Общество
Міхась Пашкевіч, 34MAG

Макс Шчур: «Нягледзячы на адлегласць і час, я на 90 адсоткаў у думках знаходжуся ў Беларусі»

Ён піша па-беларуску і не толькі пра Беларусь, але ўжо амаль дваццаць год не быў на радзіме. Яго многа хто ведае, але мала хто бачыў.

Наш сябр Міхась Пашкевіч сустрэўся з пісьменнікам Максам Шчуром у Празе, каб даведацца, чым жыве пераможца прэміі Гедройца і як ён ставіцца да сваёй узнагароды і літаратурных тусовак.

Якое гэта адчуванне – прачнуцца ранкам амаль у сваёй краіне, але з завершаным гештальтам?

Дасціпнае пытанне насамрэч. Мне таксама, дарэчы, учора прыйшла ў галаву гэтая ідэя з завершаным гештальтам. Як вы кніжку назавеце, так яна і паплыве. А што тычыцца адчування. Стомленасць чыста псіхалагічная. Таму што яшчэ за хвіліну да абвяшчэння першага месца я быў абсалютна ўпэўнены, што яго атрымае Акудовіч. Мне здавалася, што я і ў прызёры не траплю. А потым такі рэзкі перапад – калі раптоўна абвясцілі, што гэта ўсё-ткі я. То-бок я рыхтаваўся не да такога вялікага фурору, а да сціплых вынікаў. Быў прыемна здзіўлены. Але станоўчыя эмоцыі – яны ж таксама вычэрпваюць.

Шмат віншавалі? Умоўныя былыя аднакласнікі, дазнаўшыся пра твой поспех, згадалі пра цябе?

Такіх было нямала. Прычым і знаёмыя, і незнаёмыя. І ўсім трэба адказаць. Бо, па вялікім рахунку, дзеля гэтага ўсё і рабілася. Каб людзі, якія ёсць часткай майго асабістага свету, якія фармуюць гэты свет, каб яны ўсвядомілі, што дзякуючы ім у значнай ступені я як эмігрант магу захоўваць повязь не толькі з месцам, але і з часам. Досыць даўнім ужо часам. З Беларуссю і тымі рэчамі, якія з ёй звязаныя. Каб мне гэта было зусім абыякава – я б, напэўна, пісаў зусім на іншай мове.

Наогул было адчуванне, што раптоўна ўсё набыло нейкі сэнс. Праблемы, няўдачы, жыццёвыя няўвязкі – яны не тое што сышлі кудысьці на другі план, але, як кавалкі нейкага пазла, склалі нарэшце карціну. Гэтае пачуццё нечаканай цэласнасці я жадаю абсалютна кожнаму аднойчы ў жыцці перажыць. Хаця, калі ўсё гэта склалася, мне і самому стала дзіўна: няўжо ўсё гэта я?

Той самы чалавек, вобраз якога пачалі ствараць медыя? Вандроўнік Макс Шчур, якога ніхто не ведае/не бачыць і якога нават у Празе, нават праз блізкае кола знаёмых цяжка вычапіць?

Я думаю, не настолькі цяжка. Безумоўна, тое, што адбылося, можна назваць у нейкім сэнсе прарывам. Бо раней была нейкая незразумелая гумовая сцяна. А я хацеў даць людзям зразумець, што, нягледзячы на адлегласць і час, я на 90 адсоткаў у думках знаходжуся ў Беларусі. І для яе стараюся нешта рабіць. Але, напэўна, гэтага было недастаткова. Я думаю, што і на сённяшні дзень існуе вобраз мяне як такога ўпырхліка.

Але ці чакаў ты, што гэтая вандроўка зацягнецца на амаль 20 год?

Так, я думаю, што я чакаў. Паколькі мой ад’езд быў звязаны з палітычнай сітуацыяй – а я быў надзвычай вялікім песімістам наконт гэтага, – я думаў, што тое, што адбываецца ў нас, будзе надоўга. Людзі прыкладалі і значна большыя высілкі, чым я, просты «статыст», каб змяніць сітуацыю. Узгадваецца акурат верш Славаміра Адамовіча «Убей президента», які я нядаўна перакладаў на чэшскую мову: «чтобы молодость твоя не осталась в дерьме». Вось гэта прыкладна тая думка, што была ў мяне тады ў галаве. Але я не хацеў прымаць ніякіх рашэнняў насамрэч. Рашэнне прынялі за мяне, скажам, пэўныя людзі ў пэўных структурах. А я проста вельмі па-паразніцку, «дэфетыстычна» глядзеў на сітуацыю.

А якім яшчэ быў Макс Шчур, які з’язджаў з Беларусі?

Гэта быў недасведчаны малады чалавек і ідэаліст. Чалавек, які верыў у нейкі міф, які я, дарэчы, часткова рэканструюю і дэканструюю ў гэтай кнізе. Натуральна, на дваццаць год маладзейшы за мяне сёння. Але ў пэўным сэнсе лепшы. Менш расчараваны ва ўсім, апрача Беларусі.

Працяг інтэрв'ю чытайце тут

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)