Политика
Любоў Лунёва, ”Радыё Свабода”

Маладафронтаўцам пагражаюць адказнасьцю за неданясеньне на сяброў

Актывісты незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” сутыкнуліся з новымі мэтадамі ўціску, якія сталі ўжываць сьледчыя КДБ, каб атрымаць зьвесткі пра структуру арганізацыі і колькасьць яе сяброў. Сьледчыя пагражаюць крымінальнымі справамі за неданясеньне пра злачынства, маючы на ўвазе ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі.

Актывіст “Маладога фронту” Зьміцер Хведарук распавёў, што сьледчыя, калі дапытвалі яго пра структуру моладзевай арганізацыі ў Менскай вобласьці, спасылаліся на артыкулы Крымінальнага кодэксу, паводле якіх яны могуць прыцягнуць да адказнасьці за ўтойваньне інфармацыі пра злачынства.

Але, паводле крымінальна-працэсуальнага кодэксу, чалавека можна прыцягнуць да адказнасьці толькі ў тых выпадках, калі ён утойвае інфармацыю ад сьледзтва пра асоба цяжкае злачынства, напрыклад, забойства, ці тэракт. Пры гэтым юрысты адзначаюць, што ў беларускіх судах былі адзінкавыя выпадкі, калі гэтыя артыкулы ўжывалі на практыцы.

Зьміцер Хведарук лічыць, што новая тактыка сьледчых разьлічаная на самых маладых сяброў арганізацыі:

“У часе допытаў сьледчыя КДБ сталі ўжываць новы сродак узьдзеяньня на моладзь. Яны пужаюць, што ўжывуць 404-ы і 405-ы артыкулы Крымінальнага кодэксу за ілжывы данос альбо за неданясеньне. Цяпер, калі маладзён прыходзіць на допыт, то яму кажуць, што калі не здасі сваіх сяброў, то будзеш прыцягнуты да адказнасьці за ўтойваньне важнай інфармацыі. У Беларусі каля двух тысяч маладзёнаў. Яны будуць распачынаць 2 000 крымінальных спраў? Гэта абсурдна”.

Наста Палажанка выказала сваё меркаваньне “Свабодзе”: “Я лічу і ўпэўнена, што гэта цалкам зьяўляецца парушэньнем чалавечай маралі. Але спадзяюся, што кожны чалавек разумее адказнасьць за тое, што ён кажа. Упэўнена, што ідэйныя моцныя людзі вытрымаюць любыя выпрабаваньні”.

Кіраўнік бабруйскай філіі “Маладога фронту” Валер Мацкевіч лічыць, што новая тактыка сьледчых ня дасьць ніякага плёну, бо маладафронтаўцы ня стануць данасіць на сваіх сяброў:

“Магчыма, некаторых сяброў нашай арганізацыі, якія ўпершыню трапілі на допыт, і ўдалося запалохаць. Але такія выпадкі, наколькі я ведаю, адзінкавыя. Для сяброў нашай арганізацыі большай каштоўнасьцю ёсьць адстойваньне нашых ідэалаў, а не ўратаваньне сваёй скуры і сваіх інтарэсаў. Заўсёды прыярытэтам нашай арганізацыі было сяброўства і адзінства. Мы заўсёды станавіліся адзін за аднаго адным моцным мурам”.

Праз тры дні стане вядомая дата судовага паседжаньня ў справе Насты Палажанкі, Барыса Гарэцкага, Зьмітра Хведарука, Аляксея Янушэўскага і Алега Корбана, якіх вінавацяць ва ўдзеле ў незарэгістраванай арганізацыі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)