Филин

Вікторыя Захарава

Магда: «Пасля заканчэння расійска-ўкраінскай вайны нам патрэбны будзе вельмі інтэнсіўны дыялог»

Украінскі палітолаг у інтэрв’ю Філіну — пра наступствы адмены «бязвізу» для РФ і ці можа гэты захад закрануць Беларусь.

Ад 1 ліпеня Украіна абвясціла візавы рэжым для расейцаў — як зазначыў афіцыйны Кіеў, «у межах супрацьдзеяння беспрэцэдэнтным пагрозам нацыянальнай бяспецы». Аднак чаму гэта здарылася толькі цяпер, на пяты месяц вайны?

Прыгадаем, «бязвіз» паміж дзвюма краінамі існаваў з 1997 года. Прапановы адмяніць яго і разарваць дыпламатычныя стасункі дэпутаты Вярхоўнай Рады абмяркоўвалі яшчэ ў 2014-м, пасля падзей у Крыме. Але так і не здзейснілі, засцерагаючыся аналагічных крокаў з расійскага боку і пераходу часткі ўкраінцаў, хто працаваў у РФ, у расійскае грамадзянства. Сёлета ў лютым петыцыя аб увядзенні віз для грамадзян Расіі паступіла на сайт Прэзідэнта Украіны, і вось цяпер гэтае рашэнне пачало дзейнічаць.

У чым ягоны плён, як адрэагуе Расія (пакуль МЗС выдаў фармулёўку, што будзе рэагаваць «з улікам гуманітарнага аспекту») і ці могуць быць уведзеныя візы для беларусаў, як грамадзян краіны-суагрэсара? Гэтыя пытанні Філін абмеркаваў з дырэктарам Інстытута сусветнай палітыкі (Украіна) Яўгенам Магдам.

— Насамрэч, вайсковаабавязаныя грамадзяне Расіі і раней не маглі спакойна ўязджаць ва Украіну, — нагадвае палітолаг. — Іх досыць пільна правяралі, улічвалі жыццёвыя абставіны — пахаванне, напрыклад. Гэтая сістэма, магчыма, не заўжды працавала ідэальна, бо ў першыя дні вайны праявіліся розныя дыверсійныя групы (але трэба зазначыць шчыра, што ў іх было нямала грамадзян Украіны, а не Расіі).

Чаму візавы рэжым увялі акурат цяпер? Думаю, гэта такі палітычны жэст, які дэманструе рашучасць украінскага кіраўніцтва не шукаць агульнай мовы з расійскім. І гэта досыць паказальны крок. У любым выпадку, ён лагічны ва ўмовах вайны.

Але для мяне ён важны і яшчэ ў адным кантэксце. У нас зараз пачалі гаварыць пра так званых «харошых рускіх» — грамадзян Расіі, якія не падтрымліваюць Пуціна, аднак пры тым бачаць Украіну як «іншую Расію», і лічаць, што без іх поглядаў мы тут не пражывём. Гэта проста іншы бок іхняга імперскага мыслення і падыходаў, і для такіх людзей, на мой погляд, таксама патрэбны візавы рэжым.

Фактычна, зазначае палітолаг, Украіна ўжо даўно не мае дыпламатычных стасункаў з Расіяй, яны па сутнасці абмежаваныя консульскай службай. Але на тэрыторыі РФ пры тым знаходзяцца нямала грамадзян Украіны — як тыя, хто выехаў на заробкі, так і тыя, каго прымусова вывезлі праз Данбас альбо хто вымушаны быў з’ехаць сам, ратуючыся ад вайны.

— Расія, думаю, не будзе рабіць люстэркавы крок, бо гэта не адпавядае логіцы яе дзеянняў, — лічыць эксперт. — Яе задача — паказаць сваім грамадзянам і ўсяму свету, якая Расія добрая, усіх прымае, гатовая праводзіць працэдуру спрошчанага атрымання грамадзянства, у тым ліку і для грамадзян Беларусі, і для грамадзян Украіны, уключаючы акупаваны Данбас і так званыя Л/ДНР.

Наратыў Расіі палягае ў тым, што ўкраінскі народ «братні», але акупаваны — нацыстамі, неанацыстамі, якія жывуць ва ўяўленні самога расійскага кіраўніцтва, і да таго ж амерыканцамі. Таму яна не зацікаўленая ўводзіць візавыя абмежаванні — наадварот, будзе рабіць выгляд, што шырока раскрывае абдымкі і гатовая прымаць і ўкраінцаў, і каго заўгодна.

Аднак іхні «гуманітарны аспект» мы ўжо бачылі і ў Бучы, і ў Марыупалі, і днямі на Адэшчыне і ў Краменчуку — на жаль, багата дзе. Як бачылі і рэакцыю расійскай улады, якая гаворыць, што нічога такога не было, бо быць не магло. Зразумела, што гэта хлусня планетарнага маштабу і на яе нават не варта звяртаць увагу.

На думку палітолага, адказ Расіі можа выявіцца ва ўвядзенні новых санкцый супраць Украіны, як і тая, дарэчы, увяла санкцыі супраць Уладзіміра Пуціна, што ўспрымаецца Крамлём як знявага і таму стварае дадатковыя перашкоды для магчымых перамоў.

На гэтым тле ўзнікае пытанне: а як складуцца далейшыя стасункі паміж Украінай і Беларуссю, і ці можа здзейсніцца аналагічнае рашэнне наконт беларусаў? Пакуль што пасол Украіны Ігар Кізім застаецца ў Мінску і працягвае працу, а вось усе беларускія дыпламаты Украіну пакінулі яшчэ ў сакавіку, хоць, падкрэслівае суразмоўца Філіна, у амбасады ў Кіеве яны знаходзіліся ў бяспецы:

— Магчыма, у гэты перыяд былі эксцэсы з пабітымі шыбамі ў машынах з беларускімі нумарамі — але тут я нагадаю, што ў верасні 2020 года беларускія памежнікі ў парушэнне канвенцыі зладзілі вобшук машыны ўкраінскага пасла. Што да ўкраінскага палітычнага кіраўніцтва, яно, на мой погляд, не мае выразнага бачання, як выбудоўваць стасункі з Беларуссю. І, на жаль, часта ягоная пазіцыя рэактыўная, а не праактыўная .

Ва ўспрыняцці звычайнага ўкраінца, пацвярджае Яўген Магда, ёсць тэза, што варта ўвесці візы і для грамадзян Беларусі. Але гэта створыць складанасці перадусім для тых беларусаў, якія пражываюць па-за межамі краіны і часта выступаюць супраць Лукашэнкі.

— Больш за тое, калі мы — гіпатэтычна — уводзім візавы рэжым з Беларуссю, то магчымы візіт Святланы Ціханоўскай у Кіеў стане яшчэ менш верагодным…

Я мяркую, што палітычна няправільна, прынамсі на бягучы момант, пры ўсіх вядомых падзеях ставіць у адзін шэраг грамадзян Расіі і Беларусі.

— Калі вайна скончыцца, ці мусяць быць візы паміж нашымі краінамі, і наогул як трэба будзе адбудоўваць адносіны?

— Калі скончыцца вайна, як ні парадаксальна, але першай яе публічнаю ахвяраю, на мой погляд, стане Лукашэнка. Па-першае, таму што людзі, якія зараз ваююць ва Украіне ў палку «Пагоня» і палку імя Кастуся Каліноўскага, так ці інакш вернуцца на радзіму ўжо не як вайскоўцы ЗСУ, а як грамадзяне Беларусі. І тыя байкі, якія распавядаў Лукашэнка пра «ўкраінскіх дыверсантаў», якія намагаюцца прарвацца праз мяжу, знойдуць іншае ўвасабленне.

Другі аспект — расійскі погляд. Мяркую, што Пуцін у выпадку вайсковага паражэння, усведамляючы неабходнасць «перавесці стрэлкі», можа «здаць» Лукашэнку праз правядзенне прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі і абранне новага кіраўніка. Магчыма, гэта будзе зневажальна для грамадзян Беларусі і гэта слаба ведаюць украінцы, але прарасійскіх палітыкаў у Беларусі багата — і для Пуціна было б вельмі выгадна змяніць Лукашэнку, выпусціць пару і пагуляцца ў дэмакратыю. Не думаю, што ў гэтай якасці ў Крамлі разглядаюць Святлану Ціханоўскую, але думкі змяніць уладу ў Беларусі вельмі верагодныя.

Ці можа Украіна ў гэтым выпадку «адгарадзіцца» ад беларусаў візавым рэжымам? Яўген Магда мяркуе, што ёсць іншае, больш дарослае і цывілізаванае выйсце:

— Падчас вайны нашы эканамічныя стасункі зменшыліся на 95%. З цэлага шэрагу прычын мы імкліва страчваем цікавасць адно да аднаго — і Украіна да Беларусі, і Беларусь да Украіны. Ці патрэбныя будуць у гэтай сітуацыі візы? Мяркую, пасля заканчэння расійска-ўкраінскай вайны нам патрэбны будзе вельмі інтэнсіўны дыялог. Калі хочаце, мы мусім скласці каталог узаемных прэтэнзій, і паспрабаваць разам знайсці адказы на тыя пытанні, якія нас хвалююць. Гэта адна з псіхалагічных практык — прагаварыць назапашаныя праблемы, абмеркаваць магчымыя шляхі іх вырашэння.

Калі мы зможам гэта зрабіць і патлумачыць адзін аднаму сутнасць прэтэнзій, мне здаецца, будзе лягчэй.

Суразмоўца Філіна прыводзіць яскравы прыклад: як з украінскай званіцы выглядае думка пра «ўнутраную акупацыю» Беларусі:

— Пасля Бучы і Марыупалю ва Украіне гэта меркаванне не ўспрымаецца. Бо ўсё спасцігаецца ў параўнанні. Для аднаго ўнутраная акупацыя — немагчымасць чытаць апазіцыйны тэлеграм-канал, бо за гэта можна трапіць за краты, а для другога — рызыка апынуцца ў склепе з мехам на галаве толькі таму, што ты настаўнік украінскай мовы…

Я наўмысна прывожу гэты прыклад, не каб кагосьці зачапіць ці абразіць, а каб мы лепш разумелі адзін аднаго і выбіралі для дыялогу і словы, і вызначэнні, і танальнасць.

Бо, з іншага боку, ёсць момант, які дрэнна разумеюць ва Украіне. Што Лукашэнка так ці інакш пры ўладзе 28 гадоў, а мы маем досвед змены ўлады, гэтая пара выходзіла — «аранжавая рэвалюцыя», «рэвалюцыя годнасці». І ў нас пра Плошчу-2010 ведаюць і памятаюць далёка не ўсе, мы насамрэч часта забываем, што было 10-20 год таму.

Канешне, зараз, падчас вайны, зладзіць такі дыялог складана. Сёння ва ўкраінскага грамадства адна мэта — перамога, і на ёй мусіць быць сканцэнтраванае ўсё. Але мы мусім думаць аб тым, у якой танальнасці весці размову, пасля таго як пераможам Расію. А мы не можам не перамагчы яе, памятаючы тое, што было ў акупацыі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.9(16)