Маці Ірыны Халіп абвяргае Аляксандра Лукашэнку
Люцына Бяльзацкая, маці журналісткі Ірыны Халіп, якую трымаюць пад хатнім арыштам як абвінавачаную ва ўдзеле ў масавых беспарадках, абвяргае словы Аляксандра Лукашэнкі.
Люцына Бяльзацкая і Даніла Саньнікаў
18 сакавіка, выступаючы перад запрошанымі ў Менск рэдактарамі некаторых расейскіх выданьняў, Аляксандр Лукашэнка распавёў пра званок, нібыта зроблены Ірынай Халіп сваёй маці 19 сьнежня. Паводле Лукашэнкі, журналістка размаўляла двойчы.
Спачатку з радыё «Эхо Москвы», калі ў наўпроставым эфіры распавядала, як яе затрымліваюць міліцыянты. Лукашэнка палічыў гэты званок інсцэніроўкай, паколькі нібыта далей быў званок да маці, якому ніхто не перашкаджаў.
– Праз некалькі сэкундаў па таму ж тэлефону: мама, ты паглядзі, там вось дзіця, каб было чым накарміць ды іншае. Літаральна праз сэкунду. Ну, трэба сказаць, прыгожа зрабілі, – казаў Аляксандр Лукашэнка пра званкі Ірыны Халіп.
Вось што на гэта сказала Люцына Бяльзацкая, маці Ірыны Халіп.
– Адкуль у яе быў другі тэлефон і як яна магла пазваніць? І яшчэ: «Пакарміць дзіцёнка а палове на 12-ую» – гэта сьмешна. Хіба ён ня ведае, што ў такі час дзеці сьпяць? Не было такога званку. Быў званок ужо праз некалькі гадзінаў, з турмы на Акрэсьціна. У яе тэлефон адабралі і ёй там нехта даў тэлефон. Коратка пазваніла, што ўжо ўсё... Гэта было праз некалькі гадзінаў. І яшчэ эсэмэска была «Не вадзі Даню заўтра ў сад». Гэта ўсё.
– Мы ўсе пад сапраўдным арыштам. Я таксама адчуваю сябе як ў турме, – сказала маці Ірыны Халіп, жонкі экс-кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное