгадаць нешта зусім іншае. Краіна так ці інакш навучылася жыць з гэтай вайной. Хтосьці наогул навучыўся яе не заўважаць. Хтосьці заўважае, аднак разумее, што жыццё ўсё роўна павінна працягвацца, павінна рухацца далей, таму навошта засяроджвацца адно на гэтым. Насамрэч можна ўзгадаць шмат што: тысячы людзей на канцэртах і кніжных кірмашах, сотні асобаў на вечарах і ў тэатрах, фільмы, альбомы, кнігі, выставы – велізарная колькасць таленавітых людзей, якія сумленна робяць сваю справу, не стамляюцца, не расчароўваюцца, не спыняюцца, дапамагаюць, чым могуць, падтрымліваюць, як умеюць, абураюцца, не пагаджаюцца, не супакойваюцца. Фантастычныя людзі, фантастычная краіна, гісторыя, якая толькі пачынаецца, словы і галасы, якія пастаянна хочацца ўзгадваць.

Хоць прыгадваеш усё роўна чамусьці менавіта яблыкі, што падаюць і разбіваюцца.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)