Маладафронтаўца Мускага з турмы адправілі ў войска

Хлопца проста з «сутак» пад канвоем даставілі ў ракетна-зенітную частку пад Лепелем.

16 мая мінскага маладафронтаўца Міхася Мускага з ізалятара на Акрэсціна вывезлі ў вайсковую частку ў вёску Межыца (Віцебская вобласць). З дарогі хлапец здолеў патэлефанаваць сваім паплечнікам.

Мускі адседзеў 15 сутак арышту пасля «Чарнобыльскага шляху», аднак не выйшаў на свабоду. Суд «накінуў» хлопцу яшчэ 5 сутак.

Верагодна, адмыслова, каб дачакацца прызыўных дзён і адправіць яго служыць. Раней Міхась Мускі, выключаны з універсітэта, пісаў заяву на альтэрнатыўную службу.

У ракетна-зенітнай частцы ў Межыцы раней служылі «палітпрызыўнікі» Іван Шыла і Алесь Каліта, а таксама Дзмітрый Канавалаў, расстраляны за тэракт у мінскім метро.

Вечарам 16 мая быў таксама затрыманы маладафронтавец Уладзімер Яроменак.

Пакуль акалічнасці высвятляюцца. Чаму затрымалі, час затрымання невядомыя. Актывіст даслаў SMS-паведамленне, што зараз яго вязуць з Фрунзенскага РУУСа ў ЦІП на Акрэсціна.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)