Скандалы

Маці загінулага салдата: «Атрымліваецца, што ён сябе адзін раз падушыў, потым другі раз палез»

Следчы камітэт не знайшоў прыкметаў давядзеньня да самагубства шарагоўца Аляксандра Арлова. Пра гэта Радыё Свабода паведаміла маці салдата.

20-гадовага вайскоўца тэрміновай службы Аляксандра Арлова зь вёскі Краснае Карэліцкага раёну знайшлі ў пятлі 5 верасьня. На яго шыі былі дзьве стангуляцыйныя баразны. Родныя катэгарычна ня згодныя з вэрсіяй пра суіцыд.

Аляксандра пахавалі 7 верасьня. У Менску ў гэты час ішоў працэс у справе аб сьмерці Аляксандра Коржыча. Арлова, як і Коржыча, знайшлі ў пятлі ў частцы, дзе ён праходзіў тэрміновую службу. Цела адвезьлі на экспэртызу, пасьля перадалі родным. Афіцыйная вэрсія сьмерці, агучаная на сайце Мінабароны, — суіцыд. Маці загінулага салдата Вольга выказвала сумненьні ў гэтым ужо ў дзень пахаваньня. На шыі яе сына былі відаць дзьве стангуляцыйныя баразны, што, на яе думку, можа сьведчыць пра крымінальны характар здарэньня.

Праверку па факце сьмерці Аляксандра Арлова праводзілі ва ўпраўленьні Сьледчага камітэту Гродзенскай вобласьці. Яна пачалася ў верасьні і працягвалася амаль пяць месяцаў. Па словах маці загінулага салдата Вольгі, у СК ёй расказвалі пра неабходнасьць апытаць саслужыўцаў сына, а таксама правесьці вялікую колькасьць экспэртыз. Ліст з вынікамі праверкі Вольга атрымала толькі 26 студзеня 2019 году.

— Даслалі ліст. Пішуць, што схіленьня да самагубства не было, — расказала Свабодзе Вольга. — 17.01.2019 упраўленьнем Сьледчага камітэту Рэспублікі Беларусь па Гродзенскай вобласьці прынятае рашэньне адмовіць у завядзеньні крымінальнай справы па факце сьмерці Арлова А. праз адсутнасьць складу злачынства. А адкуль дзьве баразны на шыі і пашкоджаньне скуры на лбе — пра гэта нічога не гавораць. Тэксту мэдыцынскай экспэртызы цела сына мне ніхто не паказаў. Сьледчая сказала, што ня мае права мне яго паказваць. Трэба пісаць заяву з просьбай даць магчымасьць азнаёміцца. Заяву будуць разглядаць, і тады прымуць рашэньне, ці я магу ўбачыць гэтыя дакумэнты.

Родныя Аляксандра Арлова зьбіраюцца абскарджваць пастанову аб адмове ва ўзбуджэньні крымінальнай справы.

— Напісана, што не давядзеньне да самагубства, — гаворыць маці загінулага. — А хто яго тады пабіў, хто павесіў? Адкуль дзірка ў галаве? Здымкі ўсе бачылі. Дзьве баразны на шыі. Гэта не рэальна. Атрымліваецца, што ён сябе адзін раз падушыў, потым другі раз палез. Гэта ж абсурд, разумееце?

Паводле маці загінулага на пачатку верасьня салдата, за час сьледзтва да яе ў вёску Краснае пад Карэлічамі некалькі разоў прыяжджалі вайскоўцы са слонімскай часткі, дзе служыў сын. Яны цікавіліся ходам праверкі і прапаноўвалі грошы. На думку жанчыны, такім чынам вайскоўцы спрабавалі дамагчыся яе падтрымкі.

— Я адмовілася ад грошай, сказала, што буду чакаць вынікаў праверкі, — расказвае Вольга. — Нават не пытала, колькі яны хочуць мне даць. Мне ад іх нічога ня трэба.

Паводле афіцыйнай інфармацыі Мінабароны, пасьля Аляксандра Коржыча ў беларускім войску ў выніку няшчасных выпадкаў і суіцыдаў загінулі ўжо шэсьць вайскоўцаў. Выпадак Коржыча стаў адзіным за працяглы пэрыяд афіцыйна прызнаным фактам давядзеньня да самагубства. Пры гэтым як абвінавачаныя ў яго сьмерці сяржанты, так і маці салдата Сьвятлана Коржыч з высновамі суду не пагадзіліся і падалі касацыйныя скаргі на прысуд. Дата іх разгляду пакуль невядомая.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 2.9(7)