Общество

«Маці 328» працягваюць галадоўку: патрабуюць сустрэчы з Качанавай, Караевым і Лукашэнкам

Трынаццаты дзень у вёсцы Востраў Пухавіцкага раёну працягваецца галадоўка пратэсту трох актывістак руху. Да іх далучылася лідэрка ініцыятывы Ларыса Жыгар, паведамляе Радыё Свабода.

Галадоўка пратэсту актывістак руху «Маці 328». 14 чэрвеня 2019 году

Тры актывісткі — Алена Кузьміна, Ала Берналь і Людміла Кулініч — пачалі галадоўку 11 чэрвеня, у розныя дні да іх далучаліся яшчэ 5 жанчын, нядаўна да іх далучылася Ларыса Жыгар, кіраўніца ініцыятывы «Маці 328». Актывісткі руху «Маці 328» дамагаюцца большай лібэралізацыі антынаркатычнага артыкулу Крымінальнага кодэксу.

Кіраўніца ініцыятывы «Маці 328» Ларыса Жыгар паведаміла Свабодзе, што галадае трэці дзень: «Вырашыла для сябе, што буду галадаць бестэрмінова, пакуль хопіць сілаў. Трэба падтрымаць галадоўніц, каб іхная барацьба не была дарэмнай. У мяне тыя ж патрабаваньні, што ў астатніх — сустрэча з Аляксандрам Лукашэнкам і перагляд справаў паводле артыкулу 328.

Але напярэдадні сваёй я галадоўкі я напісала лісты ў адміністрацыю Лукашэнкі і ў Міністэрства ўнутраных спраў. Прашу тэрміновай сустрэчы, пакуль у мяне яшчэ ёсьць сілы паехаць да іх і размаўляць».

Лідэрка руху «Маці 328» разьлічвае сустрэцца з кіраўніцай прэзыдэнцкай адміністрацыі Натальляй Качанавай, каб абмеркаваць тое, як будзе ўжывацца новы закон аб папраўках у артыкул 328.

— Нават адвакатам яшчэ незразумела, ці будуць зьмены тычыцца прысудаў, вынесеных раней. Мы прапануем стварыць камісію з прадстаўнікоў парлямэнту, судоў, пракуратуры і з нашым удзелам, каб абмеркаваць усе складаныя пытаньні. А на сустрэчу з новым міністрам унутраных спраў Юрыем Караевым разьлічваю, каб абмеркаваць практыку ўтрыманьня асуджаных паводле артыкулу 328. Тут у нас таксама шмат пытаньняў, якія з былым міністрам абмеркаваць не ўдалося, — кажа Ларыса Жыгар.

Напярэдадні галадоўкі Ларыса Жыгар размаўляла праз тэлефон з сынам, які адбывае пакараньне: «Кажа, што ў калёніі ўсе ведаюць пра новую галадоўку «Маці 328» і спадзяюцца, што прынятымі зьменамі ў артыкул дэпутаты не абмяжуюцца».

Да галадоўніц прыяжджалі лекары

Раніцай 24 чэрвеня ў вёску Востраў зноў прыяжджалі мэдыкі для агляду галадоўніц.

— Узважылі нас і замералі ціск. Людміла Кулініч страціла 9 кіло, Ала Барэль — 7, у мяне — мінус 6 кіляграмаў. Ціск ва ўсіх нізкі. Зноў прапаноўвалі шпіталізацыю, але мы адмовіліся. Пакуль яшчэ ёсьць сілы, будзем трымацца. З намі на кантакт ніхто з высокага кіраўніцтва так і не выходзіў, — сказала Свабодзе Алена Кузьміна.

Што важна ведаць пра галадоўку «Маці 328»

11 чэрвеня актывісткі руху «Маці 328», дзеці якіх адбываюць пакараньне паводле наркатычнага артыкулу, абвясьцілі галадоўку.

Удзельнікі галадоўкі патрабуюць:

Сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам;

Гуманізацыі антынаркатычнага заканадаўства;

Перагляду спраў па 328-м артыкуле;

Прыбраць з закону паняцьце «асабліва небясьпечныя наркотыкі»:

Адстаўкі старшыні Вярхоўнага суду Валянціна Сукалы;

Амністыі для непаўналетніх;

Роспуску Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага cходу.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(11)