Политика
Алесь Дашчынскі, ”Радыё Свабода”

Маладафронтаўцаў судзяць за надпіс “Беларусь — гэта сьвятое”

У панядзелак павінны адбыцца суды над трыма актывістамі “Маладога фронту”, якія былі затрыманы ў Нясьвіжы ўначы ў суботу. Гэта Наста Азарка, Арцём Дубскі і Аляксандар Жукаў. Яны засталіся ў нясьвіскім пастарунку.

Яшчэ адну затрыманую разам зь імі актывістку “Маладога фронту”, непаўнагадовую Насту Палажанку адпусьцілі. Яна вярнулася ў Менск, дзе яе чакае Адміністрацыйная камісія.

У горадзе маладафронтаўцы праводзілі кампанію ў абарону Насты Азаркі зь Нясьвіжу, якую ўлады вінавацяць ва ўдзеле ў незарэгістраванай арганізацыі. Яны зрабілі надпіс “Беларусь — гэта сьвятое!” і раздавалі ўлёткі.

Паводле Насты Палажанкі, міліцыянты вінавацяць усіх затрыманых актывістаў у хуліганстве:

“Увогуле, вінавацяць яны проста жудасна. Мы будзем абскарджваць, бо нас вінавацяць у хуліганстве. Нібыта наш надпіс зьневажаў грамадзтва. Я ня думаю, што надпіс “Беларусь — гэта сьвятое!” можна залічыць як хуліганства. Яшчэ няхай калі б яны напісалі, што нешта пашкоджана, патрэбны рамонт. Не, яны напісалі, што гэта хуліганка, што мы гэтым надпісам некага прыніжаем. Карацей, вось такія жахі. Будзем спадзявацца на лепшае, хаця, безумоўна, бачна, што даволі актыўных людзей, якія не пабаяліся, прыехалі ў горад, каб працаваць, падняць нейкую хвалю ў горадзе, вырашылі ізаляваць у час суду”.

Супрацоўнікі міліцыі адмовіліся паведаміць Радыё Свабода прычыны затрыманьня актывістаў “Маладога фронту”. Яны сказалі, што “праводзіцца праверка”.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)