Максім Швед: «Дзяржава ў Беларусі даўно раздзяліла людзей на «такі – не такі»

Рэжысёр-дакументаліст Максім Швед распавёў «Салідарнасці»пра самае гідкае ў эміграцыі, чаму ідзе працаваць ў піцэрыю і як адчуваць радасць жыцця.

Фота: Аліса Ганчар

Аўтар фільмаў «Чыстае мастацтва», «Маршрут перабудаваны» и «Фатограф з Плошчы перамен» Максім Швед быў затрыманы ў Менску ў жніўні 2020-га, адседзеў пяць сутак, але з’ехаў з краіны толькі праз два гады.

— Большасць маіх аднагодкаў даўно ўжо жыве за межамі Беларусі. У Ірландыі, Амерыцы, Англіі.

Я сам з Гародні, вучыўся ў гімназіі. Мы сканчалі яе ў 98-м, тады таксама была хваля эміграцыі, але эканамічнай. З’язджалі лепшыя, разумныя людзі, не прыніжаючы астатніх, але… Напрыклад, у нас быў лепшы вучань года, які даўно жыве ў Ірландыі і ўжо размаўляе з ангельскім акцэнтам.

Я таксама думаў з’ехаць па лепшае жыццё. Па некалькі месяцаў жыў тады ў Амерыцы і Англіі, але вярнуўся. Не было магчымасці застацца.

Апошні раз я задумаўся пра гэта ў 2016-м, калі ў Варшаве паступіў у школу Вайды, і цэлы год знаходзіўся ў Польшчы. Але зноў жа вярнуўся, вырашыў, што паеду ў Беларусь і буду там змагацца з гэтай рэчаіснасцю, рабіць дакументальнае кіно.

«Я мушу спачатку выжываць, а потым ужо думаць аб творчасці»

— І вось я амаль два гады ў Польшчы, і зараз думаю, што калі б тады застаўся, зараз мо было б трошкі прасцей. Мне ўсё падабаецца, але бянтэжыць, што знаходзіцца тут — гэта не мой выбар. Бянтэжыць, што я быў выкінуты са сваёй краіны.

— Але ж вы столькі разоў думалі пра эміграцыю, здаецца, хацелі гэтага...

— Часам я думаў, што з’ехаць назусім — гэта не мой варыянт, але, калі вырашу, то буду да гэтага гатовы. Аднак да гэтага цяжка падрыхтавацца.

У падвешаным стане, думаючы, што ты не ў сваім месцы і, мабыць, калісьці далей будзе добра, а зараз тваё жыццё — перавалачны пункт, вельмі цяжка. Таму я спрабую пагадзіцца з тым, што я ў эміграцыі. Пускаць тут нейкія карэнчыкі, бо псіхалагічна складана быць незаземленым.

Сітуацыя ўскладняецца тым, што  ў мяне вельмі нестабільная прафесія — рэжысёр дакументальнага кіно. Я не хаджу на працу з 8-й па 5-ю. Таму мне увесь час трэба нешта шукаць, дамагацца фінансавання.

Падчас здымкаў праекту Артэфакты з мастачкай Руфінай Базловай. Фота: Ягор Яфімаў

Але ж гэтая нестабільнасць была і ў Беларусі, ды ўвогуле, дзе б я не знаходзіўся. Насамрэч усё гэта ў любога эмігранта ўпіраецца перш за ўсё ў грошы. Я мушу спачатку выжываць, а потым ужо думаць аб творчасці.

— Таму вырашылі сысці з прафесіі і пайсці працаваць ў піцэрыю?

— Ну так, трэба плаціць за кватэру ў канкрэтны дзень і канкрэтную суму. Ніхто не будзе чакаць і слухаць пра праблемыі пошукі музы.

Таму вырашыў пайсці на некую стабільную працу са сваім раскладам. І для мяне гэта таксама цікавы вопыт: папрацаваць не ў сваёй беларускай бурбалцы, а ў Польшчы з палякамі.  

А не думалі пайсці ў камерцыю і здымаць людзей на камеру?

— Я быў бізнэсоўцам і добра зарабляў. Прыйшоў у кіно ў даволі сталым узросце, 33 гады. Асэнсавана, каб нешта распавядаць пра сябе і свет, якім яго бачу. А не для таго, каб зарабляць на гэтым грошы.

А цяпер як быццам з дапамогай прафесіі, у якую прыйшоў, павінен пачаць зарабляць. Для мяне гэта як рабіць нешта на мыліцах. З аднаго боку, як аператар і фатограф, я магу зараз здымаць людзей, але не дзеля гэтага я калісьці кідаў свой бізнэс.

Тым больш, што гэта свой рынак, які трэба вывучаць, канкурэнцыя. Як любы бізнес, дзе свае правілы і з вуліцы не зойдзеш, не скажаш: «Я вялікі фатограф і рэжысер — плаціце мне грошы».

— Але ж піцэрыя гэта таксама пра «зарабляць грошы».

— Калісьці я вучыўся на повара, атрымаў дыплом, і таму зараз гляджу ў бок кухарства. Але гэта для мяне яшчэ і цікава.

— Ці трэба пацвярджаць дыплом?

— Паўсюль па-рознаму, я бачу варыянты, калі дыпломы не патрэбны. Можна прыйсці нават з вуліцы, калі ты разумееш працэс. Гэта не тая складанасць, усё ж такі не хірург.

«Там былі грошы, але зусім не было вітальнасці»

Фота: Белсат

Вы кажаце, што прыйшлі ў кіно ў 33 гады пасля бізнесу. З чым ён быў звязаны?

— Некалі я скончыў юрфак БДУ, аддзяленне паліталогіі. Пасля гэтага, як і многія палітолагі, пайшоў на рынак у Гародні, дзе мы з сябрам адчынілі кропку. Прадавалі лічбавую фотатэхніку.

Потым была швейная вытворчасць, мы рабілі жывыя фатэлі, так званыя крэслы-мяшкі. У мяне было гадоў 15 досведу бізнэсоўца, швейны цэх, вытворчасць, продажы. І я вельмі стаміўся ад гэтага ладу жыцця. Там былі грошы, але зусім не было вітальнасці. То бок, як ваверка ў коле. Кожны дзень падобны на іншы, уся сутнасць твайго жыцця — нейкае абслугоўванне бізнесу і атрыманне прыбытку.

Але радасці ад жыцця не было. Таму і пачаў думаць, што б я хацеў сапраўды. І пайшоў у кіно.

Я ніколі не марыў быць ні юрыстам, ні палітолагам, хаця і вучыўся ў гімназіі з юрыдычным накірункам. Я паступіў на паліталогію, бо там не было матэматыкі. А скончыўшы, вярнуўся з Менску ў сваю Горадню і стаў бізнэсоўцам. Калі так можна казаць пра людзей, якія таргуюць на рынку «Карона». Але ж потым быў і больш сур’ёзны бізнэс, калі адчынілі ўжо сваю вытворчасць.

Разумею, што вы палітолаг па дыпломе, але з жыццёвай пазіцыі, як вам здаецца, што зараз адбываецца?

— Мы жывем у вельмі цікавыя часы, але ў гэтай турбулентнасці складана знайсці кропку апоры. Хто не падрыхтаваны, не можа згрупавацца, быць гнуткім — можа вельмі легка аказацца ў складанай жыццёвай сітуацыі. Не вытрымаць.

— На што некаторыя кажуць, што «нас да гэтага не рыхтавалі» і «калі мы ўсе згарнулі не туды

— Магу сказаць, што мяне, як бізнэсоўца і рэжысёра дакументальнага кіно, жыццё да гэтага рыхтавала. Бо ў бізнэсе, рэжысуры ці прадзюсарстве няма вырашаных маршрутаў, увесь час трэба штосьці вынаходзіць. У гэтым сэнсе прафесія і мой вопыт дапамагалі. Я даволі добра прыстасоўваюся да нестабільнай сітуацыі.

«Трэба даваць сабе магчымасць на простыя словы і простыя рэчы»

Эміграцыя вельмі звязаная з тэмай адзіноты і «белага самагубства». Што раіце, калі ваш знаемы ў падобным стане?

— Сяброўскія парады не працуюць. Калі чалавек у крытычным стане, парады павінен даваць спецыяліст.

Магу сказаць, што я таксама часам адчуваю гэтую адзіноту і адарванасць. Але зноў-такі, тут вельмі шмат беларусаў і можна знайсці сваё кола аднадумцаў. І быць часцей сярод сваіх людзей.

На аўтарскім кінапраглядзе ў Гданьску, у прасторы Dzivne    

З іншага боку, варта памятаць, што ў нас ёсць толькі жыццё, і мы можам кіраваць толькі ім і сабою. Быць бліжэй да нейкіх простых радасцяў жыцця, не саромецца гэтага.

Я быў на экскурсіі па раёне, дзе ў часы вайны знаходзілася гета. І калі распавядалі, што ў гета былі тэатры, габрэі паказвалі спектаклі, глядзелі і радаваліся жыццю нават у такіх цяжкіх абставінах, я разумеў: мы таксама павінны неяк адчуваць гэтую радасць жыцця. Трэба даваць сабе магчымасць на простыя словы і простыя рэчы.

Але ж для некаторых нават дайсці да экскурсіі подзвіг...

— Вядома, але ж гэта марафон, і мы яшчэ доўга будзем яго бегчы. Таму не трэба выдыхацца і расчароўвацца. А лепш паціху берагчы сябе і паціху кожны дзень нешта рабіць. Інакш выгаранне і расчараванне вельмі хутка прыйдуць.   

— А памятаеце самы цяжкі момант у эміграцыі?

— Гэта прыватная гісторыя. У эміграцыі шмат з кім абрываюцца сувязі, па розных прычынах. І немагчымасць гэтых стасункаў, і цяжкасць іх падтрымання на дыстанцыі. Цяжка, калі губляеш блізкіх, з якімі шмат што звязана, якія давалі падтрымку. Канешне, гэта самае складанае. Немагчымасць вось гэтага кантакту.

— Вы зараз пра жанчыну мары, якую аднойчы знайшлі і якая дапамагла ў прафесіі і жыцці? На жаль, разбураецца шмат стасункаў і ў Беларусі, і тым больш ў эміграцыі.

— На жаль, не ўсе стасункі можна падтрымоўваць дыстанцыйна і пасля пачынаюцца нейкія паралельныя, не ўзаемныя працэсы, час робіць сваю справу. Гэта сама складанае.

Некаторыя рэчы, як дом ці працу, можна знайсці, набыць. А калі губляеш блізкага чалавека, з якім 20 год быў знаёмы, не маеш сродкаў гэта замяніць.

«Я прывёз свой халат. І пакуль ён са мной, я адчуваю сябе ўтульна»

— Калі шчыра, 2020-ы не стаў для мяне адкрыццём ці пераломным момантам. Я і да яго шмат перажываў на гэтыя тэмы. Розныя несправядлівасці мяне бянтэжылі. Ніколі не давяраў дзяржаве і міліцыі, але зараз гэта ўсё праявілася больш відавочна.

Дзяржава ў Беларусі даўно раздзяліла люзей на «такі — не такі». Зараз мяне больш бянтэжыць не немагчымасць вярнуцца ў Беларусь, у мяне няма ніякіх сантыментаў, што б я зараз там рабіў. А тое, што мне не даюць гэта зрабіць. Хтосьці там вырашыў, што мне — нельга. Гэта сама гідкае...

— Ці патрэбны вам нейкія побытавыя рэчы, каб адчуваць сябе ў эміграцыі як дома?

— Я прывёз зсабой свой халат, цяжкі і прыгожы. І пакуль ён са мной, я адчуваю сябе даволі ўтульна. Гэта, здаецца, не рэч першай неабходнасці, але адчуваю, што калі магу дазволіць сабе халат, то я ўжо як дома. 

Разумею на 100 адсоткаў. Якога колеру халат?

— Сіненькі, у палосачку. Мне яго бацька падарыў на 40 гадоў. Яшчэ і таму ён для мяне такі дарагі.

А так мне патрэбны толькі кампутар, каб я мог працаваць, дзе б ні знаходзіўся. У астатнім у Польшчы птушачкі падобна спяваюць, раслінкі таксама шмат якія падобныя на беларускія. Буслы таксама ёсць. Галоўнае — гэта людзі, а беларусаў тут зараз хапае.