Филин

Сяргей Васілеўскі

Магда: Ёсць адзін момант, які робіць візіт Зяленскага ў ЗША гістарычным

Украінскі палітолаг, дырэктар украінскага Інстытута сусветнай палітыкі Яўген Магда расказаў Филину, чаму сустрэча ў Вашынгтоне адбылася менавіта цяпер.

— Уладзімір Зяленскі ўпершыню з моманту ўварвання Расіі выправіўся з замежным візітам. Чаму менавіта цяпер — з’явіліся спрыяльныя для гэтага ўмовы, альбо проста паўстала такая неабходнасць, калі немагчыма адкладваць?

— Па-першае, час напярэдадні Раства — гэта найбольш спрыяльны момант для таго, каб прасіць дапамогі. Калядная традыцыя ахвяраванняў даволі моцная, яна ляжыць на падсвядомым узроўні.

Другі момант — прайшлі трыста дзён з моманту шырокамаштабнага ўварвання. І відавочна тое, што Расія не здольная дасягнуць поспеху.

Зяленскі перад гэтым наведаў Бахмут і ўжо адтуль праз тэрыторыю Польшчы накіраваўся за акіян. Таксама відавочны і сімвалічны момант — першы візіт быў зроблены ў ЗША, да нашага асноўнага на сённяшні дзень стратэгічнага партнёра.

— Ці падзяляеце вы думку пра тое, што гэта гістарычны візіт, пэўны паваротны момант у гэтай вайне?

— Візіт Зяленскага ўжо параўналі з візітам Чэрчыля ў ЗША ў 1941 годзе. Але той візіт быў пасля атакі на Пёрл-Харбар, ролі ўдзельнікаў сустрэчы былі трошкі іншымі.

Гэта не першая сустрэча Зяленскага і Байдэна, іншая справа, што абставіны цяпер больш драматычныя. Украінскі прэзідэнт нават ляцеў у ЗША на самалёце амерыканскіх ваенна-паветраных сілаў.

Цяжка ацаніць любы візіт, як факт, што ён гістарычны. Гістарычнымі могуць быць яго наступствы, вынікі. Казаць жа, што менавіта гэтая сустэча, гэты поціск рук носяць гістарычны характар, досыць складана.

Зрэшты, удакладню. ЗША зрабілі адзін крок да таго, каб гэта быў гістарычны візіт. Яны прынялі рашэнне перадаць Украіне батарэю супрацьракетнага комплекса Patriot. Гэта ўжо трэці этап. Першы быў вясной, калі нам перадалі гаўбіцы калібра 155 мм. Летам былі РСЗА Himars.

І вось цяпер мы спадзяёмся ў найбліжэйшы час атрымаць Patriot. У гэтым плане так, гэта гістарычны візіт.

— Амерыканская прэса паведамляе пра адмову Мінабароны ЗША даваць Украіне перадавое ўзбраенне, у прыватнасці, танкі M1 Abrams. Таксама гаворка ідзе пра некалькі сцэнароў мірнага плана, якія гатовыя ўхваліць у Вашынгтоне. Адзін з іх прадугледжае пакіданне Крыма ў складзе Расіі. Ці не стала для Кіева нечаканасцю такая пазіцыя амерыканскіх уладаў?

— Гэта дастаткова прадказальная пазіцыя Вашынгтона, няма ў ёй нічога асабліва новага. Злучаныя Штаты, зважаючы на іх статус дзяржавы-лідара дэмакратычнага свету, не могуць бразгаць зброяй і весці агрэсіўную рыторыку. Таму нічога дзіўнага ў гэтым няма. Думаю, гэта абсалютна нармальны працэс.

Танкі — гэта адчувальны момант для многіх краін, у тым ліку і для Нямеччыны, і для ЗША. І таму я думаю, гэта адбудзецца, напэўна, у наступным годзе. Але гэта можа адбыцца не так хутка, як бы нам гэтага хацелася.

— То бок, пытанне паставак танкаў не выглядае безнадзейным?

— Скажу так: пра Himars і гаўбіцы 155-га калібра таксама шмат казалі, што ўкраінцам спатрэбіцца шмат часу на іх засваенне. Абаронцамі Украіны рухае жаданне як можна хутчэй перамагчы. І не трэба лічыць, што абаронцы Украіны менш здольныя, чым грамадзяне ЗША, Нямеччыны і любой іншай краіны, у якой на эксплуатацыі знаходзіцца гэтая тэхніка.

Таму гэтае тлумачэнне, на мой погляд, непрымальнае. Непрыемна, што ЗША выкарыстоўваюць падобную аргументацыю. Я думаю, што справа тут у іншым.

Думаю, Злучаныя Штаты асцерагаюцца (не баяцца, а менавіта асцерагаюцца) таго, што ў выніку перамогі Украіны Расія разваліцца. І частка яе апынецца пад кантролем Кітая, што даволі хутка ўзмоцніць яго эканамічна. Таму Вашынгтон і займае такую пазіцыю.

— На фоне сустрэчы ў Вашынгтоне прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон у чарговы раз выказаўся пра неабходнасць гарантый бяспекі для Расіі па выніках вайны. Як вы лічыце, чаму яго ніяк не адпусціць гэтая ідэя?

— Паміж Францыяй і Расіяй існуюць асаблівыя адносіны, якім ужо больш за два стагоддзі. І Макрон з’яўляецца закладнікам гэтых адносінаў. Калі ён хоча асабіста даваць Расіі гарантыі бяспекі, то ён можа іх аб’яўляць.

Але гэта парадокс: калі прэзідэнт ядзернай дзяржавы Францыя прапануе гарантыі ядзернай дзяржаве Расія, якія выступіла ў ролі агрэсара супраць краіны, якая адмовілася ад ядзернай зброі. Гэта называецца з ног на галаву.

Гэта не ўпрыгожвае Макрона. Гэта паказвае, што ён занадта шмат думае пра ўласную палітычную будучыню, а не пра тое, каб спыніць беспрцэдэнтную агрэсію, якая працягваецца ва Украіне.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(21)