Маладая апазіцыя гуртуецца пад выбары вакол Мілінкевіча

Шэраг маладых палітыкаў з самых розных апазіцыйных структур склалі "Маніфест лідэраў новага пакалення". 26 траўня дакумент быў агучаны.

Падпісанты, якія называюць сябе "прадстаўнікамі новага пакалення грамадскіх і палітычных лідэраў", кажуць, што адчуваюць "сваю адказнасць за лёс Беларусі" і яднаюцца "дзеля дасягнення рэальных пераменаў у нашай краіне". А таму заяўляюць наступнае. У прыватнасці, што выказваюць павагу да старэйшага пакалення апазіцыі: "Высілкі папярэдніх генерацыяў беларускіх палітыкаў і грамадскіх дзеячаў прывялі да ўмацавання палітычнай незалежнасці краіны". Але з агаворкай, што тыя "не цалкам вырашылі задачы яе нацыянальнага і духоўнага адраджэння, гаспадарчага дабрабыту, пабудовы дзяржавы права, годнага развіцця беларускай культуры і навукі".

Далей размова вядзецца пра еўраінтэграцыю краіны. Заяўлена пра тое, што "крызіс палітычнай і эканамічнай мадэлі беларускай дзяржавы і новыя геапалітычныя выклікі рубам ставяць перад нашай Бацькаўшчынай пытанне выбару шляху далейшага развіцця; у сённяшняй сітуацыі Беларусі неабходна далучацца да працэсаў еўрапейскай інтэграцыі ды рэфармаваць гаспадарчы і палітыка-прававы лад у адпаведнасці з крытэрамі сяброўства ў Еўрапейскім саюзе; рух Беларусі ў еўрапейскую сям’ю вольных нацыяў магчымы толькі праз вяртанне нашага грамадства да еўрапейскіх каштоўнасцяў, у першую чаргу - хрысціянскіх і дэмакратычных, такіх як свабода, справядлівасць, сумленнасць, любоў да свайго народу, мовы і культуры; для нас быць беларусам - значыць быць еўрапейцам".

І пасля агульных месцаў - пра бягучы рэзанансны палітычны момант. Маладыя палітыкі, што падпісалі Маніфест, заявілі пра сваю падтрымку дзеянняў "лідэра руху "За свабоду" Аляксандра Мілінкевіча па наладжванні стасункаў Беларусі з Еўрапейскім саюзам дзеля ўмацавання незалежнасці краіны на ўмовах дэмакратызацыі і павагі да правоў чалавека".

Гаворыцца таксама пра тое, што яны будуць каардынаваць сваю дзейнасць і надалей.

Хто ж падпісаў заяву?

Гэта:

Антусевіч Сяргей
Бабіцкі Зміцер
Берніковіч Яраслаў
Губарэвіч Юрась
Дашкевіч Зміцер
Жукоўскі Кастусь
Зарэмбюк Алесь
Карэтнікаў Юрась
Лагвінец Алесь
Любянчук Андрусь
Лялькоў Ігар
Мазур Алесь
Меляшкевіч Юрась
Міхалевіч Алесь
Навасяд Уладзімір
Новікаў Алег
Палажанка Наста
Рымашэўскі Віталь
Садоўскі Дзяніс
Салаш Сяргей
Севярынец Павал
Сілкоў Алесь
Фінкевіч Артур
Харламава Вольга
Шумкевіч Аляксандр
Шыманскі Зміцер
Шэін Аляксей
Юркоў Андрэй

Як бачым, свае подпісы пад Маніфестам паставілі прадстаўнікі самых розных апазіцыйных структур. Такім чынам, зыходзячы з тэксту гэтага дакумента, можна зрабіць выснову, што Аляксандру Мілінкевічу як лідэру дэмсіл удаецца ангажаваць у сваю тактыку вядзення палітычнай барацьбы досыць шырокае кола апазіцыянераў. Тут і сябры Партыі БНФ, БХД, "Маладога фронту", Партыі свабоды і прагрэсу, "зялёных" і так далей. Прычым то лідэры апазіцыйнай моладзі, якая з'яўляецца асноўным ядром актывістаў, што задзейнічаюцца падчас выбарчых кампаній.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)