Партызанскі суд Менску сёньня разгледзеў адміністрацыйную справу па ч.1 артыкула 23.34 супраць шматдзетнай маці Б. Яе аштрафавалі на 30 базавых велічыняў (810 рублёў), піша Радыё Свабода.
Жанчыну затрымалі 19 сьнежня ў Партызанскім РУУС, куды яна прыехала сама на ўласным аўтамабілі з трохгадовым сынам, каб паскардзіцца на ўчастковую.
— Участковая вельмі намагалася трапіць у кватэру. Моцна стукала ў дзьверы. Калі адчынілі, выказала пратэст, што нібыта сьцяг вісеў у вакне, пачала паказваць фатаздымкі, — сказаў журналістам муж жанчыны перад судом.
На той момант сьцяга ў вакне ўжо не было, таму гэты прыход «у госьці» быў незразумелы. Трое дзяцей, зь якіх малодшаму тры гады, былі дома, дзеці напужаліся.
— Пасьля размовы ўчастковая сышла, але жонка на гэтай хвалі паехала пісаць заяву аб неправамерных дзеяньнях участковага, бо нават па адміністрацыйных справах зьяўленьне ўчастковага ў кватэру не прадугледжваецца. Чаму і як гэта зьвязана, незразумела. Паехала ў РУУС пісаць заяву з трохгадовым дзіцем, і яе там затрымалі», — сказаў муж жанчыны.
Паводле самой жанчыны, участковая, якая прыходзіла ўвечары, сказала, што на яе будзе заведзеная адміністрацыйная справа. Яна грукалася ў дзьверы і не прадставілася. Таму жанчына вырашыла самастойна паехаць у РУУС, каб у кіраўніцтва высьветліць, у чым справа.
У РУУСе жанчыне прыгразілі арыштам і сказалі, каб нехта са сваякоў забраў дзіця. Жанчына патэлефанавала маці, і тая прыехала па ўнука. А саму яе зьмясьцілі да суду ў ІЧУ на Акрэсьціна.
Жанчыну абвінавацілі ў актыўным удзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве 15 сьнежня, пікетаваньні, як гаворыцца далей у пратаколе, «без адпаведнага дазволу Менгарвыканкаму ў мэтах публічнага выказваньня свайго грамадзка-палітычнага настрою і пратэсту па факце нязгоды з рашэньнем дзейнай улады РБ, падчас якой дэманстравала ў акне кватэры сьцяг бел-чырвона-белага колеру».
З Акрэсьціна яна давала паказаньні ў Партызанскім судзе праз скайп.
— Я нічога не дэманстравала, — сказала ў судзе жанчына.
Судзьдзя: — Вісеў у вас сьцяг у акне?
Абвінавачаная: — Вісела фіранка.
Судзьдзя: — Што гэта за фіранка?
Абвінавачаная: — Дзіця парвала ранейшую, і мне давялося завешваць вакно, бо дзіця сьпіць у гэтым пакоі і перашкаджае сонца.
Судзьдзя: — Што за фіранка, якога колеру была?
Абвінавачаная: — Белага і чырвонага колеру, пакуль гэта не забаронена.
Судзьдзя спытала жанчыну, ці вядома ёй, што зь лістапада дэманстрацыя бел-чырвона-белага колеру ў вакне зьяўляецца пікетаваньнем? Жанчына адказала, што ёй гэта невядома.
Яна сказала, што не магла прымаць актыўны ўдзел у масавым мерапрыемстве, бо 15 сьнежня ў яе хварэла дзіця і яна займалася яго лекаваньнем, гатавала ежу.
Сьведкай у судзе выступіла маці жанчыны. Яна сказала, што дачка патэлефанавала зь невядомага тэлефона з РУУС і сказала, што яе затрымліваюць, каб яна забрала трохгадовае дзіця. Аўтамабіль дачкі стаяў ля РУУСа.
— Мяне сустрэлі супрацоўнікі, якія не прадставіліся і сказалі, што дачка сюды прыехала сама. Яны сказалі, што не абавязаныя прадстаўляцца і даваць тлумачэньні. Маўляў, гэта дарослы чалавек і пратакол складзены, і калі я буду забіраць дзіця, то мне трэба напісаць расьпіску, — сказала сьведка.
Судзьдзя запытала яе, ці ёсьць у дачкі магчымасьць набыць новыя фіранкі, калі дзіця іх парвала. Маці адказала, што каб набыць фіранкі, было недастаткова часу. Судзьдзя спытала, ці вядома маці, што на вакне ў кватэры дачкі вісела бел-чырвона-белая фіранка?
— Ну так, вісела, дзіця сапраўды парвала фіранку, такая размова была, і не было часу, трэба нешта павесіць, пакуль набудзе нешта новае. Я ня бачыла сама, што там вісела.
Паводле адваката, абвінавачаньне Б. «надуманае і галаслоўнае». Да таго ж у пратаколе было пазначана, што жанчыну затрымалі дома.
— Хачу зьвярнуць увагу на два рапарты нейкіх супрацоўнікаў (адзін рапарт супрацоўніка Мароза ад 15 сьнежня і супрацоўніка Бабіча ад 16 сьнежня), якія з дакладнасьцю да коскі паўтараюць адзін аднаго, пра тое што пры патруляваньні імі выяўлены факт вывешваньня незарэгістраваных сьцягоў і іншай неўстаноўленай атрыбутыкі, зьмест якіх накіраваны на нанясеньне шкоды грамадзкаму парадку. У сувязі з чым былі зробленыя такія высновы, незразумела.
На гэты момант не існуе нарматыўна-прававога акта аб тым, што бел-чырвона-белая сымболіка зьяўляецца забароненай. У нас няма складу адміністрацыйнага правапарушэньня за выкарыстаньне незарэгістраванай сымболікі, якая не забароненая ва ўстаноўленым законам парадку.
Паводле адваката, віна ягонай падабароннай не даказаная, а вывешваньне фіранкі ўнутры кватэры не зьяўляецца адміністрацыйным правапарушэньнем. Ён прасіў спыніць справу.