Аня Башкевіч
Маладафронтаўцаў пакаралі за салідарнасць

Сёння ў судзе Цэнтральнага раёна адбылося закрытае судовае пасяджэнне па адміністратыўных справах, складзеных на чатырох моладзевых актывістаў. Юнакоў, якія 10 снежня ўдзельнічалі ў акцыі салідарнасці з палітзняволеным Аляксандрам Казуліным, абвінавацілі ў дробным хуліганстве.

Як паведаміў карэспандэнту “Салідарнасці” старшыня “Моладзі БНФ” Алесь Каліта, першае судовае пасяджэнне адбылося за зачыненымі дзвярыма. На другі працэс, дзе выносілі пакаранне Алегу Корбану, журналістаў пусцілі толькі пасля таго, як яны прынеслі скаргу да старшыні суда. Слуханні адбываліся на розных паверхах, а інфармацыі аб тым, дзе менавіта праходзяць пасяджэнні, не было.

Зміцер Хведарук і Алег Корбан пакараныя 15 суткамі арышту, Уладзімір Сяргееў — 3 суткамі, Аляксандар Іўлеў атрымаў штраф памерам дзве базавыя велічыні.

Акрамя моладзевых актывістаў, учора на Кастрычніцкай плошчы сталіцы быў затрыманы Анатоль Лябедзька, на якога супрацоўнікі міліцыі РУУС Цэнтральнага раёну Менску таксама склалі пратакол адміністратыўнага правапарушэння па артыкуле 156 КаАП. Лідэра АГП абвінавачваюць у дробным хуліганстве, у сувязі з чым яму выпісалі позву з’явіцца ў суд Цэнтральнага раёна Мінска 12 снежня ў 12 гадзінаў, паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 0 (оценок:0)