Аляксандра Дынько, Радыё Свабода
Маці Коржыча: «Зьвязаныя ногі і майка на галаве — гэта самагубства?!»

Сьвятлана Коржыч ня згодная з высновамі сьледзтва, якое лічыць, што Аляксандар Коржыч зьдзейсьніў самагубства.

Сьледчыя мяркуюць, што да самагубства салдата давялі супрацьпраўныя дзеяньні трох сяржантаў 3-й вучэбнай танкавай роты.

— Гэтая інфармацыя ілжывая. Я запісваюся на прыём да прэзыдэнта, буду зь ім размаўляць, — так адрэагавала маці Сьвятлана Коржыч на інфармацыю пра вынікі сьледзтва ў справе сьмерці яе сына. — У яго (Аляксандра Коржыча) усё цела пабітае! Гэта самагубства?! Чаму яны мяне ня выклікалі, не сказалі, што ёсьць праблемы? А вазілі па ўсіх інстанцыях і закінулі туды паміраць з завязанымі нагамі, на галаве майка, і зрабіць яшчэ «сабачую сьмерць». Я гэта абвяргаю! Я бяру тэлефон і запісваюся да яго (Аляксандра Лукашэнкі) на прыём. Няхай ён мне патлумачыць.

Вось да мяне падышоў чалавек, дык ягонага сына ў войску парэзалі на кавалкі нажом і пасьля напісалі суіцыд. Гэта нармальна? Вось такія сяржанты ў Печах.

Сьвятлана Коржыч паведаміла Свабодзе, што зьбіраецца запісацца на прыём «да Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі як да галоўнакамандуючага».

— Няхай ён мне патлумачыць, як можна аддаць нармальнага, здаровага, прыгожага хлопца, прайшоў камісію 18 траўня, а празь некалькі дзён стаў нейкі непрытомны. І колькі я яшчэ мусіла ім заплаціць, каб выпусьцілі майго сына жывым адтуль? Стаўкі ў іх ужо, апэтыт быў зьверскі: 50 рублёў штодня я мусіла плаціць. Можа, мой сын мусіў яшчэ маці родную прадаць?! Вось гэта я хачу ў яго спытаць. Мой сын мяне вельмі любіў. Мне было б усё адно, каб мяне ўжо разарвалі на кавалкі і мне зрабілі «сабачую сьмерць», чым забіць маладое дзіця маё. Якое я нарадзіла ў 30 гадоў, узгадавала, выпесьціла і аддала яму самае лепшае. А цяпер у мяне ўсё забралі. Усё адабралі — цяперашняе і будучае. Мне губляць няма чаго!

Сьвятлана Коржыч упэўненая, што пачынаць трэба не з сяржантаў, якія, паводле высноваў сьледзтва, давялі яе сына да самагубства.

— Давайце зьбярэм бацькоў тых дзяцей, якія загінулі ў войску за апошнія дзесяць гадоў. Хай зьбяруць усіх! — кажа Сьвятлана Коржыч. — Я запісваюся на прыём да галоўнакамандуючага Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі. Няхай зьбірае сваіх міністраў, я яшчэ зьбяру групу падтрымкі тых людзей, дзеці якіх загінулі ў войску. І няхай людзі выкажуць тое, што думаюць.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 0 (оценок:0)