Маці і сябры абвінавачанага ў тэракце не вераць, што ен мае дачыненне да выбуху у метро

У маці абвінавачанага ў тэракце 11 красавіка апісалі маёмасьць і правялі яшчэ адзін ператрус — у вясковай хаце, дзе жылі дзядуля і бабуля зьняволенага. Сам ён ня быў у той вёсцы больш за 10 год.

Маці аднаго з двух абвінавачаных у арганізацыі выбуху ў менскім мэтро 11 красавіка распавяла, што сын цяпер на псыхіятрычнай экспэртызе. Яго шпіталізавалі на 21 дзень, і мэдыкі павінны зрабіць высновы наконт стану ягонага псыхічнага здароўя. Маці найбольш хвалюецца за фізычнае здароўе: хлопец хранічна хварэе на астму алергічнага паходжаньня. Менавіта таму ён даўно ня езьдзіў у вёску, дзе жылі яго дзядуля і бабуля. Але 14 чэрвеня туды прыехалі сьледчыя зь ператрусам, распавядае маці:

— Езьдзілі зь ператрусам на маю радзіму. Там жылі бацькі, якія памерлі 13 гадоў таму. Там хата старая. Глядзелі ў хаце, па шафах, у пуньках… Я спытала, што яны канкрэтна шукаюць. Сказалі, што нейкі дамкрат…».

Якое дачыненьне мае гэтая прылада да выбуху ў мэтро, маці ўдакладняць ня стала. Напярэдадні ў яе апісалі маёмасьць у віцебскай кватэры — супрацоўнікі міліцыі патлумачылі, што да абвінавачаных могуць быць матэрыяльныя прэтэнзіі за нанесеную шкоду. Пералік апісанай маёмасьці маці не пакінулі:

— Я кажу: маёмасьці ягонай няма. Што было — адзеньне там — дык забралі падчас другога ператрусу і без усялякага пратаколу. Суседзі нашы, што былі панятыя, таксама казалі, што няма падставаў, што гэта рэчы бацькоў… Але паглядзелі — у нас тэлевізар, другі тэлевізар, кампутар… Я нават не прачытала, што яны там апісалі. Я сказала толькі адно: «Забірайце! Бярыце! Толькі аддайце мне дзіця!».

Маці ня верыць у датычнасьць сына да выбуху ў менскім мэтро. Апрача гэтага, абодвух зьняволеных у СІЗА КДБ хлопцаў вінавацяць у арганізацыі двух выбухаў у Віцебску ў 2005 годзе, у арганізацыі выбуху 4 ліпеня 2008 году ў Менску, а таксама ў 14 злачынствах, зьдзейсьненых з 2000 па 2011 год у віцебскім раёне ДСК, дзе жылі меркаваныя «тэрарысты».

Ня вераць у гэта і сябры арыштаванага. Сяргей і Андрэй вырасьлі з абвінавачанымі ў суседніх дварах:

— 14 злачынстваў — проста трызьненьне нейкае! Гэта асабістая мая думка, няхай у іх там ужо па 10 тамоў на кожнае панапісана….

— ДСК — не такі вялікі раён, каб тут ня чулі ажно пра 14 злачынстваў. Мы думалі-думалі, бацькі нашы думалі-думалі, але ніводнага злачынства згадаць не змаглі. Ці казалі, што знайшлі сшытак з формуламі ў сутарэньні… А бабуля выйшла ды кажа: «Вы што? У нас лямпачкі там ніколі не было, а вы кажаце — лябараторыя…».

Пасьля затрыманьня сябра Сяргей вырашыў зьвязацца з журналістамі і напісаў электронны ліст у «Камсамольскую праўду». Але праз тэлефон яму загадалі не замінаць сьледзтву:

— На наступны дзень — званок. Нумар ня вызначаны. Сказаў, што ён з КДБ і што ня трэба гаварыць нікому лішніх словаў… А я прыцягнуць увагу хацеў да гэтай справы! Мне, калі выклікалі ў КДБ на допыт, таксама тэлефанаваў нявызначаны нумар. Вось у мяне пыталіся, як я магу сябра ахарактарызаваць. Як толькі я пачынаў казаць нешта добрае, сьледчы адкладаў асадку і пераставаў запісваць!

Віталь, яшчэ адзін сябар абвінавачанага, ня бачыць матыву злачынства, таму сумняецца ў справядлівасьці затрыманьня:

— Калі я ненавіджу міліцыянтаў — буду ўзрываць апорныя пункты. Калі ненавіджу палітыкаў — ну хоць пэтарду каля іхнага дома кіну. А для дэстабілізацыі ў грамадзтве, якое і так дэстабілізавана, — гэта лухта! І ўвогуле я не ўяўляю, каб ён ведаў, як трэба зьмяшаць ацэтон зь нечым там яшчэ ў нейкіх там прапорцыях… Гэта ж адукацыю трэба мець! А ў яго няма… І ў падручніку па хіміі за сёмую клясу было толькі напісана адным радком, што траціл — гэта чацьвёртая вытворная ад фэнолу. Усё!.

Днямі было абвешчана, што тэрмін сьледзтва па справе выбуху 11 красавіка працягнута на няпэўны тэрмін. Сябры мяркуюць, што час спатрэбіўся, каб людзі крыху забыліся пра выбух у штодзённых клопатах, і што сьледчым проста не стае доказаў супраць абвінавачаных.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)